Раней Сьледчы камітэт ініцыяваў праверку на падставе скаргі расейца аб беспрычынным гвалце падчас затрыманьня. Па словах хлопца, сілавікі яго білі, «не шкадуючы рук і ног».
Партызанскі раённы суд Менску ў закрытым пасяджэньні разгледзеў скаргу на затрыманьне Ягора Дуднікава і яе не задаволіў. Абарона абскардзіла рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе, але таксама бясплённа. 31 траўня яго перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», ціск на палітвязьня не спыніўся і ў СІЗА. У запісцы зь ізалятару Ягор Дуднікаў расказаў пра катаваньні і біцьцё. Па словах ягонай маці Юліі, там яго аднойчы наведаў расейскі дыплямат, які паабяцаў паспрыяць, каб да зняволенага дапусьцілі лекараў. Аднак у выніку ўсё так і засталося абяцанкамі.
Запалохваньні, фізычны гвалт і ціск не спыніліся — яму пагражаюць, што «жывым з турмы ня выйдзе», працытавала маці допіс Ягора.
«Моцныя галаўныя болі, бессань, прыступы панічнага страху. Псыхатэрапэўт не прыходзіць, хоць пішу заявы празь дзень. Зуб баліць і ежа дрэнная. Катастрафічна не хапае вітамінаў і нармальных прадуктаў. Ад мамы дайшоў толькі адзін ліст, ад дзяўчыны — ніводнага! Затое было некалькі допісаў ад незнаёмых людзей, што вельмі ўзрадавала. Яшчэ Рыгор Кастусёў, зь якім сядзелі разам зь Віктарам Бабарыкам у СІЗА КДБ, перажывае, што яму не даходзяць лісты і навіны з волі... Знаходжаньне тут дае магчымасьць падумаць і моцна загартоўвае. Дзіка прашу прабачэньня і перадаю ўсім прывітаньні», — зьмяшчае ўрывак запіскі Ягора сайт «Вясна».
Цяпер Юлія Дуднікава рыхтуе звароты ў Камітэты ААН па фактах катаванняў і жорсткага абыходжання з сынам.