Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародную фэдэрацыю асацыяцый кінапрадусараў просяць прыпыніць акрэдытацыю фэстывалю «Лістапад»


Чырвоная дарожка кінафэстывалю «Лістапад», архіўнае фота
Чырвоная дарожка кінафэстывалю «Лістапад», архіўнае фота

Беларуская рада культуры зьвярнулася да прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі асацыяцый кінапрадусараў Люіса Альбэрта Скалелы з просьбай прыпыніць міжнародную акрэдытацыю кінафэстывалю «Лістапад».

«Правядзеньне міжнароднай імпрэзы немагчымае ў краіне, дзе дзеячаў культуры і ў прынцыпе ўсіх нязгодных рэпрэсуюць. Да ўсяго адзін з арганізатараў фэсту — Белтэлерадыёкампанія, рассаднік зла і хлусьні, якая паказвае ў сваім эфіры зьдзекі з палітвязьняў. А дырэкцыя з гэтага году — кінастудыя „Беларусьфільм“, структура Мінкульту, які выступае жорсткім цэнзарам усяго жывога ў беларускай культуры», — зазначае ў лісьце кіраўнік Рады Сяргей Будкін.

Фэстываль «Лістапад» заплянаваны на 20–26 лістапада. Аднак пакуль што не агучылі канцэпцыі, не прызначылі праграмнага кіраўніцтва.

Колішнюю дырэктарку і адну з арганізатарак кінафоруму Анжаліку Крашэўскую затрымлівалі летась падчас адной зь мірных акцый пратэсту, ад імпрэзы яна адлучаная. Акрамя таго, яна сярод больш чым 2 тысяч падпісантаў мэмарандуму ў абарону незалежнасьці Беларусі.

Пры гэтым заяўлена, што сёлета ня будзе нацыянальнага конкурсу — асноўнай пляцоўкі для прэм’ерных прац беларускіх рэжысэраў, сцэнарыстаў, актораў. Зрэшты, Міністэрства культуры яшчэ раней цэнзуравала ўдзельнікаў, выкрэсьліваючы з праграмы неляяльных творцаў.

Але ў ведамстве праанансавалі спэцыяльны «прыз прэзыдэнта» — «За духоўнасьць і гуманізм».

Беларуская Рада культуры зьвярнулася да знаўцаў і аматараў кіно, рэжысэраў, прадусараў і актораў з заклікам праігнараваць фэстываль.

Раней Эўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў міжнароднай арганізацыі. Галоўнымі прычынамі названыя здушэньне свабоды слова ў краіне і рэпрэсіі супраць СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG