Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добры дзень, хачу працаваць з вамі на „машыну рэжыму“». Як сёлетнія выпускнікі зьбіраюцца на разьмеркаваньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Учорашнія студэнты ўжо зьбіраюцца выпраўляцца «па разьмеркаваньні», якое ў Беларусі абавязковае для тых, хто вучыўся «на бюджэце». Як сябе адчуваюць маладыя людзі, чаго баяцца і як сябе настройваюць на абавязковую працу ў дзяржаўных установах.

«Тваю будучыню на бліжэйшыя тры гады вырашаюць 2 чалавекі: міністар і рэктар»

Дзяніс скончыў Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Хлопец кажа, што самым складаным было дамовіцца зь месцам разьмеркаваньня спачатку з адміністрацыяй унівэру, а пасьля зь міністрам аховы здароўя. У мэдычным унівэрсытэце працэс разьмеркаваньня адбываецца крыху іначай, чым у іншых ВНУ.

«У сакавіку першапачаткова людзей разьмяркоўвае адміністрацыя, а тыя, хто ня згодзен, прыходзяць у красавіку, там прысутнічае ўжо міністар аховы здароўя, і спрабуюць дамовіцца зь ім. Калі ў разьмеркаваньні стаіць „вобласьць“, то, хутчэй за ўсё, застацца ў Менску не атрымаецца».

Дзяніс прыгадвае сытуацыю, калі не хацелі браць дзяўчат у дзіцячую інфэкцыйную бальніцу. Мяркуе, што выключна «па палавой прыкмеце».

«Маёй аднагрупніцы, якая там працавала два ці тры гады ў прыёмным аддзяленьні, так і сказалі: „Вы дзяўчына, таму мы вас ня возьмем“. Мы потым доўга вельмі думалі, чаму так, і прыйшлі да высновы, што калі ў сьнежні 2020-га тую бальніцу наведаў „адзін чалавек, якога добра ўсе ведаюць“, на сустрэчу зь ім не захацеў пайсьці амаль ніводзін супрацоўнік-мужчына. Таму ён размаўляў выключна з жанчынамі, і ў яго склалася ўражаньне, быццам мужчын у бальніцы няма. Ён паскардзіўся, што „мала мужыкоў“, на што яму адказалі: маўляў, зробім, каб былі. Я ня быў сьведкам гэтых падзей, гэта тое, што мне расказалі людзі, якія там працуюць. Але я прысутнічаў, калі менавіта дзяўчатам адмаўлялі ў разьмеркаваньні туды».

Дзяніса чакаюць два гады разьмеркаваньня і год інтэрнатуры, зь якой у будучыні немагчыма будзе паўнавартасна працаваць. На разьмеркаваньне мэдыкі могуць пайсьці толькі ў дзяржаўную ўстанову, трапіць у прыватны цэнтар — немагчыма. Хлопец кажа, што ў любым разе прыйдзецца шукаць падпрацоўку, бо заробак у інтэрнатуры — каля 500 рублёў за поўны дзень.

«У мяне пачуцьцё, што я абсалютна расчараваўся ў мэдыцыне, часткова дзякуючы адміністрацыі ўнівэрсытэту. Я пляную адпрацаваць і больш ніколі гэтым не займацца. Магчыма, у якой-небудзь іншай краіне я буду працаваць у гэтай галіне, але ў Беларусі — не».

Хлопец перажывае і праз тое, што здарылася з мэдыкамі за апошні год у Беларусі.

«Пачуцьця здрады нейкай, канечне, не было. Асьвятляць пасяўную — гэта ня тое ж самае, што дапамагаць хворым людзям, якія будуць пры любой уладзе. Але проста такое брыдкае пачуцьцё, што тваю будучыню на бліжэйшыя тры гады вырашаюць літаральна два чалавекі: міністар і рэктар. І ўсё залежыць ад таго, як яны да цябе ставяцца. Было такое, што вось месца на разьмеркаваньне, ахвочых на яго няма, а ты яго просіш, і табе кажуць — „не“».

Цяпер да свайго разьмеркаваньня хлопец ставіцца крыху спакайней, бо ўсё ж удалося застацца ў Менску.

«Я вырашыў, што ўсё праходзіць, і гэта пройдзе таксама. Калі немагчыма ўжо нічога зрабіць і ніяк паўплываць, то што ўжо зробіш. Я ня быў бы супраць адпрацоўкі, калі б адукацыя сапраўды нешта значыла, каб яе прызнавалі. Я разумею, што дзяржава патраціла грошы на нашу адукацыю, таму, можа, і справядліва адплаціць. Хоць багата краінаў, дзе ўсё роўна такога няма і адукацыя сапраўды бясплатная».

«Ці хадзілі вы на маршы?»

Алена па прафэсіі біёляг і кажа, што падчас пошуку разьмеркаваньня самым істотным пытаньнем стала нежаданьне арганізацый мець справу з канкрэтнымі ВНУ.

«Ты прыходзіш на гутарку, дзе табе кажуць: „А, так ты з ***? Не, нам забаранілі браць студэнтаў адтуль“. Хто забараніў, як забараніў і чаму — не ўдакладняецца. Другой праблемай быў сам рынак вакансій: разьмеркаваньне быццам бы прадугледжвае, што ты павінен працаваць за грошы, але пры гэтым выконваць спэктар абавязкаў настолькі шырокі, што мама не гаруй. Такія ўмовы чамусьці лічацца абсалютнай нормай для маладога спэцыяліста, бо „малако на губах не абсохла“. Працадаўцы ў сваім імкненьні ня зьвязвацца з разьмеркаваньнем прапануюць варыянты: „Знайдзі разьмеркаваньне на 0,25 стаўкі і прыходзь на цэлы дзень працаваць да нас“. І ніхто тут ня бачыць праблемы, бо гэта толькі іх арганізацыя ня хоча разьмяркоўваць».

Унівэрсытэт не прапаноўвае дастатковай колькасьці варыянтаў, кажа дзяўчына.

«Гэта глябальная праблема. Разьмеркаваньне павінна быць ва ўсіх бюджэтнікаў, а ВНУ можа забясьпечыць абы-якімі месцамі толькі чалавек дзесяць. І такія месцы — зусім не па спэцыяльнасьці. Калі ўвядуць абавязковае разьмеркаваньне для платнікаў, то гэта будзе проста гамон».

З выбарам месцаў для працы па спэцыяльнасьці ёсьць праблемы, кажа Алена. Месцы быццам ёсьць, але яны толькі для людзей з досьведам і з пасьведчаньнем кіроўцы. Дзяўчына заўважае, што і рынак вакансій па біялёгіі мала зьмяняецца, дынамікі амаль няма.

«Па факце, нам цяпер прапануюць згаджацца на першую вакансію, якая трапіцца, куды гатовыя ўзяць на разьмеркаваньне. Назваць гэта выбарам язык не павернецца».

Розныя дзяржаўныя ўстановы паводзяць сябе па-рознаму пры прыёме спэцыялістаў, кажа Алена і прыгадвае адзін з выпадкаў.

«Была адна гутарка, дзе абавязковым этапам была ідэалягічная частка з асноўным пытаньнем: „Ці хадзілі вы на маршы?“. Гэта зусім ня крута, але па факце стаўленьне людзей у гэтых арганізацыях таксама неадназначнае.

Наконт маёй адпрацоўкі я выбрала найменшае з горшага. Там ня будзе вялікага заробку, ідэальных умоваў для працы, але там добры калектыў. Людзі — адзінае, што ратуе ў такіх сытуацыях. Не змагу жыць за гэтыя грошы адназначна, таму буду шукаць падпрацоўку».

Алена спадзяецца, што ў хуткім часе Беларусь адыдзе цалкам ад сыстэмы разьмеркаваньня студэнтаў.

«Калі гэта прачытаюць бацькі, то дайце свайму дзіцяці добра падумаць аб тым, куды паступаць і калі. Ня пхайце яго на вышку, „каб было, спатрэбіцца“, бо сучасныя рэаліі паказваюць адваротнае. Няхай чалавек сходзіць да псыхоляга, пройдзе ўсе тэсты на прафарыентацыю. Не зацыклівайцеся на вышэйшай адукацыі. Гэта проста мой крык душы, — кажа Алена. — У сьвеце поўна спэцыяльнасьцяў цікавых і прыбытковых адначасова. Лепш падумаць год, чым потым адвучыцца 4–5 гадоў і зразумець, што дыплём можна падкладаць пад ножку стала».

«Вы ўсё самі разумееце»

Аляксандар нядаўна скончыў БДУ. Ён кажа, што ніколі ня меў ілюзій наконт супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі арганізацыямі і стараўся зрабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць разьмеркаваньня туды.

«Быў адзін варыянт, які мяне задавальняў спачатку, але пасьля жнівеньскіх падзей шмат што зьмянілася. Некалькі месяцаў таму сказалі, што хацелі б бачыць мяне на разьмеркаваньні ў адным месцы, але „вы ўсё самі разумееце“, і гэтая фраза ўжо надакучыла. Я паспрабаваў уладкавацца яшчэ ў адну арганізацыю, але ва ўнівэры варыянт скасавалі, бо гэта быццам не па маёй спэцыяльнасьці, а па сумежнай. Таму прапанавалі шукаць сярод тых заявак, што даслалі».

Тады хлопца накіравалі ў маленькі горад Гомельскай вобласьці.

Аляксандар расказвае, што на пачатку вучобы ўдавалася хадзіць на практыку ў недзяржаўныя арганізацыі, але апошнія гады гэта стала немагчымым. Хоць лібэральныя выкладчыкі, якія падтрымлівалі пазыцыю студэнтаў, на факультэце засталіся, кажа хлопец.

«Вядома, мне не хацелася б працаваць на „рэжымную машыну“. Мяне клікалі ў адну арганізацыю. Там я расказаў сваю пазыцыю, што мяне некалькі разоў затрымлівалі, але мне казалі: „Ой, табе ня прыйдзецца займацца „рэжымам“, і так хапае іншых праблем“. Але ўсё адно ў мяне ёсьць пэўны недавер, сумнеў, таму ня ведаю, што рабіць. Увогуле, я спадзяюся, што буду прыдатны ў войска і адпрацую ўсяго тры месяцы па разьмеркаваньні. Прынамсі ў маёй сыстэме каштоўнасьцяў гэта лепш».

Хлопец заўважае, што для яго няма праблемы паехаць нават у мястэчка ў Гомельскай вобласьці, але ён прынцыпова ня хоча працаваць у дзяржаўнай структуры.

«Я б працаваў у беларускім мястэчку, цікавая краіна, прыгожая, але я не хачу прыйсьці на месца і такі: «Добры дзень, хачу працаваць з вамі на „машыну рэжыму“».

Аляксандар кажа, што ўся гэтая сытуацыя яго напружвае, але дапамагае падтрымка сям’і. Ён лічыць, што з праблемай разьмеркаваньня трэба разьбірацца.

«У нас так атрымліваецца, што на разьмеркаваньне ты едзеш, як на рабства. Тое ж самае з «хіміяй» [пакараньне з прымусовымі працамі. — РС], ты павінен мець працу, атрымліваць грошы, каб плаціць за ўтрыманьне, а замест гэтага цябе накіроўваюць на рабскую працу і ня плацяць нічога. Так і тут, проста адпраўляюць у нейкі раён, гарады, і ты працуеш немаведама для чаго, немаведама за што, хоць мог бы займацца сапраўды карыснай працай, — мяркуе Аляксандар.

«Жахліва, што даводзіцца працаваць у дзяржаўных структурах, пакуль родныя сядзяць»

Кацярына — біёляг. Кажа, што знайсьці месца на адпрацоўку па яе спэцыяльнасьці цяжка. Асабліва калі ты хочаш застацца ў Менску.

«Звычайна біёлягі знаходзяць месцы па знаёмстве ці выпадкова. Яшчэ варыянт, што ты недзе доўга працаваў падчас вучобы і цябе гатовыя ўзяць па разьмеркаваньні. Пасьля бакаляўрэату было даволі лёгка разьмеркавацца, асабліва з улікам паступленьня ў магістратуру. Але і час тады быў іншы. З магістратурай — складаней. Пакуль праходзіла вучоба, Міністэрства адукацыі, здаецца, выпусьціла нейкі дакумэнт, што пасьля магістратуры трэба адпраўляць па разьмеркаваньні працаваць толькі навуковым супрацоўнікам ці ў навуковай сфэры», — тлумачыць Кацярына.

Такім чынам, студэнт можа знайсьці сабе месца разьмеркаваньня ў нейкай кампаніі, але камісія можа выбраць іншы варыянт і адправіць куды-небудзь навуковым супрацоўнікам (адкуль прыйшлі заяўкі ва ўстанову). І гэта, падкрэсьлівае дзяўчына, — з абавязковай умовай паступленьня ў асьпірантуру.

«Нас яшчэ палохалі, што нехта абавязкова пойдзе працаваць па заяўцы, бо кожны год яны некага адпраўляюць. І гэта сапраўды ціснула псыхалягічна, улічваючы, што даты папярэдняга і канчатковага разьмеркаваньня сказалі ў апошні момант. То бок калі ты трапляеш у магістратуру, атрымліваецца своеасаблівае рабства: пасьля магістратуры навуковым супрацоўнікам зараз бяруць толькі з умовай паступленьня ў асьпірантуру, бо грошай, каб плаціць заробак, няма (з рэдкім выключэньнем). А пасьля асьпірантуры прыйдзецца адпрацоўваць».

Калі маеш у Беларусі спэцыяльнасьць біёляга, выбар ёсьць толькі ў тым, у які інстытут пайсьці, і больш нічога, адзначае Кацярына.

«Пакуль што ў нашай краіне праца біёлягам ня лічыцца даволі прэстыжнай і запатрабаванай. А яшчэ страшна ўсьведамляць, што прыйдзецца адпрацоўваць два гады пасьля трох гадоў асьпірантуры. Мне вельмі некамфортна, я займаюся ня тым, чым хацела б, яшчэ і за малы заробак. Гэта даволі стрэсава і забірае ўсе сілы. Вельмі хацелася б, каб нешта зьмянілася ў лепшы бок за гэты час».

Дзяўчына кажа, што сябры ёй вельмі паспачувалі, а сям’я парадавалася, што яна будзе навукоўцам. Да сытуацыі, што амаль усім студэнтам, якія вучыліся на бюджэце, прыйдзецца адпрацоўваць менавіта ў дзяржаўных установах, Кацярына пасьля апошніх падзей у краіне ставіцца рэзка адмоўна.

«Гэта жахліва, што многім людзям прыходзіцца працаваць у дзяржаўных структурах, пакуль іх родныя сядзяць ці на іх заведзеныя крымінальныя справы. Ці калі яны самі адседзелі ці яшчэ як-небудзь пацярпелі ад дзяржавы. Я не асуджаю гэтага, бо пакуль мы ўсе вучыліся на бюджэце, ніхто ня мог адгадаць, як павернецца жыцьцё. Вядома, можна заплаціць кучу грошай і не адпрацоўваць. Але такія сумы ёсьць далёка ня ў кожнага».

На пытаньне, ці трэба пакінуць разьмеркаваньне ў новай Беларусі, дзяўчына адказвае:

«Ні ў якім разе. Я лічу, што гэта бессэнсоўнае абмежаваньне свабоды выбару працы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG