Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць у Афганістане цяпер, калі амэрыканскія войскі пакінулі краіну. 4 пытаньні і адказы


Прадстаўнікі Талібану ў кабіне самалёта пасьля вываду войскаў ЗША
Прадстаўнікі Талібану ў кабіне самалёта пасьля вываду войскаў ЗША

Упершыню ад 2001 году ў Афганістане няма амэрыканскіх войскаў — пасьля таго, як Злучаныя Штаты завяршылі эвакуацыю большасьці сваіх грамадзян і тысяч афганцаў, якія знаходзяцца ў групе рызыкі.

Больш як 114 000 чалавек былі вывезеныя самалётамі з аэрапорта Кабулу за апошнія два тыдні ў выніку эвакуацыйнай апэрацыі пад кіраўніцтвам ЗША.

Але спыненьне вайсковай прысутнасьці ЗША ў Афганістане ўздымае новы набор пытаньняў для Байдэна і яго адміністрацыі.

Што будзе з амэрыканцамі і афганцамі з групы рызыкі, якія засталіся ў Афганістане

Злучаныя Штаты эвакуавалі ад 14 жніўня больш як 5 500 грамадзян ЗША. Аднак невялікая колькасьць амэрыканскіх грамадзян вырашыла і далей заставацца ў Афганістане, многія зь іх хочуць застацца са сваімі сем’ямі.

Адміністрацыя Байдэна чакае, што Талібан дазволіць бясьпечнае перамяшчэньне амэрыканцам і іншым асобам, якія пакідаюць Афганістан пасьля завяршэньня вываду амерыканскіх войскаў. Але ёсьць асьцярогі з нагоды таго, як гэтыя грамадзяне змогуць зьехаць, калі ня будзе дзейнага аэрапорта.

Дзясяткі тысяч афганцаў з групы рызыкі, такія як перакладчыкі, што працавалі з амэрыканскімі вайскоўцамі, журналісты і абаронцы правоў жанчын, таксама засталіся нявывезенымі. Незразумела, які лёс іх чакае, але афіцыйныя асобы занепакоеныя тым, што «Талібан» можа пачаць помсьціць.

Паводле сумеснай заявы, апублікаванай у нядзелю Вялікай Брытаніяй, ЗША і іншымі краінамі, талібы паабяцалі дазволіць усім іншаземцам і афганскім грамадзянам, якія маюць дазвол на выезд, пакінуць Афганістан.

Што будзе з кабульскім аэрапортам пасьля адыходу сіл ЗША

На працягу апошніх двух тыдняў амаль 6000 амэрыканскіх вайскоўцаў ахоўвалі і забясьпечвалі працу кабульскага міжнароднага аэрапорта імя Хаміда Карзая.

Талібан вядзе перамовы з урадамі некаторых дзяржаваў, такіх як Катар і Турэччына, з просьбай дапамагчы ў забесьпячэньні палётаў цывільных самалётаў з Кабулу, што зьяўляецца адзіным спосабам для многіх пакінуць Афганістан.

Міністар замежных спраў Турэччыны Мэўлют Чавушаглу заявіў, што ў аэрапорце неабходна правесьці рамонт, перш чым ён будзе адкрыты для цывільных рэйсаў.

Турэччына, якая ўваходзіць у склад місіі NATO, апошнія 6 гадоў адказвала за бясьпеку ў аэрапорце. Захаваньне функцыяў аэрапорта пасьля перадачы кантролю замежнымі войскамі жыцьцёва важнае ня толькі для Афганістану, каб заставацца на сувязі са сьветам, але і для забесьпячэньня паставак гуманітарнай дапамогі і для выкананьня палётаў.

Якая будучыня адносінаў ЗША і Талібану

Злучаныя Штаты заявілі, што не плянуюць пакідаць дыпляматаў у Афганістане і будуць вырашаць, што рабіць у будучыні, у залежнасьці ад дзеяньняў талібаў.

Але адміністрацыі Байдэна давядзецца вызначаць, як яна можа прадухіліць гуманітарны і эканамічны крызіс у краіне.

Паводле дадзеных ААН, больш як 18 мільёнаў чалавек — а гэта звыш паловы насельніцтва Афганістану — маюць патрэбу ў дапамозе, а палова ўсіх афганскіх дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў ужо цярпяць ад вострага недаяданьня падчас другой засухі за чатыры гады.

Некаторыя краіны, уключаючы Вялікую Брытанію, заявілі, што ніводная дзяржава не павінна прызнаваць на двухбаковай аснове талібаў у якасьці ўраду Афганістану.

Якую пагрозу нясе «Ісламская дзяржава»

Адзіная галіна супрацоўніцтва паміж ЗША і «Талібанам» можа быць зьвязаная з пагрозай, якая зыходзіць ад баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Аднак узьнікаюць пытаньні, як Вашынгтон і «Талібан» могуць каардынаваць свае дзеяньні і нават абменьвацца інфармацыяй для процідзеяньня гэтай групоўцы.

«Ісламская дзяржава Харасан», названая так у гонар гістарычнага рэгіёну, упершыню зьявілася на ўсходзе Афганістану ў канцы 2014 году і неўзабаве стала вядомая сваёй крайняй жорсткасьцю.

Група ўзяла на сябе адказнасьць за выбух тэрарыстам-самазабойцам каля аэрапорта 26 жніўня, у выніку якога загінулі 13 амэрыканскіх вайскоўцаў і мноства афганскіх мірных жыхароў.

Ад таго часу Злучаныя Штаты нанесьлі па гэтай групе як мінімум два ўдары з дапамогай бесьпілётнікаў, і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што яго адміністрацыя працягне прымаць меры ў адказ.

«Ісламская дзяржава Харасан» — закляты вораг талібаў. Але прадстаўнікі амэрыканскай выведкі лічаць, што рух выкарыстаў нестабільнасьць, якая прывяла да краху афганскага ўраду, каб умацаваць свае пазыцыі і актывізаваць вэрбаваньне незадаволеных чальцоў «Талібану».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG