Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг папярэдзіў, што стварэньне ў Эўропе арміі, незалежнай ад ЗША, падзеліць саюзьнікаў.
«Я вітаю далейшыя намаганьні Эўропы ў галіне абароны, але яны ніколі не заменяць NATO. Мы павінны гарантаваць аб’яднаньне Эўропы і Паўночнай Амэрыкі», — сказаў ён у інтэрвію The Telegraph, інфармуе BNS.
Столтэнберг падкрэсьліў, што «любая спроба аслабіць сувязь паміж Паўночнай Амэрыкай і Эўропай будзе кепскай ня толькі для NATO, але і падзеліць Эўропу».
Напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў і абароны Эўразьвязу ў Любляне кіраўнік дыпляматыі уніі Жазэф Бурэль заявіў, што падзеі ў Афганістане падкрэсьлілі неабходнасьць Эўропы ствараць уласны вайсковы патэнцыял незалежна ад ЗША.
Кіраўнік NATO адзначыў, што «ўся міжнародная супольнасьць, уключаючы Расею і Кітай, павінна працаваць над тым, каб Афганістан ня стаў месцам, дзе тэрарыстычныя групоўкі могуць свабодна дзейнічаць і рыхтаваць, арганізоўваць, плянаваць і фінансаваць напады супраць нашых краін».