Паводле афіцыйнага паведамленьня, апэратыўнікі ГУБАЗіК высьветлілі, што 37-гадовая Вольга Вялічка «датычная да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Гаворка пра «Марш адзінства», які прайшоў у Горадні мінулай восеньню.
«Разам зь іншымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства жанчына выходзіла на праезную частку, блякуючы рух, а таксама стаяла ў „счэпцы“, не падпарадкоўваючыся законным патрабаваньням міліцыянтаў», — адзначаецца ў тэлеграм-канале ведамства.
Цяпер яна стала падазраванай у крымінальнай справе.
Летась у кастрычніку празь перасьлед Вольга Вялічка разам зь сям’ёй мусіла зьехаць зь Беларусі. 1 жніўня яна паведаміла, што на патрабаваньне беларускіх сілавікоў яе дадалі ў сьпіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол.
Раней у дачыненьні да Вольгі Вялічкі пачалі крымінальную справу «за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены ў буйным памеры». Нібыта ў 2018 годзе яна скрала грошы, сабраныя госьпісам на апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама выдзеленыя на рамонт службовага памяшканьня.
Вольга Вялічка — нэўрапсыхоляг і онкапсыхоляг паводле адукацыі, магістар дзяржаўнага кіраваньня ў сацыяльнай сфэры. У 2007-м стварыла і ўзначаліла дзіцячы госьпіс. У разгар пандэміі пры ўстанове працавала майстэрня, дзе бясплатна шылі ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў. Увосень 2020-га ў майстэрню прыйшла праверка ДФР, валянтэраў выгналі. Памяшканьне спрабуюць забраць праз суд.