Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну зьехалі тысячы грамадзян Беларусі. Зь якімі праблемамі яны сутыкаюцца


Прэсавая канфэрэнцыя ў Кіеве.
Прэсавая канфэрэнцыя ў Кіеве.

Беларускія і ўкраінскія праваабронцы заявілі аб новай вялікай хвалі міграцыі грамадзян Беларусі, якія ўцякаюць ад перасьледу, і заклікалі ўлады Ўкраіны стварыць умовы для іхнай легалізацыі.

«Нягледзячы на тое, што спынена авіяцыйнае злучэньне і практычна немагчыма выехаць зь Беларусі па зямлі, ва Ўкраіну цяпер едзе ўсё больш і больш людзей. Як сьведчыць наша практыка, гэта падобна на тое, што адбывалася увосень мінулага году», — паведаміла кіраўніца грамадзкай ініцыятывы Free Belarus Center на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле яе, цяпер арганізацыі беларускай дыяспары атрымліваюць да 30 зваротаў на тыдзень аб дапамозе. «Мы ня ведаем дакладных дадзеных зь міграцыйнай службы на сёньня, але нам дакладна вядома, што са жніўня па сьнежань 2020 году ва Ўкраіну ўехала 161 тысяча беларусаў. Безумоўна, ня ўсе засталіся тут, бо сапраўды, для большасьці немагчыма легалізавацца ва Ўкраіне, нягледзячы на тое, што шмат зь іх маюць высокую прафэсійную кваліфікацыю», — дадала Паліна Бродзік.

Па дапамогу толькі ў Free Belarus Center зьвярнуліся больш як 700 грамадзян, якія патрабавалі гуманітарнай, прававой і псыхалягічнай дапамогі. «Стан гэтых людзей вельмі складаны. Толькі міграцыйная служба можа сказаць, колькі беларусаў засталося ва Ўкраіне, але можна сьцьвярджаць, што гэта тысячы і сотні тысяч працягваюць выяжджаць зь Беларусі», — дадала яна.

Зь якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ва Ўкраіне

Грамадзяне Беларусі, якія зьяжджаюць ва Ўкраіну, хочуць знаходзіцца ў прававым полі, але ўкраінская заканадаўства прадугледжвае абмежаваную колькасьць падстаў для легалізацыі — гэта атрыманьне відаў на жыхарства ці статусу ўцекача.

«Асобная праблема — гэта працаўладкаваньне. Яна была вырашана для ІТ-сэктару, але мы бачым, што ва Ўкраіне зьяўляецца ўсё больш і больш прадстаўнікоў іншых прафэсій. Гэтая тэма таксама патрабуе асобнай увагі, бо фармуецца новы клястэр высокакваліфікаваных спэцыялістаў».

Паліна Бродзік
Паліна Бродзік

Паводле кіраўніцы Free Belarus Center, ня вырашана і пытаньне бясьпекі асабліва для тых грамадзян, якія знаходзяцца пад крымінальным перасьледам у Беларусі.

«Мы ведаем, што толькі за 2021 годзе было з Украіны выдварана 16 грамадзян Беларусі, калі мы ведаем, што там адбываецца прававы дэфолт, калі няма судовай сыстэмы, калі прымяняецца сьмяротнае пакараньне, беларусаў дэпартуюць з Украіны ці ў Беларусь, ці ў трэція краіны».

Правабаронцы таксама заклікалі ўлады Ўкраіны спыніць супрацу праваахоўных органаў зь Беларусьсю. Найперш мова ідзе пра рэагаваньне на запыты кампэтэнтных органаў Беларусі аб затрыманьні і выдачы беларусаў, якія знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі, а на радзіме перасьледуюцца паводле крымінальных спраў і палітычных матываў.

«Беларусь — небясьпечная краіна»

Каардынатар праекту «Без кордонів» Максім Буткевіч дадаў, што павелічэньне для грамадзян Беларусі тэрмінаў знаходжаньня ва Ўкраіне таксама не вырашае праблему уцекачоў. «Пасьля гэтага ім трэба або атрымліваць легальны статус, выяжджаць або працягваць жыць ва Ўкраіне нелегальна», — сказаў ён.

Правабарончыя арганізацыі разглядаюць усіх беларускіх грамадзян, якія зьяжджаюць з краіны ад перасьледу, як палітычных уцекачоў, і лічаць, што менавіта такім чынам да іх павінны ставіцца і міграцыйныя ўлады.

«Мы лічым вымушаных мігрантаў і мігрантак зь Беларусі ўцекачамі паводле крытэрыяў Венскай канвэнцыі ААН 1951 году — яны ня могуць вярнуцца ў Беларусь, бо абгрунтавана апасаюцца перасьледу паводле сваіх палітычных поглядаў. І гэта абсалютна дакладнае вызначэньне, незалежна ад таго, ці надала дзяржава Ўкраіна ім адпаведны статус уцекача», — падкрэсьліў Максім Буткевіч.

Максім Буткевіч
Максім Буткевіч

Паводле яго, большасьць беларусаў не зьвяртаюцца па статус уцекача, бо на час разгляду адпаведнай заявы іхныя правы ва Ўкраіне абмяжоўваюцца.

«Найперш, яны пвінны аддаць свой пашпарт і жыць з даведкай міграцыйнай службы, якая фармальна не зьяўляецца пасьведчаньнем асобы. На падставе гэтай даведкі нічога нельга зрабіць — ні ўладкавацца на працу, ні адкрыць рахунак у банку, ні нават набыць квіток (на транспарт). І ў такім статусе трэба жыць доўгі час — мова ідзе пра месяцы, а магчыма нават і гады», — патлумачыў Максім Буткевіч.

Аналягічныя праблемы вынікаюць і пры атрыманьні статусу аб дадатковай абароне дзяржавы.

«Статус часовай абароны дапамог бы ўрэгуляваць сытуацыю тых, хто быў вымушаны зьехаць, бадай на год, і гэты год людзі маглі б пражыць больш спакойна, бясьпечна і легальна, працаваць легальна і падтрымліваць сябе і будаваць пляны. Але гэтага не адбылося», — дадаў каардынатар праекту «Без кордонів».

Максім Буткевіч таксама паведаміў, што ў выпадку ўхваленьня новага закону зьменшыцца і колькасьць падстаў для атрыманьня хаця б часовага віду на жыхарства, бо большасьць беларусаў атрымлівалі яго як валянтэры міжнародных арганізацый.

«Першае, што зрабілі прадстаўнікі ўкраінскага ўраду, — палепшылі ўмовы для ІТ-спэцыялістаў. Гэта, безумоўна, добра, але выглядае, як спроба нажыцца на горы ў суседняй краіне, таму што даваць прытулак толькі тым, хто эканамічна карысны — гэта зусім ня тое, што даваць прытулак тым, хто мае ў ім патрэбу. На жаль, гэта ў цэлым адпавядае тэндэнцыям украінскай міграцыйнай палітыкі. У нас яна часта падпмяняецца паняцьцем барацьбы зь нелегальнай міграцыяй», — мяркуе Максім Буткевіч.

Што кажа афіцыйна статыстыка

У чэрвені Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны абнародавала вынікі міграцыйных працэсаў, што адбываліся цягам 2020 году.

  • Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, летась ва Ўкраіну прыбылі 1 018 грамадзян Беларусі, 769 зь якіх засталіся на ўкраінскай тэрыторыі, а іншыя зьехалі.
  • Гэта неістотна адрозьніваецца ад вынікаў 2019 году — тады ва Ўкраіну прыбылі 1 075 грамадзян Беларусі і 598 беларусаў засталіся на ўкраінскай тэрыторыі.
  • Агульны міграцыйны прырост з усіх краін у 2020 годзе склаў 7 240 грамадзян, а ў 2019-м — 18 222 асобы.
  • Найбольш з постсавецкай прасторы ва Ўкраіну летась прыехала грамадзян Расеі — 2 910, зь іх 2 068 засталіся ва Ўкраіне. У 2019 годзе колькасьць расейскіх мігрантаў была яшчэ большай — з 4 359 расейцаў, якія прыбылі, ва Ўкраіне засталіся 3 096 грамадзян Расеі.
  • Паводле праваабаронцаў, гэтыя лічбы якраз і могуць быць зьвязаныя з тым, што няшмат беларусаў змаглі атрымаць ва Ўкраіне легальны статус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG