ЦАХАЛ адзначае, што вызваленыя закладнікі ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Ізраіля і накіроўваюцца ў пункт першаснага прыёму на поўдні краіны, дзе яны сустрэнуцца са сваімі сем’ямі і пройдуць мэдыцынскае абсьледаваньне. Перад тым як перадаць вызваленых закладнікаў Чырвонаму Крыжу чальцы ХАМАС вывелі іх на сцэну. На фатаздымках мужчыны, якія знаходзіліся ў палоне 491 дзень, выглядаюць моцна схуднелымі.
«Шакуючыя кадры, якія мы ўбачылі сёньня, не застануцца без адказу», — заявіў прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу.
У абмен на вызваленых закладнікаў Ізраіль павінен вызваліць 183 палестынскіх зьняволеных, 18 зь іх былі асуджаныя да пажыцьцёвага тэрміну. Сем вызваленых вязьняў дэпартуюць адразу пасьля выхаду з турмы.
Гэта пяты абмен з моманту пачатку дзеяньня пагадненьня аб часовым спыненьні агню ў сэктары Газа 17 студзеня.
Элі Шарабі і Ахад Бэн-Амі былі выкрадзеныя з кібуца Беэры падчас нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году. Баевікі забілі ў той жа дзень жонку Шарабі Ліяну і іх дачок: 13-гадовую Ною і 16-гадовую Яэль. Дзяўчынкам было 13 і 16 гадоў. Элі захапілі разам зь яго малодшым братам Йосі, якога, паводле ЦАХАЛ, забілі ў палоне, яго цела знаходзіцца ў ХАМАС. Ахад Бэн-Амі быў выкрадзены разам з жонкай Раз. 29 лістапада яе вызвалілі падчас першай угоды па вызваленьні закладнікаў.
Ор Леві ўзялі ў закладнікі на музычным фэсьце Nova, куды ён паехаў разам з жонкай Эйнаў. Яе забілі ў дзень нападу ХАМАС на вачах Ора.
- Вайна Ізраіля і ХАМАС пачалася 7 кастрычніка 2023 году з масіраваных ракетных удараў узброеных груповак ХАМАС і «Ісламскі джыхад» (прызнаны тэрарыстычнымі арганізацыямі ў ЗША і ЭЗ) з сэктару Газа, заходу баевікоў на тэрыторыю краіны і захопу закладнікаў. У адказ Ізраіль пачаў наносіць масіраваныя авіяўдары па сэктары Газа, а позна ўвечары 27 кастрычніка зайшоў буйнымі сіламі на тэрыторыю паўночнай часткі сэктара.
- У выніку вайны ў Ізраілі з 7 кастрычніка загінулі 1200 чалавек, каля 800 зь якіх — вайскоўцы. Больш за 240 чалавек былі захопленыя баевікамі ХАМАС у якасьці закладнікаў. У палоне цяпер застаюцца каля 100 чалавек. Некаторыя зь іх ізраільскія ўлады завочна абвясьцілі памерлымі. У сэктары Газа, паводле зьвестак палестынскага боку, загінулі каля 47 тысяч чалавек. ААН, Human Rights Watch, СААЗ, ізраільская праваабарончая арганізацыя «Бэцэлем» і іншыя лічаць гэтыя зьвесткі, збольшага сапраўднымі, аднак улады Ізраіля і некаторыя амэрыканскія арганізацыі — Вашынгтонскі інстытут блізкаўсходняй палітыкі, Фонд абароны дэмакратыяў і Амэрыканскі інстытут прадпрымальніцтва — аспрэчваюць іх дакладнасьць.
Форум