«Мне сёньня стала вядома, што падчас знаходжаньня ў карцары ў Дзяніса здарыўся сардэчны прыступ. Ніколі раней падобнага не адбывалася. Ня дзіўна, бо ў камэры «парыльня» — вокны зачыненыя, вэнтылятар перадаць нельга. Усё гэта называецца словам «катаваньне», — напісала яна ў Фэйсбуку.
Людміла Івашына нагадвае, што «карнікам рана ці позна давядзецца адказваць перад законам», і зьвяртаецца да сваякоў вязьняў: «Многія з вас, таксама як і я, вядуць „перапіску“ з так званымі „сілавымі“ органамі, пішам заявы, хадайніцтвы і іншае. Захоўвайце ўсе копіі гэтай перапіскі, усе квітанцыі заказных лістоў і іншае. Усё гэта спатрэбіцца ў судах пры іншай уладзе і іншай судовай сыстэме. Але абавязкова спатрэбіцца».
Маці расказала Свабодзе, што Дзянісу зрабілі ЭКГ і далі лекі «ад сэрца». Яна спадзяецца, што «Дзяніс будзе пад мэдычным кантролем і што дрэннага ня здарыцца».
Пра тое, што Дзяніса Івашына зьмясьцілі ў карцар, стала вядома 21 чэрвеня.
Раней, у траўні, яго таксама садзілі ў карцар на 7 сутак. Тады там было невыносна холадна.
Справа Івашына. Галоўнае
- Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачаньне па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
- Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязанае зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».
- Дзянісу Івашыну 41 год, жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, праз што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
- Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.