Міністэрства юстыцыі выставіла і іншыя прэтэнзіі: своечасова не прадстаўлены дадатковыя дакумэнты, хоць 14 ліпеня ў офісе «Бацькаўшчыны» адбыўся ператрус і памяшканьне апячаталі. Такім чынам, справа ідзе да ліквідацыі «Бацькаўшчыны», перакананае яе кіраўніцтва.
«Мы павінны былі правесьці зьезд аб пераносе зьезду»
Што тычыцца першай прэтэнзіі — пераносу зьезду, то за яго перанос прагаласавала Вялікая Рада «Бацькаўшчыны». І кіраўніцтва Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня (МГА) «Згуртаваньне беларусаў сьвету» кансультавалася зь Мін’юстам, як не парушыць заканадаўства і статут арганізацыі, — засяроджвае ўвагу старшыня Рады ЗБС Ніна Шыдлоўская.
«Ужо ўзімку было відавочна, што з прычыны пандэміі шматлюднае мерапрыемства будзе немагчыма правесьці. Мы патэлефанавалі ў Мінʼюст, атрымалі дакладныя тлумачэньні, што кіруючы орган паміж зьездамі мае права прыняць рашэньне аб пераносе тэрміну.
То бок, паводле статуту склікаць і пераносіць зьезд можа Вялікая Рада. Яна і выказалася за перанос зьезду на 2022 год. Адпаведны пратакол быў накіраваны ў Мінʼюст. Гэта быў чэрвень. А ў жніўні — праз паўтара месяца — выявілася, што мы зьдзейсьнілі парушэньне. Наколькі вынікае з пазову Мінʼюста, каб перанесьці зьезд беларусаў сьвету, мы павінны былі правесьці зьезд аб пераносе зьезду!» — кажа Ніна Шыдлоўская.
«Цягам тыдня мусілі абляцець палову зямной кулі, каб сабраць подпісы»
15 ліпеня Міністэрства юстыцыі прызнала нелегітымнымі кіраўнічы і кантрольна-рэвізійны органы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», а 27 ліпеня выключыла інфармацыю пра кіраўніцтва арганізацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
25 жніўня прадстаўнікоў «Бацькаўшчыны» запрашаюць на размову, якая папярэднічае судоваму разбору.
Кіраўніца ЗБС Алена Макоўская перакананая, што прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі — фармальныя, а ў пэўнай частцы і абсурдныя. А Мінʼюст выступае проста як інструмэнт для закрыцьця арганізацый.
«„Бацькаўшчына“ 6 ліпеня атрымала ад Міністэрства юстыцыі запыт на прадстаўленьне дакумэнтаў па 34 пунктах, мы мусілі прадставіць іх да 13 чысла, але ўжо 8 ліпеня атрымалі першае папярэджаньне. Прычым гэтае „парушэньне“ Мінʼюст знайшоў у пакеце дакумэнтаў, прадстаўленых яшчэ ў лютым. То бок 4 месяцы ўсё было правільна, і раптам здарылася адкрыцьцё: „Бацькаўшчына“ ня вывесіла на сайт фінансавую справаздачу за мінулы год. Хоць паводле заканадаўства гэты дакумэнт мусіў быць альбо прадстаўлены ў Мінʼюст, альбо вывешаны на сайце. Аказваецца, у лісьце да пакета дакумэнтаў мы не напісалі „просім зьмясьціць справаздачу на сайце Мінʼюсту“», — кажа Алена Макоўская.
У другой прэтэнзіі, якую Мін’юст сфармуляваў пасьля пазаплянавай праверкі, было некалькі пунктаў, у тым ліку — што неабходна прадставіць сьпісы сяброў арганізацыі зь іх прыватнымі дадзенымі і асабістымі подпісамі.
«Відаць, цягам тыдня мы павінны былі абляцець палову зямной кулі, каб сабраць подпісы пад сьпісамі! Да таго ж, заканадаўства Беларусі патрабуе прадстаўляць асабістыя дадзеныя толькі сябраў кіруючых структур, што і было зроблена, а ня ўсіх сяброў арганізацыі. Аднак мы ня маем права бяз згоды кожнага сябра разгалошваць іх асабістыя дадзеныя — паводле беларускага ж заканадаўства», — працягвае Алена Макоўская.
«Ці можна нейкім цудам трапіць у апячатанае памяшканьне»
Былі заўвагі і па юрыдычным адрасе — адно і тое ж памяшканьне па-рознаму зафіксавана ў розных сыстэмах дзяржаўнага ўліку: у ЖЭСе і на Белпошце.
Да таго ж 14 ліпеня Сьледчы камітэт правёў вобшук і апячатаў памяшканьне офісу «Бацькаўшчыны», пра што кіраўніцтва праінфармавала Мінʼюст: маўляў, нават пры жаданьні яно ня можа прадставіць дадатковыя дакумэнты, каб выправіць выстаўленыя прэтэнзіі, бо ня мае доступу да офісу.
«Падобна, што Мінʼюстам такія абставіны ў разьлік не бяруцца. Бо ў пазове, які Мінʼюст накіраваў у Вярхоўны суд, гаворыцца, што хоць ведамства атрымала наш адказ у вызначаныя заканадаўствам тэрміны, парушэньні не былі выпраўленыя. Відаць, мы мусілі трапіць нейкім цудам у апячатанае памяшканьне! А наш зварот да міністэрства з просьбай зьвярнуцца наўпрост у Сьледчы камітэт, каб атрымаць патрэбныя дакумэнты, Мінʼюст праігнараваў», — тлумачыць Алена Макоўская.
20 жніўня арганізацыя атрымала адказ ад Сьледчага камітэту, зь якога вынікае, што ў дачыненьні да Згуртаваньня распачата справа «па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэксу»: «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Пакуль ніякіх падрабязнасьцяў і канкрэтыкі няма, ЗБС «Бацькаўшчына» рыхтуецца да гутаркі ў Міністэрстве юстыцыі, кансультуецца з адвакатамі.
10 верасьня 1990 году адбылася Ўстаноўчая канфэрэнцыя дзеля арганізацыі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Мэта — кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі. У 1992 годзе быў створаны Арганізацыйны камітэт дзеля падрыхтоўкі сусьветнага беларускага зьезду. Сустаршынямі Камітэту былі абраныя прэзыдэнт ЗБС Васіль Быкаў і, ад дзяржавы, — тагачасны міністар замежных спраў Пётар Краўчанка.
Першы зьезд «Бацькаўшчыны» праходзіў 8–10 ліпеня ў Нацыянальным вялікім тэатры опэры і балету. На ім прысутнічалі каля 486 замежных дэлегатаў з 22 краін сьвету, 510 дэлегатаў зь Беларусі, 200 гасьцей. У прэзыдыюме — старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч, зьезд адкрыў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. З асноўным дакладам «Беларуская ідэя і пабудова беларускай дзяржаўнасьці» выступіў акадэмік Радзім Гарэцкі.
Ад той пары зьезды адбываліся адзін раз на чатыры гады. Асноўнай тэмай другога зьезду былі «Праблемы захаваньня беларускай прысутнасьці ў сьвеце», трэцяга зьезду — «Беларусь і беларусы на мяжы тысячагодзьдзяў».
Апошні, VII зьезд адбыўся ў 2017 годзе ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры, галоўная тэма — «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасьць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасьці і стратэгія разьвіцьця». На зьезьдзе выступаў і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
Менавіта дзякуючы Згуртаваньню ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа».