У 2011 годзе мы папрасілі вядомых дзеячаў культуры суседніх краінаў напісаць навагодняе віншаваньне беларускім палітзьняволеным. Расейскі пісьменьнік Уладзімер Войнавіч прыслаў допіс, які пачынаўся словамі: «Уважаемые пленники презренного диктатора». Уражваў бязьлітасна дакладны выбар слова: ня вязьні, не арыштаваныя ці асуджаныя, не апанэнты ці дысыдэнты, а — палонныя. Гэта адразу пераводзіла сытуацыю з жорсткага задушэньня пратэстаў, рэпрэсій і іншых сынонімаў у гранічную яснасьць — гэта вайна.
Палітычныя суды ў Беларусі даўно не зьяўляюцца палітычнымі — гэта вайсковыя трыбуналы. Хто ведае сталінскую гісторыю, памятае, што ў 1930-я знакамітыя паказальныя, адкрытыя і закрытыя працэсы над намэнклятурай, вучонымі, пісьменьнікамі, вайскоўцамі і самімі катамі праходзілі пад маркай ваенкалегіі, абвінаваўцамі і выканаўцамі былі людзі ў пагонах.
Некалькі гадоў таму Лявон Вольскі напісаў песьню на тэкст, прысьвечаны раптоўнай зьмене паветра, сьвятла, прасторы, якую адчуваюць захопленыя у палон мірныя людзі. Песьня называецца «Палон» — і сёньня мы публікуем новы запіс гэтай песьні як прысьвячэньне нашаму калегу Ігару Лосіку і ўсім, каго судзяць у Гомлі — Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Уладзімеру Цыгановічу, Дзьмітрыю Папову і Арцёму Сакаву.
Музыка мацнейшая за вайну.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Верш Аляксандра Лукашука быў прадмовай да кнігі «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца пра судовы працэс над мытнікам Алесем Юркойцем і ягонымі калегамі.
Юркойцеў палон
Ты прачынаесься ранкам, а неба няма,
Ты выходзіш з дому, а дарогі няма,
Ты ўдыхаеш на поўныя грудзі, а паветра няма,
Ёсьць турма.
Ня ты натыкаесься на сьцяну, а яна на цябе,
Ня ты падаеш у бездань, а яна ў цябе,
Ня ты выключаеш сьвятло, а яно цябе,
Як на вайне.
Што застанецца, калі попел пакрые ўсё,
Што застанецца, калі вецер разьвее ўсё,
Што застанецца, калі скончыцца ўсё,
Толькі любоў.