Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі анархіст, які абскарджвае дэпартацыю з Украіны, расказаў, як пазьбег вывазу на мяжу


Апэляцыю Аляксея Балянкова разглядаў Шосты апэляцыйны адміністрацыйны суд. Апанэнты анархіста каля суда патрабавалі ягонай дэпартацыі. Кіеў, 21 ліпеня 2021 году
Апэляцыю Аляксея Балянкова разглядаў Шосты апэляцыйны адміністрацыйны суд. Апанэнты анархіста каля суда патрабавалі ягонай дэпартацыі. Кіеў, 21 ліпеня 2021 году

Суд у Кіеве 21 ліпеня задаволіў апэляцыйнае патрабаваньне беларускага анархіста Аляксея Балянкова аб скасаваньні рашэньня Службы бясьпекі Ўкраіны пра ягоную дэпартацыю.

Беларускі анархіст Аляксей Балянкоў знаходзіцца ва Ўкраіне з 2014 году. Пасьля ўдзелу ў Рэвалюцыі годнасьці ва Ўкраіне ён вырашыў, што вяртацца ў Беларусь для яго небясьпечна, і застаўся жыць ва Ўкраіне.

Зь цягам часу ён атрымаў від на жыхарства, але сёлета ў красавіку да яго прыйшлі з вобшукам украінскія праваахоўнікі, а пасьля супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны абвясьцілі яму пра неабходнасьць дэпартацыі «ў мэтах нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны».

Сёньня Аляксей Балянкоў расказаў ня толькі пра дэталі сваёй справы, а і пра асаблівасьці некаторых грамадзкіх арганізацый ва Ўкраіне, якія нібыта дапамагаюць беларусам.

«Зьбірайся, зараз паедзем на мяжу»

Аляксей Балянкоў паведаміў, што 21 красавіка вобшук у ягонай кіеўскай кватэры праводзілі на падставе крымінальнай справы, у якой ён ня быў «ні падазраваным, ні абвінавачаным, ні сьведкам».

«Вобшук праходзіў даволі павярхоўна, а пасьля яго адразу зайшлі прадстаўнікі СБУ і кажуць: „Аляксей, вось у нас ёсьць папера. Кіраўнік сказаў, каб мы цябе вывезьлі на мяжу. Так што зьбірайся, мы зараз паедзем на бліжэйшую мяжу, ты зьедзеш, а потым вернесься назад і да абеду зноў будзеш у Кіеве“».

Анархіст пачаў цікавіцца, ці не забароняць яму пры гэтым уезд на ўкраінскую тэрыторыю. «За гэты час сусед пасьпеў паведаміць адвакатам, і мы пачалі цягнуць час. Адвакат пасьпеў прыехаць».

Паводле яго, супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны, якія мусілі яго вывезьці на мяжу, з раніцы да вечара адмаўляліся паказаць свае службовыя пасьведчаньні. «Толькі а дзявятай вечара яны паказалі іх адвакату».

«Уласна, мне давалі суткі, каб выехаць, ад моманту ўручэньня гэтага дакумэнту. У ім адзначалася, што я ўяўляю пагрозы нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. Мы пасьпелі з адвакатам падаць апэляцыю на гэты дакумэнт і зь нецярпеньнем чакалі, у чым мяне абвінавачваюць».

Аляксей Балянкоў на прэс-канфэрэнцыі, Кіеў, 21 ліпеня 2021
Аляксей Балянкоў на прэс-канфэрэнцыі, Кіеў, 21 ліпеня 2021

Як у СБУ сфармулявалі прычыны дэпартацыі

Аляксей Балянкоў паведаміў, што ўжо ў судзе Служба бясьпекі Ўкраіны назвала крытэры, на падставе якіх была зроблена выснова пра ягоную пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. Як выявілася, яны былі сфармуляваныя на падставе дакумэнту, атрыманага ад беларускага ГУБАЗіКа.

«Анархічныя погляды, удзел у акцыі насупраць турэцкай амбасады супраць вайны ў Курдыстане, у акцыі супраць паліцэйскага свавольства ва Ўкраіне, арганізацыя акцыі салідарнасьці зь беларускім народам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, продаж анархісцкай літаратуры, якая прадаецца ў шмат якіх украінскіх крамах, і „гвозд праграмы“ — паведамленьне ад беларускага ГУБАЗіКа пра тое, што ва Ўкраіне заходжуся я, Кандратовіч (Артур Кандратовіч — яшчэ адзін беларускі анархіст, якога Беларусь таксама прасіла Ўкраіну выдаць. — РС), мы такія небясьпечныя і праходзім па крымінальных справах».

Пра беларускую дыяспару ў Кіеве

Аляксей Балянкоў паведаміў, што ўвесь час, як быў ва Ўкраіне, дасьледаваў, як працуе сыстэма праваахоўных органаў.

«Я займаўся маніторынгам паліцэйскага бясчынства, бо тая сыстэма, якую ствараў Авакаў (экс-міністар унутраных спраў Украіны. — РС), вельмі падобная да той, якую стварыў Лукашэнка. Мы таксама займаліся расьсьледаваньнем нападаў ультраправых, калі „кашмарылі“ клюбы, затрымлівалі людзей, выбівалі зь іх грошы… Мы даказваем, што такія напады арганізоўваліся праз найбліжэйшага чалавека Авакава — Сяргея Кароткіх».

Паводле Аляксея Балянкова, колішні баец батальёну «Азоў», цяпер грамадзянін Украіны Сяргей Кароткіх кантралюе як мінімум адну арганізацыю, якая нібыта дапамагае беларусам-уцекачам.

«БДУ — Беларускі дом ва Ўкраіне — сапраўды дапамагае некаторым беларусам. Ім кіруе Радыён Батулін, чалавек Сяргея Кароткіх (Малюта), які да выбараў праз свае падкантрольныя арганізацыі ўсялякім чынам выказваўся пра тое, што Лукашэнка для Ўкраіны — някепскі варыянт, а вось апазыцыя ў Беларусі прарасейская, і Ціханоўская — агент Крамля».

Беларускі анархіст сьцьвярджае, што Сяргей Кароткіх мае дачыненьне да дыскрэдытацыйных інфармацыйных кампаній і супраць анархістаў, і супраць беларускай дыяспары. Кажа, што былы «азовец» адышоў толькі ад публічнага кіраваньня арганізацыяй.

Аляксей Балянкоў таксама згадаў прозьвішча Кароткіх у сувязі з забойствам Паўла Шарамета і шэрагу ўкраінскіх прадстаўнікоў ультраправых сілаў.

20 ліпеня, калі ў адміністрацыйным судзе Кіева меліся пачаць слуханьні апэляцыі Аляксея Балянкова на дэпартацыю, перад судом адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі беларускага анархіста і ўльтраправых сілаў, да якіх належыць Сяргей Кароткіх. Некалькі чалавек, у тым ліку і Аляксей Балянкоў, пацярпелі.

«Калі ўчора на мяне нападалі, там былі целаахоўнікі Кароткіх, якія забралі ў маёй сяброўкі плякат, на якім было напісана: „Контравыведка, калі вы зоймецеся Малютам?“. І, уласна, я лічу, што мая справа — замоўная».

Аляксей Балянкоў заклікаў беларусаў, якія шукаюць прытулку ва Ўкраіне, не баяцца і публічна заяўляць пра ціск арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне».

«Я прашу журналістаў зьвярнуць на гэта ўвагу. І прашу беларусаў, якія тут. Я ведаю людзей, якія ўжо сутыкаліся з пагрозамі ад БДУ. Такіх людзей запалохвае пэрсанальна Радыён Батулін і спрабуе кантраляваць. Я заклікаю вас не баяцца, і не баяцца пра гэта публічна заяўляць, таму што, калі вы маўчыце, у такія ж праблемы трапляюць іншыя людзі, і шмат хто гэтага ня ведае. Я лічу, што гэтую арганізацыю курыруе беларуская агентура».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG