Прэзыдэнт ЗША, які дамагаецца хуткага спыненьня вайны Расеі з Украінай, заявіў у панядзелак, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў.
«Калі мы гаворым аб дамоўленасьці, то давайце дамаўляцца, мы толькі за гэта», — заявіў сёньня ў інтэрвію Reuters Зяленскі, падкрэсьліўшы пры гэтым, што Ўкраіне трэба гарантыі бясьпекі з боку саюзьнікаў у рамках любога ўрэгуляваньня.
Украіна вылучыла ідэю адкрыць свае радовішчы карысных выкапняў для інвэстыцыяў з боку саюзьнікаў мінулай восеньню, калі яна прадставіла «плян перамогі» з мэтаю займець найбольш моцную пазыцыю для перамоваў з Масквой.
Зяленскі паведаміў, што менш за 20% карысных выкапняў Украіны, у тым ліку каля паловы рэдказямельных радовішчаў, знаходзяцца пад расейскай акупацыяй. Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што Масква можа адкрыць радовішчы, якія яна акупавала, для сваіх саюзьнікаў, заклятых ворагаў ЗША — КНДР і Ірану. «Трэба спыніць Пуціна і абараніць тое, што ёсьць — вельмі багатае Прыдняпроўе, цэнтральную Ўкраіну», — сказаў ён.
Зяленскі разгарнуў мапу на стале ў кабінэце прэзыдэнта ў Кіеве, паказваючы шматлікія радовішчы карысных выкапняў. Прыкладна палова зь іх знаходзіцца на расейскім баку цяперашніх лініяў фронту.
Ён сказаў, што Ўкраіна мае найбуйнейшыя ў Эўропе запасы тытану, неабходнага для авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці, і ўрану, які выкарыстоўваецца ў вайсковай і цывільнай ядзерных галінах. Аднак Зяленскі падкрэсьліў, што Кіеў не прапануе аддаць свае рэсурсы, а прапануе ўзаемавыгаднае партнэрства для іх сумеснай распрацоўкі:
«Больш за ўсё дапамаглі амэрыканцы, і таму амэрыканцы павінныя зарабляць больш за ўсіх. І ў іх павінен быць гэты прыярытэт, і ён будзе. Я таксама хацеў бы пагаварыць пра гэта з прэзыдэнтам Трампам».
Ён сказаў, што Расея ў дэталях ведае, дзе знаходзяцца важныя рэсурсы Ўкраіны, з геалягічных дасьледаваньняў савецкіх часоў, вывезеныя ў Маскву, калі Кіеў атрымаў незалежнасьць у 1991 годзе.
Акрамя таго, Зяленскі паведаміў, што Кіеў і Белы дом абмяркоўваюць ідэю выкарыстаньня вялізных падземных газавых сховішчаў Украіны для захоўваньня амэрыканскага звадкаванага газу. «Я ведаю, што адміністрацыя Трампа ў гэтым вельмі зацікаўленая. Мы гатовыя і жадаем мець кантракты на пастаўкі звадкаванага газу ва Ўкраіну. І, вядома, мы будзем хабам для ўсёй Эўропы», — сказаў ён.
Украінскі лідэр адзначыў, што яму неабходна асабіста сустрэцца з Трампам перад сустрэчай прэзыдэнта ЗША з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, «інакш гэта будзе выглядаць як дыялёг пра Ўкраіну без Украіны». Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 7 лютага, што «імаверна» сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім на наступным тыдні.
«Я, імаверна, сустрэнуся з прэзыдэнтам Зяленскім на наступным тыдні і, магчыма, пагавару з Пуціным», – сказаў Трамп журналістам падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Японіі Сігеру Ісіба.
На пытаньне аб месцы такой сустрэчы прэзыдэнт ЗША адказаў, што «гэта можа быць Вашынгтон — ну, я туды (у Кіеў. — РС) не паеду».
У сёньняшнім інтэрвію Reuters Зяленскі сказаў, што яго прыярытэтам будзе павышэньне патрэбы Ўкраіны ў гарантыях бясьпекі ў рамках любой угоды, каб перадухіліць чарговае ўварваньне Расеі ў будучыні.
Форум