Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Важна выкарыстаць гэтыя некалькі гадоў»: у NATO абмяркоўваюць выдаткі на абарону ў сувязі з расейскай пагрозай 


Сьцяг NATO
Сьцяг NATO

У Брусэлі 5 чэрвеня праходзіць сустрэча міністраў абароны краін-сябраў NATO, дзе на парадку дня — падвышэньне абаронных выдаткаў да 5% ад ВУП, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Асноўнай мэтай візыту міністра абароны ЗША Піта Хегсэта, які прапусьціў усе пасяджэньні з Украінай («Рамштайн» і Раду Украіна—NATO), стала менавіта ўзгадненьне гэтага новага паказчыка.

«Каб быць альянсам, трэба быць больш, чым проста сьцягамі — патрэбныя баявыя фармаваньні. Трэба быць больш, чым проста канфэрэнцыямі — неабходная здольнасьць да боегатоўнасьці», — сказаў Хегсэт па прыбыцьці на сустрэчу зь міністрамі.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ патлумачыў: галоўная мэта павелічэньня абаронных выдаткаў — гэта недапушчэньне нападу на краіну-сябра альянсу. Каб гэтага дасягнуць, NATO павінна максымальна ўзмацніць сваю баяздольнасьць.

Амбасадар Злучаных Штатаў пры NATO Мэцью Вітакер, камэнтуючы патрэбу павялічыць абаронныя выдаткі і тэрміны дасягненьня гэтай мэты, назваў Расею «самай вялікай пагрозай» у эўраатлянтычнай прасторы. Пры гэтым раней дыпляматы меркавалі, што ЗША хочуць адмовіцца ад такой фармулёўкі.

«Ня мы вызначаем тэрміны, іх вызначаюць пагрозы. Расея перагрупуецца, адновіцца праз пяць гадоў, ці хутчэй», — лічыць Вітакер.

Міністарка нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакальене настойвае, што часу на чаканьні няма і сем гадоў на павышэньне абаронных выдаткаў да 5% ад ВУП — гэта задоўга.

"Калі мы ўсе давяраем нашай выведцы, калі мы давяраем вайсковай выведцы NATO, і яна кажа, што ўжо празь некалькі гадоў Расея зможа выпрабаваць NATO, што мы тады будзем рабіць? Будзем прасіць яе пачакаць, прасіць адтэрмінаваць дэдлайн? — спыталася міністарка.

Ваенная дапамога Украіне традыцыйна будзе ўлічвацца як выдаткі краін-сябраў NATO на абарону, гэта значыць будзе залічвацца пры вылічэньні паказчыка ў 5%.

  • Міністры абароны NATO сабраліся 5 чэрвеня ў Брусэлі на апошнюю сустрэчу перад штогадовым самітам Альянсу, які адбудзецца 24–25 чэрвеня ў Гаазе з удзелам 32 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у тым ліку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Галоўная тэма сустрэчы — грошы. Менавіта ў Гаазе афіцыйна павінны ўзгадніць новыя мэтавыя лічбы выдаткаў на абарону. Таму каб пазьбегнуць крызісаў на саміце NATO ў Гаазе, у штаб-кватэры імкнуцца ўзгадніць усе моманты да пачатку саміту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG