Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі паведаміў раней сёньня, што вярнуўся ў краіну. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Супраць Саакашвілі на радзіме вынесеныя прысуды па крымінальных справах.
Паводле слоў прэм'ера, Саакашвілі ўжо перавезены ў пэнітэнцыярную установу.
«У нашых праваахоўных структураў загадзя была інфармацыя пра яго перамяшчэньні — ад Украіны да Грузіі», — сказаў прэм’ер.
- Саакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе, адразу пасьля гэтага супраць яго распачалі чатыры крымінальныя справы. Ён у вышуку, яму вынесьлі шэраг прысудаў — праз абвінавачаньні ў арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году, у супрацьпраўным уварваньні ў будынак тэлеканалу «Імэды» і незаконным прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, а таксама ў арганізацыі нападу на дэпутата Валеры Гелашвілі ў 2005 годзе, перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргуліяні і растраце дзяржаўных сродкаў у 2009–2012 гадах.
- У 2018 годзе палітык па частцы гэтых спраў быў завочна асуджаны на тры гады турмы. Пазьней у 2018 годзе Генэральная пракуратура Грузіі таксама абвінаваціла Саакашвілі ў датычнасьці да забойства Патаркацышвілі.
- У 2015 годзе былы прэзыдэнт Грузіі атрымаў украінскае грамадзянства па ўказе папярэдняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які прызначыў яго кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Аднак праз два гады адносіны Парашэнкі і Саакашвілі разладзіліся, і ўкраінскі прэзыдэнт прыпыніў дзеяньне ўказу аб наданьні палітыку грамадзянства. Тады ж Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году. Украінскае грамадзянства палітыку вярнуў толькі Ўладзімір Зяленскі, пасьля таго як выйграў выбары прэзыдэнта.
- 7 траўня сёлета прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам прызначыў Саакашвілі кіраўніком Выканаўчага камітэту рэформаў. Аднак на гэтай пасадзе Саакашвілі адпрацаваў менш за паўгода.