Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод зьвестак, якія ўцяклі з бота «Беларускага гаюна», былі ўнікальныя ID карыстальнікаў Тэлеграм


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярод зьвестак, якія ўцяклі з бота «Беларускага гаюна», былі ўнікальныя ID карыстальнікаў Тэлеграм. Стваральнік праекту Антон Матолька пацьвердзіў гэтую інфармацыю «Медиазоне».

Унікальны ID прысвойваецца карыстальніку пры стварэньні акаўнту. Па гэтым нумары можна даведацца сьпіс адкрытых чатаў, у якіх удзельнічае карыстальнік, гісторыю перайменаваньня акаўнту і тэлефонны нумар, калі ён ня быў схаваны ў наладах.

Як раней тлумачыць экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалаем Кванталіяні, пры зьмене нумара тэлефона і імя карыстальніка Тэлеграм-ID не мяняецца. Найперш пад пагрозай апынуліся тыя карыстальнікі, якія ня дбалі пра ананімнасьць сваіх Telegram-акаўнтаў. Уладальнікам ананімных акаўнтаў, якія дасылалі інфармацыю ў бот, экспэрт раіць выдаліць свой уліковы запіс у Тэлеграме — гэта зьменшыць верагоднасьць, што яго змогуць выявіць сілавікі.

5 лютага стваральнік канала «Беларускі Гаюн» Антон Матолька паведаміў пра ўзлом бота і папярэдзіў грамадзян, якія адсылалі інфармацыю ці пісалі з акаўнтаў, што могуць іх ідэнтыфікаваць, пра пагрозу іхнай бясьпецы. Паводле блогера, уваход у чат з ботам адбыўся па старой спасылцы, створанай 2 сакавіка 2022 году, калі ў наладах чату не была ўключаная функцыя «схаваць паведамленьні для новых карыстальнікаў». Ён адзначыў, што «спрацавала чалавечая памылка» і гэтая памылка была ягоная, і дадаў, што цяпер крытычныя ўразьлівасьці выпраўленыя.

Фонд салідарнасьці BySol заклікаў зьвяртацца на гарачую лінію фонду тых, чыю бясьпеку мог закрануць узлом чату «Гаюна».

7 лютага зьявілася інфармацыя пра першае затрыманьне інфарматараў «Беларускага Гаюна»: праўладныя тэлеграм-каналы заявілі, што быў затрыманы 42-гадовы Максім Нікіценка, які ў апошнія гады працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

У той жа дзень, 7 лютага, маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў аб спыненьні працы, не называючы прычын гэтага.

  • «Беларускі Гаюн» — незалежны маніторынгавы праект, які адсочвае вайсковую актыўнасьць на тэрыторыі Беларусі. Ён атрымаў вядомасьць дзякуючы апэратыўным і дакладным зьвесткам пра перамяшчэньні расейскіх і беларускіх войскаў. Адна з ключавых асаблівасьцяў праекту — актыўны ўдзел грамадзян унутры Беларусі. Беларусы, знаходзячыся ў розных частках краіны, перадавалі інфармацыю пра вайсковую тэхніку, авіяпералёты, чыгуначныя перавозкі і іншыя перамяшчэньні арміі. Гэта дазваляла праекту хутка зьбіраць і аналізаваць дадзеныя, робячы іх даступнымі для грамадзкасьці, журналістаў і аналітыкаў. Раней беларускія ўлады прызналі тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» экстрэмісцкім фармаваньнем. На цяперашні момант у канале каля 335,9 тысяч падпісчыкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG