Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС «Бацькаўшчына»


24 верасьня судзьдзя Вярхоўнага суду Рыма Філіпчык прыняла рашэньне задаволіць пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

Пра гэта паведаміла ЗБС у фэйсбуку.

Улетку Міністэрства юстыцыі назвало прычынай падачы пазову перанос чарговага VIII зьезду з 2021 на 2022 год. Пазьней жа Сьледчы камітэт заявіў, што «Бацькаўшчына» заклікала да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі (арт. 361 КК).

Міністэрства юстыцыі выставіла і іншыя прэтэнзіі: своечасова не пададзены дадатковыя дакумэнты, хоць у офісе «Бацькаўшчыны» адбыўся ператрус і памяшканьне апячаталі.

14 ліпеня ў офісе «Бацькаўшчыны» адбыўся ператрус. З кіраўніц ЗБС Алены Макоўскай і старшыні Рады Ніны Шыдлоўскай узялі падпіску аб невыдаваньні. 19 ліпеня стала вядома, што яны выехалі зь Беларусі.

10 верасьня 1990 году адбылася Ўстаноўчая канфэрэнцыя дзеля арганізацыі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Мэта — кансалідаваць беларусаў у краіне і за яе межамі. У 1992 годзе быў створаны Арганізацыйны камітэт падрыхтоўкі сусьветнага беларускага зьезду. Сустаршынямі Камітэту былі абраныя прэзыдэнт ЗБС Васіль Быкаў і, ад дзяржавы, — тагачасны міністар замежных спраў Пятро Краўчанка.

Першы зьезд «Бацькаўшчыны» праходзіў 8–10 ліпеня ў Нацыянальным вялікім тэатры опэры і балету. На ім прысутнічалі каля 486 замежных дэлегатаў з 22 краін сьвету, 510 дэлегатаў зь Беларусі, 200 гасьцей. У прэзыдыюме — старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч, зьезд адкрыў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. З асноўным дакладам «Беларуская ідэя і пабудова беларускай дзяржаўнасьці» выступіў акадэмік Радзім Гарэцкі.

Ад той пары зьезды адбываліся раз на чатыры гады. Асноўнай тэмай другога зьезду былі «Праблемы захаваньня беларускай прысутнасьці ў сьвеце», трэцяга зьезду — «Беларусь і беларусы на мяжы тысячагодзьдзяў».

«Бацькаўшчына» зьбірае беларусаў замежжа на зьезд у Менску.
Апошні, VII зьезд адбыўся ў 2017 годзе ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры, галоўная тэма — «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасьць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасьці і стратэгія разьвіцьця». На зьезьдзе выступаў і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

Менавіта дзякуючы Згуртаваньню ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG