На працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў гэтая база, разьмешчаная ў 65 кілямэтрах на поўнач ад Кабулу, была апорным пунктам для нанясеньня ўдараў па талібах і тэрарыстах Аль-Кайды, адказных за гібель тысяч амэрыканцаў 11 верасьня 2001 году.
«Мы дзейнічаем так, як плянавалася. І я хачу запэўніць, што ў нас дастаткова прасторы для манэўру», — сказаў Джо Байдэн. Вывад войскаў ЗША з Аўганістану павінен завяршыцца 11 верасьня 2021 году. Афіцыйныя асобы ЗША паведамілі агенцтву Reuters, што большая частка войскаў будзе выведзеная да прызначанага тэрміну.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Аўганістану Фавад Аман пацьвердзіў вывад усіх замежных войскаў з Баграму і заявіў, што сілы бясьпекі Аўганістану будуць «абараняць базу і выкарыстоўваць яе для барацьбы з тэрарызмам».
Прадстаўнік Талібану Забінула Муджахід вітаў дзеяньні ЗША. «Мы расцэньваем вывад войскаў як крок у правільным кірунку. Аўганцы будуць бліжэй да міру і стабільнасьці пасьля вываду замежных войскаў». Мэдыя, якія падтрымліваюць Талібан, назвалі вывад войскаў ЗША з Баграму перамогай талібаў.
Амэрыканская авіябаза Баграм прыцягнула ўвагу марадэраў празь некалькі гадзін пасьля таго, як вайскоўцы ЗША пакінулі яе, паведамляе Daily Mail. Некаторыя экспэрты лічаць, што падобныя дзеяньні могуць быць прадвесьнікам беззаконьня, якое можа пагражаць краіне пасьля вываду амэрыканскіх войскаў.
Паводле інфармацыі Фонду абароны дэмакратыяў, з 1 траўня, калі пачаўся вывад войскаў, Талібан удвая павялічыў колькасьць кантраляваных ім акругаў: у апошнія два месяцы ён захапіў больш за 80 акругаў, давёўшы іх агульную колькасьць да 157.
- 1 траўня сёлета афіцыйна пачаўся вывад войскаў ЗША і NATO з Аўганістану. Гэты працэс мяркуецца завяршыць да 11 верасьня 2021 году – да 20 гадавіны нападу тэрарыстаў на Амэрыку.
- 11 верасьня 2001 году ў выніку нападаў на ЗША загінулі амаль 3000 чалавек. Усаму бен Ладэна, кіраўніка ісламісцкай тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда», хутка назвалі вінаватым.
- Талібы, радыкальныя ісламісты, якія кіравалі Аўганістанам і абаранялі бін Ладэна, адмовіліся перадаць яго ЗША. Празь месяц пасьля 11 верасьня 2001 году ЗША пачалі авіяўдары па Аўганістане.
- Па меры ўступленьня ў вайну іншых краінаў талібы былі хутка адхіленыя ад улады. Але праз пэўны час яны пачалі ўзброеную барацьбу.
- З тых часоў ЗША і іх саюзьнікі змагаліся за тое, каб прадухіліць зрынаньне ўлады ў Аўганістане і спыніць атакі талібаў.
- Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн лічыць, што вывад войскаў апраўданы тым, што армія пераканалася: Аўганістан ня можа зноў стаць базай для замежных джыхадыстаў.
- А прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані кажа, што ўрадавыя сілы цалкам здольныя стрымліваць узброены супраціў.