Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы менш чым за содні сабралі грошы на дапамогу былой палітзьняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк


Паліна Шарэнда-Панасюк на вакзале ў Вільні, 8 лютага 2025 году
Паліна Шарэнда-Панасюк на вакзале ў Вільні, 8 лютага 2025 году

Менш чым за содні сабралі 5 тысяч эўра для былой палітзьняволенай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк, якая 1 лютага выйшла на волю і 6 лютага выехала зь Беларусі.

Да раніцы 8 лютага сума збору, абвешчанага фондам салідарнасьці BySol напярэдадні ўвечары, перавысіла запытаныя 5 тысяч эўра і на момант публікацыі перавышае 6 тысяч эўра. Збор можа працягвацца яшчэ 59 дзён альбо будзе спынены цягам гэтага пэрыяду па жаданьні ініцыятараў.

Каманда фонду адзначыла, што Паліне Шарэндзе-Панасюк «патрэбная падтрымка для аднаўленьня — як фізычнага, так і эмацыйнага», збор адкрылі на просьбу яе сям’і.

  • Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году, з таго часу яна знаходзілася за кратамі.
  • У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў Шарэнду-Панасюк да 2 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта») КК. Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суду: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».
  • У красавіку 2022 году палітзьняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго году зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкула.
  • За час зьняволеньня ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, зьявіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакалі муж Андрэй Шарэнда і двое сыноў — Славамір і Стах.
  • 1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю.
  • Раніцай 6 лютага стала вядома, што Паліну Шарэнду-Панасюк вывезьлі зь Беларусі пры дапамозе кампаніі эвакуацыі BySol і партнэраў. Увечары муж з сынам і неабыякавыя беларусы кветкамі і аплядысмэнтамі сустрэлі яе на вакзале ў Вільні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG