Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васкрасенскі сьцьвярджае, што Ігар Лосік знаходзіцца ў першай частцы сьпісу на памілаваньне


Ігар Лосік
Ігар Лосік

Былы палітвязень Юры Васкрасенскі, які стаў супрацоўнічаць з уладамі, заявіў, што перадаў Лукашэнку першую частку сьпісу зьняволеных на памілаваньне. Раней Лукашэнка казаў, што ніякіх палітвязьняў у Беларусі няма, а сам Васкрасенскі тры дні таму казаў, што ўлады адмовіліся ад ідэі амністыі.

У першую частку сьпісу на памілаваньне, перададзенага Аляксандру Лукашэнку, уключаны блогер Ігар Лосік, заявіў былы актывіст ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, дырэктар установы «Круглы стол дэмакратычных сіл» Юры Васкрасенскі ў камэнтары тэлеканалу «Беларусь 1».

«Мы ня можам назваць усю сотню, але магу сказаць, што ў першую частку сьпісу ўключаны такі вядомы актывіст апазыцыі Ігар Лосік. Мы ўключылі Ігара ў першую частку сьпісу», — сказаў Васкрасенскі.

Паводле яго, другую частку сьпісу перададуць 1 верасьня.

У ходзе «Вялікай размовы» 9 жніўня Лукашэнка прапанаваў Васкрасенскаму несьці асабістую адказнасьць за фігурантаў гэтага сьпісу. Васкрасенскі паабяцаў, што «закладвае галаву» за першых 100 чалавек.

Раней Юры Васкрасенскі казаў, што арганізаваны ім «Круглы стол дэмакратычных сілаў» рассылае палітвязьням лісты з прапановай да 31 жніўня напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Да 21 ліпеня зь ім нібыта зьвязаліся прадстаўнікі 14 асуджаных.

На мінулым тыдні стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і фігуранты «пінскай справы» адмовіліся прасіць у Лукашэнкі памілаваньня.

Яшчэ 12 лютага на VI «Усебеларускім народным сходзе» Васкрасенскі заклікаў улады правесьці палітычную амністыю. Лукашэнка тады заяўляў, што ніякіх палітвязьняў у краіне няма.

Сам Васкрасенскі, які цяпер супрацоўнічае з уладамі, быў затрыманы 12 жніўня 2020 году. 10 кастрычніка ён стаў адным з удзельнікаў размовы Лукашэнкі з арыштаванымі прыхільнікамі пераменаў у СІЗА КДБ. На наступны дзень Васкрасенскага адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў зь яго пры гэтым не зьнялі.

Ігар Лосік, які знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня мінулага году, абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Суд над блогерам пачаўся 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА. Разам зь ім судзяць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых. Лосік за кратамі двойчы аб’яўляў галадоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG