«У Анжалікі Борыс пагоршыўся стан здароўя, акрамя таго, абвастрыліся ранейшыя сымптомы, зьвязаныя з жаночым захворваньнем. Ёсьць патрэба ў лячэньні зубоў», — расказала ў Фэйсбуку Агнешка Рамашэўска.
Паводле яе зьвестак, Анжаліка Борыс у выніку пагадзілася выехаць у Польшчу, але ўлады стрымліваюць гэты працэс і спрабуюць такім чынам шантажаваць яе калегу, другога лідэра Саюзу палякаў, журналіста Анджэя Пачобута.
Раней Агнешка Рамашэўска першай паведаміла пра вызваленьне і вываз у Польшчу трох іншых фігурантак «польскай справы» — Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Ганны Панішавай. У траўні іх вызвалілі зь СІЗА і вывезьлі з краіны. Яны хоць і ў Польшчы, але застаюцца абвінавачанымі.
Старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка, яна ўтрымліваецца ў жодзінскім СІЗА. Жанчына праходзіць па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкула 130 КК).
У няволі цяпер застаюцца толькі Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут. У траўні ім таксама прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на выезд за мяжу, але яны адмовіліся. Неўзабаве пасьля гэтага журналіст адчуў пагаршэньне стаўленьня — яго паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму».
У СІЗА ён захварэў на каранавірус.