Журналіст Дзяніс Івашын з Горадні за кратамі 84 дні. Сядзіць у горадзенскай турме.
26 траўня ў яго памерла бабуля. Раісе Барысаўне было 95 гадоў. Родныя ёй не казалі, што ўнука пасадзілі, але яна здагадвалася. У апошнія дні яна заставалася ў сьвядомасьці. Гэта тая самая бабуля, па лекі для якой Дзяніс выйшаў у аптэку, калі яго затрымалі.
Сваякам сказалі, што Дзяніса, магчыма, прывязуць на пахаваньне. Аднак урэшце яму не паведамілі пра сьмерць і не дазволілі разьвітацца. Толькі пазьней родныя здолелі перадаць яму сумную навіну.
Настрой Івашына, па словах жонкі, раней быў бадзёры. Але цяпер вязень перажывае сьмерць бабулі і сумуе, што ня мог быць зь сям’ёй у гэты складаны час.
Нядаўна ў Дзяніса былі праблемы са здароўем, прасіў перадаць лекі. Цяпер адчувае сябе нармальна.
Газэту «Новы час», дзе працаваў Дзяніс, яму дагэтуль не перадаюць, хоць выпісалі яе з красавіка, даслалі квітанцыю ў турму, як належыць.
Час ад часу Івашыну прыносяць газэту «Советская Белоруссия», хоць сваякі яе не выпісвалі.
Апошнія лісты, якія прыйшлі сваякам ад Дзяніса, ён напісаў месяц таму — жонцы 28 красавіка і маці 29 красавіка. А абяцаў, што будзе пісаць сям’і раз на тыдзень. Таму родныя падазраюць, што лісты проста не даходзяць.
Самому Івашыну амаль за тры месяцы зьняволеньня перадалі 16–17 лістоў. Па падліках Вольгі, сябры адправілі ня менш за 50.
«Гэта толькі тое, пра што я ведаю. Дзе гэта ўсё?» — зьдзіўляецца яна.
На гэтым тыдні Івашыну змаглі перадаць перадачу, значыць, ён ня ў карцары.
«Як украінец напалову, Дзяніс вельмі любіць сала і просіць яго часта. З прысмакаў перадаём соўсы для смаку. Просіць зялёную гарбату, бо ня п’е чорнай гарбаты і кавы. Перадаём цыгарэты, хоць Дзяніс ня курыць, каб падзяліўся з сукамэрнікамі. Зеляніна, гародніна вельмі запатрабаваная ў турме, стараемся перадаваць гэтага больш», — расказвае Вольга пра тое, што кладуць у перадачы.
Сваякі хвалююцца, каб Івашына ў турме не пачалі катаваць. Падстава для трывогі — тое, што доўга няма лістоў.
«Мала лістоў. Хочацца ад яго самога пачуць, што зь ім усё добра», — тлумачыць жонка Вольга.
Родным вядома, што Дзяніса час ад часу выклікаюць на гутаркі і патрабуюць, каб ён прызнаў сябе вінаватым у нейкіх злачынствах. Ён сваёй віны ні ў чым не прызнае. Сьледчых дзеяньняў зь ім не вядуць. Ён па-ранейшаму сядзіць зь некалькімі «непалітычнымі» сукамэрнікамі.
Прыводзім фрагмэнт апошняга ліста, напісанага месяц таму, які жонка атрымала ад Дзяніса.
«Прывіт, маё каханае Сонейка! Прывіт, Волечка! Яшчэ на адзін тыдзень паменеў час нашае з табою разлукі, на цэлых сем дзён! Мы ўсё бліжэй і бліжэй адно да аднаго.
У мяне ўсё больш-менш нармальна, працягваю разбаўляць сваёй прысутнасьцю шэрань тутэйшае рэчаіснасьці. Тое, што адбываецца, успрымаю па-філязофску і з пэўным пераасэнсаваньнем каштоўнасьцей, вядома ж, у лепшы бок. Па сутнасьці, праходжу зараз навучаньне й атрымліваю дадатковы жыцьцёвы базіс, так бы мовіць, ужо ў трэцім „унівэрсытэце“.
Я табе ўжо зараз магу пэўна сказаць, што гэты экспірыенс значна ўзбагаціць і мой журналісцкі й публіцыстычны досьвед. Па сканчэньні гэтых маіх „прыгодаў“ ствараць інфармацыйны прадукт можна будзе на якасна іншым узроўні, пашырэньне праўды жыцьця без прыўкрасаў зайграе новымі фарбамі й адценьнямі.
Адзінае, што мяне вельмі засмучае ў гэтай сытуацыі, праз што я неймаверна пакутую, гэта разлука з табою».
6 чэрвеня Дзянісу споўніцца 42 гады. Напісаць яму можна па адрасе: 230023 турма № 1, Горадня, вуліца Кірава, 1, Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.
Сям’я Дзяніса Івашына таксама будзе ўдзячная за матэрыяльную падтрымку.
Справа Івашына. Галоўнае
- Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачаньне па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
- Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязанае зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».
- Дзянісу Івашыну 41 год, жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, праз што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
- Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.