Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такія талібы, хто імі кіруе і як яны дзейнічаюць. Тлумачым дэталі


Талібы ў Гераце
Талібы ў Гераце

Рух «Талібан» усталяваў кантроль больш як над паловай усіх раёнаў Аўганістану, аднак абяцаньні, якія далі палітычныя перагаворшчыкі талібаў з аўганскім урадам, падобна, застануцца нявыкананымі. Што такое рух «Талібан», які захоплівае кантроль над усё большай тэрыторыяй Аўганістану.

Так званая Камісія ў палітычных пытаньнях у Досе ў лютым 2020 году падчас заключэньня мірнага пагадненьня са Злучанымі Штатамі паабяцала, што «Талібан» будзе паважаць правы чалавека і не дапусьціць прысутнасьці замежных баевікоў на падкантрольных яму тэрыторыях.

Але нядаўнія паведамленьні аўганскай і таджыцкай рэдакцый Радыё Свабода аспрэчваюць цьверджаньні «Талібану», што ў Аўганістане няма баевікоў зь іншых краін. Іх тысячы, і ў асноўным гэта пакістанцы, якія ўдзельнічаюць у баях пад сьцягамі «Талібану».

Між тым міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch паведаміла, што баевікі «Талібану», якія нядаўна пачалі шырокі наступ, затрымліваюць вайскоўцаў, паліцэйскіх і цывільных асоб за меркаваныя сувязі з аўганскім урадам і караюць іх сьмерцю.

Такія паведамленьні выклікаюць сумневы ў тым, ці мае палітычны офіс у Досе ўплыў на палявых камандзіраў і ценявых губэрнатараў, прызначаных вайсковымі лідэрамі «Талібану» на тэрыторыі, якую яны кантралююць.

— Наконт самага важнага пытаньня аб камандаваньні і кантролі «Талібану» нам цяпер вядома менш за ўсё. Уся ўвага засяроджаная цяпер на руху «Талібан» у Досе, які вядзе перамовы з аўганскім урадам, і на тым, у якой ступені яны сапраўды кантралююць баявыя дзеяньні на месцах, — кажа аналітык у пытаньнях бясьпекі ў Аўганістане Тэд Калахан.

Камандаваньне i кантроль

Афіцыйны прадстаўнік «Талібану» Забіула Муджахід апісаў Радыё Свабода кіраўнічую структуру, зь якой вынікае, што Камісія ў палітычных пытаньнях у Досе ня мае непасрэднага кантролю над баевікамі, якія захапілі ў апошнія месяцы шырокія тэрыторыі.

Муджахід растлумачыў, што палітычны офіс у Досе — толькі адзін з амаль двух дзясяткаў камісій і офісаў, якія складаюць свайго роду кабінэт міністраў пры вярхоўным лідэру талібаў Малаві Хібатулу Ахундзадэ.

У гэтай герархіі камандаваньня, пачынаючы ад раённага ўзроўню, кожны палявы камандзір талібаў падпарадкоўваецца правінцыйнаму камандаваньню. Існуе сем рэгіянальных «колаў», кожнае зь якіх адказвае як мінімум за тры правінцыйныя камандаваньні. Камісія па вайсковых справах «Талібану» адказвае ў ценявым урадзе «Талібану» за прызначэньне і кантроль усіх «губэрнатараў» у правінцыях і раёнах.

Баевікі пад камандаваньнем талібаў
Баевікі пад камандаваньнем талібаў

Неабходная эвалюцыя

Аналітыкі кажуць, што эвалюцыянаваньне структуры кіраўніцтва «Талібану» з 2001 году было прадыктаванае неабходнасьцю ператварыцца з разрозьненай арганізацыі камандзіраў мясцовага апалчэньня ў больш арганізаваны палітычны і вайсковы рух.

Ключавыя зьмены ў кіраўніцтве былі зробленыя як захады ў адказ на рознагалосьсі, якія падзялілі талібаў на фракцыі, што супернічалі паміж сабой пасьля сьмерці ў 2013 годзе заснавальніка «Талібану» мулы Амара.

Па сутнасьці, гэтыя падразьдзяленьні, якія абапіраюцца на пуштунскія племянныя структуры, — вынік працяглай барацьбы за ўладу.

Адзін бок падтрымаў сына Амара як наступнага вярхоўнага лідэра «Талібану». У яго ёсьць пасьлядоўнікі ў заходнім і паўднёвым Аўганістане. Яго прыхільнікі кольасна дамінуюць у вышэйшай кансультатыўнай і дырэктыўнай кіраўнічай радзе талібаў — «Рахбары Шурэ».

На другім баку — камандзіры талібаў ва ўсходнім Аўганістане і Пакістане, зьвязаныя зь «Сеткай Хакані». Гэтая групоўка мае трывалыя сувязі з кансультатыўнымі кіраўнічымі радамі — «Пэшавар Шура» на паўночным захадзе Пакістану і «Міран Шах Шура» ў пакістанскай племянной акрузе ў Паўночным Вазірыстане.

Талібы адкарэктавалі сваю камандную структуру пасьля сьмерці мулы Амара, каб згладзіць рознагалосьсі паміж узброенымі групоўкамі. Была створаная сыстэма ценявога кіраваньня рухам «Талібан». Гэты крок дазволіў вайсковым камандзірам з розных узброеных груповак прызначаць «службовых асоб» ценявога ўраду на тэрыторыях пад іхным кантролем.

Тым ня менш ценявое кіраўніцтва «Талібану» зьяўляецца «нестабільным і несыстэматычным», гаворыцца ў дасьледаваньні Інстытуту міру ЗША. У выніку былі выпрацаваныя розныя правілы, «сфармаваныя з улікам пераваг асобных камандзіраў, мясцовых традыцый і сілы „Талібану“ ў грамадзе».

«Кіраўніцтва фармуе правілы ў той жа ступені, як байцы і камандзіры на месцах», — гаворыцца ў дасьледаваньні.

Па словах Калахана, ключавое пытаньне, якое будзе ўплываць на будучыню Аўганістану, заключаецца ў тым, ці зможа «Талібан» у далейшым захаваць сваю цяперашнюю структуру кіраваньня і кантролю.

— Ці ўзмоцніцца ён, ці будзе дэцэнтралізаваны так, што мы ўбачым вотчыны «Талібану», якія ў значна большай ступені скаардынаваныя на рэгіянальным, чым на нацыянальным [узроўні]? — задаецца пытаньнем Калахан.

Сёньняшні «Талібан»

— Калі б давялося даваць характарыстыку простымі словамі, то «Талібан» — гэта цяпер, па сутнасьці, раззлаваныя аўганцы, — кажа Калахан.

Паводле яго, у краіне таксама прысутнічаюць тысячы баевікоў «Талібану» неаўганскага паходжаньня.

— Гэта ўжо больш не пуштунскі этнанацыяналістычны рух. Ён нашмат больш разнастайны, чым быў у 1990-х гадах, — растлумачыў Калахан.

Біл Роджыё, старшы навуковы супрацоўнік амэрыканскага Фонду абароны дэмакратый (FDD), ня верыць у абяцаньні талібаў, якія яны далі, заключыўшы пагадненьне ў 2020 годзе ў Досе: паважаць правы чалавека і не дапускаць прысутнасьці замежных баевікоў на падкантрольных ім тэрыторыях.

Па словах Роджыё, старшага рэдактара часопіса Long War Journal, што выдаецца Фондам абароны дэмакратый, сёньняшні «Талібан» стварае ўражаньне руху, які спрабуе ўсталяваць Ісламскі Эмірат Аўганістану і навязаць аўганскаму народу сваю суровую вэрсію ісламскага права.

Але Роджыё таксама бачыць істотныя адрозьненьні паміж сёньняшнім «Талібанам» і ісламісцкім рэжымам, які кантраляваў большую частку Аўганістану ў канцы 1990-х гадоў.

— «Талібан» пераважна складаецца з аўганцаў. У ім дамінуюць аўганцы. Але гэтае пытаньне не зусім простае з прычыны такіх груповак, як «Сетка Хакані», якія базуюцца як у Пакістане, так і ў Аўганістане, — кажа Роджыё. — Існуе вялікая колькасьць этнічных узбэкаў і таджыкаў, нават туркмэнаў, а ў некаторых выпадках нават этнічных хазарэйцаў, якія зьяўляюцца аўганцамі, і сёньня яны — частка «Талібану». У апошнія гады «Талібан» здолеў глыбока ўкараніцца ў гэтыя грамады. А гэта вялікая розьніца паміж сёньняшнім «Талібанам» і «Талібанам» да тэрарыстычных нападаў супраць Злучаных Штатаў 11 верасьня 2001 году.

Па словах Роджыё, сярод тысяч замежных баевікоў, якія ваююць на баку талібаў у Аўганістане, ёсьць баевікі з Блізкага Ўсходу, якія зьяўляюцца часткай «Аль-Каіды», а таксама баевікі з Пакістану і Цэнтральнай Азіі.

Больш за тое, у нядаўнім дакладзе Групы па аналітычнай падтрымцы і назіраньні за санкцыямі Рады Бясьпекі ААН гаворыцца, што з прыкладна 85 тысяч баевікоў «Талібану» ў Аўганістане каля 10 тысяч лічацца замежнымі байцамі. Паведамляецца, што каля 6500 зь іх — грамадзяне Пакістану, астатнія — родам з Цэнтральнай Азіі, Чачэніі, альбо рэшта сяброў «Аль-Каіды» на Блізкім Усходзе.

Напрыклад, «Талібан» на поўначы Аўганістану паставіў камандзіра баевікоў з Таджыкістану на чале пяці раёнаў, нядаўна захопленых талібамі паблізу мяжы. У некаторых частках на поўначы і захадзе краіны ўзбэцкія баевікі кіруюць баявымі дзеяньнямі «Талібану».

Паўночныя суседзі Аўганістану занепакоеныя тым, што баевікі «Талібану» з Цэнтральнай Азіі ў выніку паспрабуюць вярнуцца на сваю радзіму, каб пачаць мяцеж.

«Талібан» супраць аўганскіх сіл бясьпекі

Фармальна «Талібан» значна прайграе ў колькасьці і саступае тэхналягічна сілам нацыянальнай бясьпекі Аўганістану. Але аналітыкі папярэджваюць, што, як і з многімі іншымі момантамі ў Аўганістане, напісанае на паперы не заўсёды суадносіцца з рэальным станам рэчаў.

Аўганскіх сіл бясьпекі, уключаючы войскі пад камандаваньнем Міністэрства абароны і паліцыю ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў, як мяркуецца, прынамсі ўтрая больш, чым актыўных баевікоў «Талібану» ў краіне.

Аўганістан таксама добра забясьпечваецца Злучанымі Штатамі, якія патрацілі каля 83 мільярдаў даляраў на садзейнічаньне ў будаўніцтве, аснашчэньні, навучаньні і падтрымцы аўганскіх сіл бясьпекі з моманту, як быў зрынуты папярэдні рэжым «Талібану» ў канцы 2001 году.

Баявік з Таджыкістану
Баявік з Таджыкістану

Армія Аўганістану атрымала са Злучаных Штатаў бранятэхніку, самалёты і баявыя верталёты, артылерыю, штурмавыя вінтоўкі, акуляры начнога бачаньня і бесьпілётныя лятальныя апараты. У аўганскіх узброеных сіл таксама ёсьць 167 самалётаў і баявых верталётаў.

Аднак сродкі ўзбраеньня, пастаўленыя Кабулу за апошнія два дзесяцігодзьдзі, і тое, што цяпер даступна для баявых дзеяньняў, — гэта дзьве розныя рэчы.

Падрабязныя зьвесткі пра цяперашні стан аўганскага арсэналу засакрэчаныя.

Аднак неафіцыйныя дадзеныя даюць падставы меркаваць, што многае з таго, што было пастаўлена аўганскаму ўраду і праўрадавым апалчэнцам за гэтыя гады, альбо ўжо не функцыянуе, альбо трапіла ў рукі «Талібану».

Роджыё і Калахан сыходзяцца на думцы, што галоўная крыніца зброі «Талібану» знаходзіцца ў самім Аўганістане. Па іх словах, да гэтага адносіцца нядаўна захопленая зброя і вайсковая тэхніка заходняй вытворчасьці, пастаўленая аўганскім вайскоўцам, як, напрыклад, штурмавыя вінтоўкі, аўтамабілі і акуляры начнога бачаньня.

Перамовы ў Досе, верасень 2020
Перамовы ў Досе, верасень 2020

Арсэнал таксама ўключае ў сябе стралковую зброю і лёгкае ўзбраеньне, якога пасьля аўгана-савецкай вайны ў 1980-х гадах засталося багата — у прыватнасьці, савецкія аўтаматы АК-47, рэактыўныя гранатамёты і мінамёты.

Невялікія ракеты, падрыўнікі-сьмяротнікі і самаробныя выбуховыя прылады — адны з самых сьмяротных відаў зброі, якія выкарыстоўваюцца талібамі. Экспэрты кажуць, што мясцовы чорны рынак — таксама багатая крыніца ўзбраеньня талібаў.

Але афіцыйныя асобы ў Пакістане, Іране і Расеі адмаўляюць абвінавачваньні ўзброеных сіл Кабулу і ЗША ў таемным забесьпячэньні аўганскіх талібаў зброяй і прадстаўленьнем ім іншай падтрымкі.

У падрыхтоўцы артыкула выкарыстоўваліся матэрыялы аўганскай і таджыцкай рэдакцый Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG