На вакзале ў Вільні яе сустрэлі муж Андрэй Шарэнда, сын і неабыякавыя беларусы. Паліна Шарэнда-Панасюк сустрэла прысутных воклічам «Жыве Беларусь!». Яе сустрэлі воклічамі і кветкамі.
Паліна падзякавала ўсім і са сьлязьмі на вачах сказала: «Я вельмі доўга ўяўляла ўсе гэтыя гады, што была за кратамі, гэты момант».
Паліна Шарэнда-Панасюк расказала журналістам пра жахлівыя ўмовы ўтрыманьня за кратамі.
«Нас бесьперапынна трымалі ў гэтых умовах катаваньня. Бесьперапынна, з восені 2021 году, калі нас першы раз кінулі ў ШЫЗА і ПКТ», — сказала яна.
Былая палітзьняволеная ахарактарызавала штрафны ізалятар калёніі як склеп з катавальнымі ўмовамі. Паводле яе, за ўвесь 2023 год яна была на вуліцы толькі восем дзён, увесь астатні час яна знаходзілася ў ПКТ і ШЫЗА.
Таксама яна паведаміла пра кепскі стан здароўя палітзьняволенай Вікторыі Кульшы. Паліна Шарэнда-Панасюк мяркуе, што ў яе маглі адмовіць ныркі.
Паводле Шарэнды-Панасюк, Кульша некалькі разоў трымала галадоўкі па месяцы, адмаўлялася ад вады, а таксама ўскрывала сабе вены. Былая палітзьняволеная расказала, што Кульшу часта кідаюць у ШЫЗА і ПКТ, яна амаль не выходзіць на сьвежае паветра.
Яна папрасіла не забывацца на палітвязьняў, якія застаюцца ў няволі.
«Мы мусім памятаць аб тых людзях, якія засталіся ў гэтай жывадзёрні, як я называю ПК-24. Гэта самая сапраўдная жывадзёрня. Там засталася Вольга Маёрава, засталася Алена Гнаўк, там засталася Вікторыя Кульша. Сытуацыя ў гэтых людзей вельмі катастрафічная. Яны ўсе ў ШЫЗА і ПКТ», — расказала Паліна.
Паліна Шарэнда-Панасюк адзначыла, што пасьля чатырох гадоў зьняволеньня «думала, што ўжо ня выйдзе», і дадала:
«Нічога ня скончылася. Скончыцца, калі ўсе выйдуць», — сказала яна.
- Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году, з таго часу яна знаходзілася за кратамі.
- У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў Шарэнду-Панасюк да 2 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза Лукашэнкі) КК. Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суду: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».
- У красавіку 2022 году палітзьняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго году зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкула.
- За час зьняволеньня ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, зьявіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакалі муж Андрэй Шарэнда і двое сыноў — Славамір і Стах.
- 1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю.
- Раніцай 6 лютага стала вядома, што Паліну Шарэнду-Панасюк вывезьлі зь Беларусі пры дапамозе кампаніі эвакуацыі BySol і партнэраў.
Форум