Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьцяпана Латыпава здарыўся нэрвовы зрыў у час праслухоўваньня ў судзе ягоных размоў


Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

Палітвязьня хутка схапілі сілавікі, а ў судзе абвясьцілі перапынак.

5 жніўня ў судзе Савецкага раёну Менску працягнуўся разгляд справы палітзьняволенага жыхара «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава. На працэсе працягнулі допыт сьведак, а таксама праслухоўваньне тэлефонных размоваў Сьцяпана, якое, як высьветлілася на папярэдніх паседжаньнях, спэцслужбы вялі яшчэ з чэрвеня 2020 году — за некалькі месяцаў да арышту Латыпава.

Падчас праслухоўваньня аўдыё адной са сваіх размоваў з калегам Латыпаў ня вытрымаў у залі суду і кінуўся да кратаў з крыкамі: «Пачвары, што вы творыце?!», піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пры гэтым Сьцяпан быў прыкаваны кайданкамі да канваіраў, яго адразу заламалі і паклалі на лаву. Усіх прысутных вывелі з залі, родныя са сьлязьмі таксама выйшлі ў калідор.

У судзе абвясьцілі перапынак да 14.30.

Пасьля перапынку судзьдзя Аляксандар Воўк папрасіў Латыпава патлумачыць ягоныя паводзіны ў залі суда перад перапынкам. Палітвязень паспрабаваў растлумачыць (гаворка яго ў гэты час была затарможаная і невыразная):

«Я стаў адчуваць нянавісьць да судзьдзі. Я ня бачыў ніякай прычыны паўторна паказваць мне відэа майго затрыманьня, дзе прысутнічалі мае суседзі і, у тым ліку, Раман Бандарэнка. Вы вырашылі на мяне псыхалягічна ціснуць? Гэта відэа мы праглядалі шмат разоў...»

Судзьдзя растлумачыў, што ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца два дыскі зь відэа затрыманьня, таму ў працэсе дасьледуюцца ўсе доказы.

Хто такі Сьцяпан Латыпаў

  • Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
  • 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
  • Перанёс апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
  • Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG