Пра ператрус у сваёй закрытай кватэры без уладальнікаў паведаміла сама Вольга Вялічка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Нам зь Сяргеем Вялічкам у Горадні ўскрылі кватэру. Ускрываў „дамушнік“ адмычкамі. Адмычкі — гэта такія адмысловыя кручкі для адкрыцьця замкоў. А хто стаяў побач? Правільна, СК. На мой запыт — „Што гэта было?“ — які адказ? Правільна — „Вас гэта не датычыцца“. У прамым сэнсе гэтага слова. Мне не дазволена праз электронны зварот даведацца, што гэта было. На запыт у ДФР — адказу няма. На запыт у пракуратуру — адказу няма», — напісала Вольга.
1 жніўня Вольга Вялічка паведаміла, што на патрабаваньне беларускіх сілавікоў яе дадалі ў сьпіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол.
Летась у кастрычніку празь перасьлед жанчына разам зь сям’ёй мусіла зьехаць зь Беларусі. 1 сьнежня 2020 году супраць яе завялі крымінальную справу (ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэксу) аб крадзяжы маёмасьці грамадзкай арганізацыі.
Вольга Вялічка з мужам мае дваіх непаўналетніх дзяцей, яна нэўрапсыхоляг і онкапсыхоляг паводле адукацыі, магістар дзяржаўнага кіраваньня ў сацыяльнай сфэры. У 2007-м стварыла і ўзначаліла дзіцячы госьпіс. У разгар пандэміі пры ўстанове працавала майстэрня, дзе бясплатна шылі ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў. Увосень 2020-га ў майстэрню прыйшла праверка ДФР, валянтэраў выгналі. Памяшканьне спрабуюць забраць праз суд.
Вольга Вялічка ўваходзіла ў ініцыятыўную групу ўдзельніка выбараў 2020 году Віктара Бабарыкі, была незалежнай назіральніцай. Пасьля выбараў разам з паплечнікамі спрабавала стварыць раду народнага даверу ў Горадні. Удзельнічала ў перамовах актывістаў з уладамі, выступала на мірных акцыях супраць фальсыфікацый прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Адседзела арышт у гарадзкім ізалятары нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і атрымала штраф.