Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Латыпаву, які спрабаваў у судзе забіць сябе, прысудзілі 8 з паловай гадоў зьняволеньня. ВІДЭА

абноўлена

Сьцяпан Латыпаў пасьля спробы самагубства ў судзе 1 чэрвеня 2021
Сьцяпан Латыпаў пасьля спробы самагубства ў судзе 1 чэрвеня 2021

Палітвязьня Сьцяпана Латыпава асудзілі ў Савецкім раённым судзе Менску.

Палітычнага вязьня абвінавацілі:

  • паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • паводле ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў);
  • паводле ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры).

Судзьдзя Аляксандар Воўк 16 жніўня прысудзіў Латыпаву 8,5 года зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і 8700 рублёў штрафу, паведаміла «Вясна».

Такі самы тэрмін прасіў дзяржабвінаваўца Ўладзімер Рабаў.

Падчас судовага працэсу 12 жніўня Сьцяпан Латыпаў у апошнім слове расказаў, як яго затрымлівалі і білі 15 верасьня 2020 году.

«Людзі ў масках занесьлі мяне ў мікрааўтобус. Зацягнулі рукі за сьпінаю, надзелі на галаву сьмецьцевы пакет і павезьлі. Двойчы перасаджвалі з аўтобуса ў аўтобус. Потым уключылі радыё на ўсю моц і пачалі біць. Ніколі не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за сьпінаю, ластаўкай, білі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната.

Білі дубінкай па ягадзіцах. Абапірацца я ня мог яшчэ тры тыдні. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся. Казалі: „Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе“. Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне гаварыць сабе: „Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча“. І гэта ў нейкае імгненьне дапамагала. Але яны вельмі спрактыкаваныя, пастаянна называлі па імені, і ў мяне не атрымлівалася адключацца».

Хто такі Сьцяпан Латыпаў

Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці. Бацькі — біёлягі. Паводле прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.

Мужчыну затрымалі 15 верасьня ў двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». 1 чэрвеня Сьцяпан Латыпаў зрабіў спробу суіцыду падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.

Яго даставілі ў лякарню, дзе ён перанёс апэрацыю. Але ўжо на наступны дзень Сьцяпана забралі са шпіталя і перавезьлі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага Латыпаў прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках, якая ня выявіла ў яго праблем.

Падчас судовых паседжаньняў высьветлілася, што тэлефон Латыпава праслухоўвалі задоўга да затрыманьня — яшчэ ў чэрвені 2020 году. Ініцыятыва ByPol праз свае крыніцы ў сілавых органах высьветліла, хто затрымліваў і катаваў Сьцяпана Латыпава, змушаючы яго да прызнальных паказаньняў, якіх ён, зрэшты, так і ня даў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG