Як расказала Аксана Пачобут, тэст на каранавірус Анджэю зрабілі толькі 16 чэрвеня. Карантын скончыцца праз 21 дзень — 8 ліпеня. Сам журналіст здолеў перадаць на волю, што захварэў, 11 чэрвеня.
Увесь час карантыну адвакат ня зможа наведваць палітвязьня. Апошні ліст, які прыйшоў жонцы ад Анджэя, датаваны 8 чэрвеня. Там ён піша, што ягонае самаадчуваньне пагаршаецца, зьбіваецца сардэчны рытм.
Цяпер Пачобут знаходзіцца ў інфэкцыйнай камэры пад назіраньнем. Калі паўторны тэст 29 чэрвеня будзе адмоўны, то яго перавядуць у звычайную камэру, дзе карантын працягнецца.
Анджэй прымае лекі, яму прызначылі антыбіётык, бо мае высокую хуткасьць асяданьня эрытрацытаў. Тэмпэратуру і сатурацыю яму мераюць. Лекар кажа, што яны ў норме.
Анджэй Пачобут зьняволены ўжо тры месяцы ў «польскай справе». Яму пагражае да 12 гадоў калёніі за «распальваньні варожасьці». Яму прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на выезд зь Беларусі. Ён адмовіўся. У Анджэя хворае сэрца, раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.