Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завялі крымінальную справу па фактах катаваньняў і згвалтаваньняў вязьняў


Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу аб гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару над зьняволенымі ў Саратаве. Адзначаецца, што тым, хто мае дачыненьне да злачынства, пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Напярэдадні кадры са згвалтаваньнямі, зробленыя на відэарэгістратары супрацоўнікаў Фэдэральнай службы выкананьня прысудаў (ФСВП), апублікаваў праваабарончы праект Gulagu.net. Пасьля гэтага цэнтральны апарат ведамства накіраваў сваіх упаўнаважаных з праверкай у адно зь месцаў, дзе, як мяркуецца, адбываўся гвалт, а менавіта ў турэмны шпіталь № 1 Саратаўскага ўпраўленьня ФСВП.

У аўторак некалькі СМІ паведамілі таксама, што начальнік упраўленьня ФСВП па Саратаўскай вобласьці, палкоўнік унутранай службы Аляксей Фядотаў падаў прашэньне аб адстаўцы. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Раней заснавальнік праваабарончага праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін заявіў, што яму ўдалося атрымаць і вывезьці з Расеі «сакрэтны» відэаархіў спэцслужбаў з запісамі жорсткіх катаваньняў асуджаных, якія ўтрымліваюцца ў калёніях абласных упраўленьняў ФСВП — Саратаўскага, Уладзімірскага і Іркуцкага. Гаворка ідзе пра больш як 40 гігабайтаў відэа. Паводле Асечкіна, яны «даказваюць, што ў расейскіх турмах дзейнічаюць „зондэркаманды“ агентаў ФСБ і ФСВП, якія па заданьні куратараў катуюць і гвалцяць зьняволеных». Акрамя таго, ахвяр з дапамогай зьнятага відэакампрамату вэрбуюць для далейшага ўдзелу ў «катавальным канвэеры», працы ў якасьці «стукачоў» і падпісаньня загадзя падрыхтаваных сьледчымі паказаньняў.

Усяго, як сьцьвярджае заснавальнік Gulagu.net, праз катаваньні і згвалтаваньні прайшлі больш за 200 чалавек, але на відэа запісвалі зьдзекі толькі з 40 зь іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG