«Беларускія сілавікі прыводзяць мігрантаў да мяжы, а часта нават удзельнічаюць у зьнішчэньні памежных умацаваньняў»
— Сёньня раніцай вы заявілі, што ў Польшчы затрымалі шпіёна, які працаваў на КДБ Беларусі. Гэта былы спэцназавец і памежнік, які цяпер на пэнсіі. Ці зьвязана гэта зь мігранцкім крызісам на польска-беларускай мяжы?
— Гэта сакрэтнае сьледзтва, таму я не магу паведаміць вам дэталі. Затрыманьне беларускага шпіёна адбылося некалькі дзён таму, гэта посьпех польскай контравыведкі і сьведчыць пра добрую працу польскіх афіцэраў Агенцтва ўнутранай бясьпекі, а таксама пра актыўнасьць беларускага боку, якая скіраваная супраць польскіх інтарэсаў. Больш я сказаць не магу.
— Польшча неаднаразова абвінавачвала Беларусь і Расею ў тым, што менавіта яны стварылі крызіс на мяжы. Якія ў вас доказы, што гэта правакацыя Менску і Масквы?
— Пра гэта сьведчыць карэляцыя фактаў. Першае — гэта выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, які сёлета некалькі разоў, і ў сакавіку, і красавіку, анансаваў пачатак мігранцкага руху. Ён намякаў, што гэта будзе форма помсты Эўразьвязу за санкцыі, за падтрымку апазыцыі. У ліпені адбыўся выбух нелегальных спробаў перайсьці польска-беларускую мяжу. У верасьні такіх спробаў было 7500. У кастрычніку іх будзе значна больш, гэта я магу сказаць ужо па першых тыднях месяца. І ва ўсёй гэтай міграцыйнай гісторыі бачныя сьляды беларускай дзяржавы.
Менавіта беларускія турыстычныя агенцтвы высылаюць запрашэньні патэнцыйным мігрантам. МЗС Беларусі дае ім візы.
Яны начуюць у беларускіх гатэлях, якія кантралююцца дзяржавай. А беларускія памежнікі ўдзельнічаюць у перавозцы гэтых людзей зь Менску або іншых буйных гарадоў на польскую мяжу. І менавіта беларускія сілавікі прыводзяць мігрантаў да мяжы, а часта нават удзельнічаюць у зьнішчэньні памежных умацаваньняў, якія Польшча нядаўна ўсталявала.
З нашага пункту гледжаньня, удзел у гэтым працэсе беларускай дзяржавы не падлягае ніякім сумневам. Адначасна можна гаварыць пра дазвол і спрыяньне расейскага боку. Пра гэта сьведчыць тое, што гэты мігранцкі рух асабліва павялічыўся падчас вучэньняў «Захад-2021». Тады акурат моцна павялічылася дамінацыя Расеі над беларускім бокам, бо расейскія жаўнеры кантралявалі тэрыторыю, дзе адбываліся вучэньні. А гэта перадумова да таго, што Лукашэнка не пайшоў бы на такі мігранцкі крызіс без дазволу Расеі. І самі мігранты таксама кажуць, што трапляюць на мяжу з Польшчай з Расеі.
«Мігранты, якія трапляюць у Беларусь, становяцца ахвярамі падману»
— Як такое ўвогуле магло адбыцца? Якім чынам улады Беларусі і Расеі змаглі запрасіць да сябе тысячы розных людзей зь іншага рэгіёну сьвету?
— Здаецца, што спачатку перад беларускімі турфірмамі паставілі задачу — кантакты зь некаторымі краінамі, на тэрыторыі якіх ёсьць шмат патэнцыйных мігрантаў, якія б хацелі трапіць у Эўразьвяз. Там адбывалася вялікая рэклямная кампанія. Ішла рэкляма ў сацыяльных сетках або іншых СМІ, папулярных у Іраку, Сырыі і краінах Блізкага Ўсходу. Арганізоўваліся авіяпералёты з Іраку, са Стамбулу. Утварыліся канкрэтныя транспартныя ланцугі, якія дазволілі перавозіць вялікую масу людзей у Беларусь. Але мы ведаем, што мігранты, якія трапляюць у Беларусь, становяцца ахвярамі падману. Ім абяцаюць, што яны лёгка пройдуць зь Беларусі ў Нямеччыну ці іншыя багатыя краіны Эўропы.
Такое немагчыма арганізаваць без удзелу беларускага дзяржаўнага апарату. Тут былі неабходныя палітычныя кантакты. А цяпер Беларусь ужо фактычна апякуецца гэтымі плынямі.
— Ці можаце вы пацьвердзіць існаваньне пераходнага лягера на беларускім баку, куды трапляюць уцекачы перад тым, як пачаць пераход мяжы з Польшчай?
— Я магу пацьвердзіць, што сапраўды існуе такі спосаб дзейнасьці беларускага боку, калі ён намагаецца новых мігрантаў зьбіраць у канкрэтных месцах, у вялікіх групах. Потым яны дзеляцца на малыя групы. Зь імі праводзяць інструктаж, дзе найпрасьцей прайсьці мяжу. Памежныя службы Польшчы ўжо шмат разоў публікавалі відэа, на якіх бачна, што ролю такіх часовых лягераў выконваюць будынкі, якія звычайна выкарыстоўваюцца беларускімі памежнікамі.
— А што вам кажуць самі мігранты?
— Яны часта гавораць, што беларускі бок іх падмануў. Яны зьдзіўленыя, што трапілі ў Польшчу. Частка зь іх была ўпэўненая, што яны лёгка пяройдуць беларуска-эўрапейскую мяжу, як яны яе называюць, і трапяць у Нямеччыну. А калі яны бачаць, як ахоўваецца польская мяжа, то адчуваюць сябе ў пастцы. Самі яны ня хочуць браць на абардаж мяжу, некаторыя кажуць, што гатовыя нават вярнуцца да сябе дадому. Але часам беларускі бок іх трохі прымушае ісьці далей на Захад. То бок яны цалкам пацьвярджаюць удзел беларускага боку ў мігранцкім крызісе.
«Гэта рэжым Лукашэнкі адказвае за лёс гэтых людзей»
— Што цяпер адбываецца каля Уснару Горнага, на польска-беларускай мяжы? Уцекачы зьявіліся там два месяцы таму і жывуць проста ў лесе. Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу CNN казаў, што ім прапанавалі вярнуцца ў Беларусь, каб перажыць зіму. Але яны нібыта адмовіліся і сказалі, што Польшча абяцае ім прытулак.
— Гэты лягер усё яшчэ існуе. Гэтыя людзі працягваюць качаваць на тэрыторыі Беларусі, я хачу гэта дакладна падкрэсьліць. Мігранты там знаходзяцца ня ў Польшчы, адказнасьць за іх ляжыць на ўладах Беларусі. Усе мігранты, якія трапляюць у Беларусь, знаходзяцца там легальна, таму гэта рэжым Лукашэнкі адказвае за лёс гэтых людзей.
Мы ведаем, што гэтая група складаецца пераважна з афганцаў, якія пакінулі Афганістан шмат месяцаў і нават гадоў таму. Спачатку яны знаходзіліся ў Расеі, а ўжо адтуль прыехалі на беларуска-польскую мяжу. На нашу думку, гэтых людзей нельга ўспрымаць як уцекачоў, так гаворыць міжнароднае права.
— Гэта ўсё яшчэ тыя самыя людзі? Ці туды давозяць новых?
— Не магу сказаць, як сытуацыя выглядае сёньня. Польскія памежнікі назіралі, як адну групу беларускія сілавікі замянілі там на іншую. Беларусы апякуюцца гэтай групай, прывозяць ім ежу, неабходныя для жыцьця ў лесе сродкі, дапамагаюць ім зараджаць тэлефоны, прывозяць цыгарэты і іншыя прадукты.
«Людзей, якім не патрэбна неадкладная мэдычная дапамога, мы вяртаем у Беларусь»
— Беларуская тэлевізія і праўрадавыя СМІ публікуюць відэа зь мяжы, на якім нібыта польскія памежнікі або салдаты выганяюць мігрантаў сілай, цкуюць на іх сабак, страляюць у паветра. Што вы на гэта адкажаце?
— Польскія памежнікі прытрымліваюцца нашых правілаў аховы мяжы. Польскія памежнікі і войска не выкарыстоўваюць ніякіх агрэсіўных сродкаў супраць мігрантаў. Але сапраўды, мы рашучыя, таму людзей, якім не патрэбна неадкладная мэдычная дапамога, у каго няма праблемаў са здароўем, мы іх вяртаем ад нашай мяжы ў Беларусь, каб яны далей былі там легальна.
Я хачу нагадаць, што Польшча не зьяўляецца краінай, куды яны хочуць трапіць. У пераважнай большасьці яны не зацікаўленыя ў тым, каб застацца ў Польшчы, і нават ня хочуць падаваць тут заявы на прытулак. Яны разумеюць, што пасьля такой заявы яны абавязаныя застацца ў Польшчы на пэрыяд усёй працэдуры, некалькі месяцаў. А ім гэта ня трэба, яны хочуць ехаць далей на Захад.
— Але некаторых вы ўсё ж пускаеце да сябе. На якой падставе адбываецца гэты падзел?
— Польшча затрымала вялікую групу мігрантаў, сярод якіх 45% зацікаўленыя падаць у нас заявы. Тады мы іх прымаем, і яны трапляюць у спэцыяльны цэнтар для іншаземцаў, дзе яны чакаюць канчатковага рашэньня. Але такіх прыкладаў меншасьць. Калі яны чуюць, што мусяць тады застацца ў нас, то прымаюць рашэньне яшчэ раз нелегальна перайсьці мяжу, каб трапіць далей на Захад.
— Нямецкая паліцыя паведаміла, што ў Нямеччыну праз Польшчу зь Беларусі трапіла ўжо 4300 уцекачоў. То бок шмат каму ўдаецца прайсьці мяжу ў абыход польскіх памежнікаў?
— Мне складана назваць нейкія лічбы. Мы ацэньваем шчыльнасьць і эфэктыўнасьць польскай мяжы як высокую, на 90% зь нечым. Польскі міграцыйны шлях вядзе таксама праз шлях зь Літвы. То бок з Польшчы ў Нямеччыну могуць трапляць і мігранты, якія пераходзяць мяжу зь Літвой ці Латвіяй.
— Хто тыя людзі, якія дапамагаюць мігрантам з Польшчы трапляць у Нямеччыну? Гэта грамадзяне розных краінаў. Учора падчас уцёкаў кантрабандыстаў у Беластоку адна асоба нават загінула. Хто імі кіруе?
— Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра арганізаваныя перавозкі. Тыя, хто прабіваецца празь мяжу, атрымлівае інструкцыю, дзе шукаць такіх перавозчыкаў. Але іх затрымлівае паліцыя і памежная служба. Усё часьцей мы сустракаемся з тым, што кантакт мігрантаў зь перавозчыкамі адбываецца як мага далей ад мяжы. Але паводле інфармацыі, якую я маю, злачынныя групы, якія займаюцца зусім іншай дзейнасьцю, пачынаюць цікавіцца гэтым шляхам міграцыі з Польшчы ў Нямеччыну. Але ім пакуль моцна замінае надзвычайнае становішча на памежнай тэрыторыі. Бо такіх людзей значна прасьцей выявіць, бо існуе абмежаваньне на знаходжаньне каля мяжы.
«Лукашэнка хоча прымусіць прызнаць сябе легітымным кіраўніком Беларусі»
— Ці разглядае польскі бок магчымасьць перамоваў зь беларускім бокам? Лукашэнка публічна заяўляў, што ён гатовы сесьці за стол перамоваў.
— Мне здаецца, што ўмовы, якія выставіў Лукашэнка, вядомыя. З нашага пункту гледжаньня, ён намагаецца дэстабілізаваць Эўразьвяз, каб прымусіць адмовіцца ад санкцый супраць рэжыму. Таксама Лукашэнка хоча прымусіць прызнаць сябе легітымным кіраўніком Беларусі. Думаю, што ў гэты момант сур’ёзныя палітычныя перамовы немагчымыя. Хоць на нейкім працоўным узроўні мы не выключаем кантактаў зь Беларусьсю.
— Калі на польска-беларускай мяжы ўзьнікне анансаваны Варшавай мур і як ён будзе выглядаць?
— Акурат сёньня ў Сэйме адбываецца праўная дыскусія наконт гэтай інвэстыцыі. Што тычыцца канкрэтыкі, то мы паведамім пра гэта цягам бліжэйшых дзён. Пакуль мы аналізуем розныя мэханізмы, шукаем самыя сучасныя вырашэньні. Але гэтая ахова значна лепш абароніць нашую мяжу, яна будзе абсталяваная самымі сучаснымі датчыкамі, электронікай, што дазволіць нам лепш сачыць за рухам на мяжы.
— Учора польскія СМІ цытавалі вашыя словы, што ўжо вельмі хутка Польшча спыніць паток мігрантаў зь Беларусі. Якім чынам вы хочаце гэтага дамагчыся?
— Магчыма, мае словы памылкова інтэрпрэтавалі. Мы, польскі ўрад, разьлічваем, што нашая цьвёрдая пазыцыя наконт аховы мяжы прынясе эфэкт у выглядзе ціску на рэжым у Беларусі.
Мы хочам стварыць такую сытуацыю, каб Беларусь сама пачала захлынацца ад мігрантаў, якіх яна высылае нам. Мы разьлічваем, што гэта прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад свайго рашэньня. Але ня думаю, што гэта станецца хутка. Мяркую, што праблемы, зьвязаныя зь міграцыяй, застануцца яшчэ бліжэйшыя месяцы.