«9 жніўня рашэньнем Вярхоўнага суду ліквідаваны Беларускі ПЭН-цэнтар — аўтарытэтная арганізацыя, якая многія гады аб’ядноўвала пісьменьнікаў і дзеячаў культуры, абараняла іх правы. Дзяржаўныя органы адшукалі фармальныя падставы, каб ліквідаваць аб’яднаньне, якое тры дзесяцігодзьдзі плённа працавала для беларускай культуры і літаратуры», — адзначаецца ў заяве сакратарыяту СБП.
Пісьменьніцкая арганізацыя пратэстуе супраць ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру, жорсткага парушэньня правоў і свабодаў ня толькі літаратараў, а ўсіх грамадзянаў Беларусі.
«Беларускі ПЭН-цэнтар, заснаваны Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Карласам Шэрманам, Сьвятланай Алексіевіч, якая цяпер узначальвае яго, заўжды вызнаваў прынцыпы свабоды слова і свабоды волевыяўленьня. Таму, ліквідуючы арганізацыю, Вярхоўны суд пацьвердзіў: гэтым канстытуцыйным правам і свабодам няма месца ў пісьменьніцкім асяродзьдзі».
На 11 жніўня прызначылі ліквідацыйнае пасяджэньне Вярхоўнага суду для Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў таксама знаходзіцца пад пагрозай ліквідацыі пасьля ператрусу і блякаваньня рахунку Сьледчым камітэтам, а таксама двух папярэджаньняў ад Міністэрства юстыцыі за «несвоечасовую падачу запатрабаваных дакумэнтаў», якія падаць немагчыма, бо памяшканьне офісу апячаталі.
«Выкараняючы любыя праявы іншадумства, ліквідуючы недзяржаўныя арганізацыі, блякуючы сайты, зьнявольваючы сотні журналістаў, пісьменьнікаў, блогераў, музыкаў, актораў — усіх, хто адважыўся сказаць хоць слова насуперак, дзяржаўныя органы сьцвярджаюць, што яны кіруюцца законам. Аднак гісторыя чалавецтва ня раз праходзіла такія этапы, калі пад выглядам закону чынілася беззаконьне», — адзначаецца ў заяве Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.