Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не чакаў такой ступені маразму». Як праходзіць суд па «справе Ціханоўскага»


Падсудныя Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў.
Падсудныя Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў.

З 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА суд разглядае справу ў закрытым рэжыме.

Вінаватымі ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку цяжкіх — арганізацыі масавых беспарадкаў, хочуць прызнаць палітыка Міколу Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча, мадэратара сацсетак Дзьмітрыя Папова і апэратара Арцёма Сакава.

Ігар Лосік напісаў у адным зь лістоў, датаваных 3 жніўня, што не разумее — што ён робіць на судзе і што там увогуле адбываецца.

«Пачытай пра суды-тройкі ў 1937, неяк так прыкладна. Такой ступені маразму ўсяго працэсу я нават не чакаў. Што закрылі суд у мэтах бясьпекі — гэта праўда. Бясьпекі здаровага сэнсу і душэўнага стану», — напісаў палітвязень.

Ягоная жонка Дар'я Лосік кожны тыдзень з аўторка па пятніцу праводзіць час пад гомельскім СІЗА.

«Наконт суду нічога не вядома, на здароўе Ігар ня скардзіцца. З настроем — перапады, але гэта лягічна для чалавека ў такіх умовах. Пад СІЗА я пазнаёмілася са многімі людзьмі, якія носяць перадачы родным. Некаторыя — упершыню, ня ведаюць, як і што. Губляюцца. Я ім дапамагаю, кансультую. Людзі вельмі добрыя. Тут пад СІЗА ўсе стараюцца адзін аднаму дапамагаць», — расказала Дар’я.

Гомель. Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — стаяць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі.
Гомель. Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — стаяць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі.

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, хвалюецца, што апошні ліст, які яна атрымала ад мужа, датаваны 28 ліпеня. Між тым заўтра, 12 жніўня, палітык адзначыць дзень нараджэньня — 65 гадоў. Жонка ня мае пэўнасьці, што адміністрацыя СІЗА перадасьць яму віншаваньні, якія яна напісала ў лісьце. Заўтра Статкевіча мае наведаць адвакат.

«Лісты не даходзяць — мусіць, зноў у іх нейкая спэцапэрацыя, чарговая. Я ня ведаю, ці ходзіць Мікола на суды. Яго з працэсу выдалілі — на ягонае патрабаваньне, але абяцалі даставіць на спрэчкі бакоў. Ці пачаліся яны — невядома», — кажа Марына Адамовіч.

Соф’я Яфрэмаўна, маці Сяргея Ціханоўскага, паведаміла, што яна цяпер чакае ліста ад сына, а раней, «два ці тры тыдні таму», мела зь ім спатканьне ў СІЗА.

«Ну як ён? А як можа быць чалавек у такіх умовах? Карацей, цяжка. І мне цяжка, бо я сябе блага адчуваю», — зазначыла маці палітзьняволенага.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG