Ягора Дуднікава, які нядаўна пераехаў у Беларусь з Саратава, затрымалі 5 траўня, калі ён вяртаўся дахаты. Ягоныя бацькі даведаліся пра гэта на наступны дзень.
Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» пагаварылі з маці і адвакатам Ягора.
Юлія Дуднікава, Ягорава маці
— Вы цяпер у Менску знаходзіцеся?
— Не, на гэты момант я зьехала зь Менску ў Саратаў, вярнулася дадому.
— Ці зьвязваліся з вамі з консульства?
— Сёньня першы раз прыйшло паведамленьне, што так, узяліся за ягоную справу, што папрасілі да яго доступ, але запыт доступу з 25 траўня, хоць я да іх зьвярталася яшчэ 11-га; але лепш позна, чым ніколі.
— Гэта значыць, яны з вамі зьвязаліся толькі пасьля таго, як пра справу Ягора загаварылі журналісты?
— Так, толькі пасьля таго, калі стала пра Ягора вядома, толькі тады вось яны актывізаваліся.
— Ці ведаеце вы, дзе цяпер Ягор? Перавялі яго зь СІЗА КДБ?
— Так, мне стала таксама вядома ўскосна ад адваката, я пакуль яшчэ зь ім не размаўляла, што яго пераводзяць на Валадарскага, 2.
— Як атрымалася, што Ягор пераехаў у Менск?
— У Менск ён прыехаў дзеля дзяўчыны, у іх каханьне. Яму толькі 16 наступіла, калі яны пазнаёміліся, у іх зьявіліся пачуцьці, яны спачатку перапісваліся, потым адно да аднаго ў госьці езьдзілі і на нэўтральнай тэрыторыі сустракаліся. І калі Ягор адвучыўся на кухара, ён ужо зьехаў туды на пастаяннае месца жыхарства, але дзяўчына ўсё роўна малодшая за яго, ёй толькі сёлета спаўняецца 18, яны чакалі гэтага часу, каб пачаць сумесна жыць, неяк будаваць далей стасункі.
Ягор адукацыяй кухар. Ён туды паехаў працаваць як кухар, але, на жаль, у яго не атрымалася там уладкавацца кухарам, таму што не было рэгістрацыі. Гэта значыць, ён ня змог аформіць рэгістрацыю. Там такі ланцужок узаемазьвязаны атрымаўся, што без рэгістрацыі ты ня можаш працаваць, а каб атрымаць рэгістрацыю, трэба падстава, гэта значыць праца нейкая ці нешта з гэтага. Таму, на жаль, кухарам не атрымалася.
Але ў яго вельмі прыгожы голас, і ён стаў па-аматарску займацца агучваньнем, ён агучваў анімэ, відэагульні агучваў, яго запрашалі рэклямныя нейкія ролікі агучваць. І вось, уласна кажучы, апошнім часам ён гэтым і займаўся.
— Ці ўдзельнічаў Ягор у пратэставых акцыях летась?
— На жаль, невядома. Я ведаю, што адзін раз яго ледзь не затрымалі. Гэта я ведаю. Гэта адбылося, калі ён вяртаўся пасьля сьвяткаваньня свайго дня нараджэньня, якраз у кастрычніку ў яго дзень народзінаў быў, яму споўнілася 20 гадоў. Ён праводзіў дзяўчыну дахаты і вяртаўся дадому зь сябрам, убачыў, што хтосьці зь сілавых структур спрабуе затрымаць падлетка 13 гадоў. Яго гэта вельмі моцна абурыла: чаму дарослыя мужчыны спрабуюць затрымаць 13-гадовага, па сутнасьці, дзіця. І яны не змаглі прайсьці міма, і яны ўмяшаліся.
За гэта ім вельмі моцна, вядома, дасталася: аднаму мацней, Ягору крыху менш. Плюс у Ягора невялікае спадчыннае адхіленьне ў сэрцы, і яму проста стала дрэнна з сэрцам, і таму яго адвезьлі ў лякарню. І яму ўдалося пазьбегнуць затрыманьня. Ён быў увесь у сіняках, і нэрвовы зрыў у яго быў. Уласна кажучы, вось так.
— З моманту затрыманьня Ягора прайшоў амаль месяц. Ці разумееце вы, у чым яго абвінавачваюць?
— Мяне забівае тое, што два тыдні адвакат проста ня мог да яго трапіць. Мы ня ведалі, ні што яму прад’яўляюць, і да гэтага часу нават тое, што амбасада не напісала, яны не далі падстаў, гэта значыць за што яго затрымалі. Таму што я ведаю, што на ператрусе гаспадар кватэры быў панятым пры вобшуку Ягора, ён сказаў, што ў яго забралі толькі мікрафон. Усё, больш нічога.
— Гэта значыць, вы самі ўсё гэта высьвятлялі?
— Так, зноў жа, інфармацыю я атрымала ад гаспадара, што знайшлі, як наогул адбывалася затрыманьне, таму што мы ня ведалі, ён мне патэлефанаваў і сказаў: «Мама, я каля дома, зараз табе ператэлефаную». І ўсё, і ён проста прапаў. Толькі на наступны дзень, усю ноч я яму тэлефанавала, спрабавала неяк даведацца, што зь ім, — не змагла.
І толькі на наступную раніцу, дзесьці нават бліжэй да абеду, я даведалася, што яго затрымалі. І зноў жа, яго павезьлі, нам не сказалі куды, мы ўсё абзвоньвалі — не маглі дазнацца, дзе ён, што ён. Гэта, вядома, было жудасна, жудасны быў пэрыяд у нашым жыцьці.
Антон Гашынскі, адвакат Ягора Дуднікава
— Якую самую апошнюю інфармацыю вы маеце?
— Ягора няма ў СІЗА КДБ, пасьля абеду ён будзе перавезены ў СІЗА на Валадарскага. Каля СІЗА на Валадарскага афармляю дакумэнты і пляную альбо сёньня (31 траўня), альбо заўтра яго наведаць, у залежнасьці ад таго, ці пасьпеюць яго аформіць. На сёньняшні момант вядома, што яму выставілі абвінавачаньні. Абвінавачаньні прадʼяўленыя паводле частцы 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — гэта арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак.
— Ці правільна я разумею, што цягам двух тыдняў вы не змаглі дабіцца сустрэчы з Дуднікавым?
— Так, сапраўды, гэта так.
— У чым сутнасьць справы?
— На сёньняшні момант нам вядома, што яго абвінавачваюць у тым, што фактычна агучваў відэаролік, які давала апазыцыя непасрэдна за грошы, за ўзнагароджаньне. То бок, гэта яго звычайная работа, якой ён і заўсёды займаўся, — агучваў рэклямныя ролікі, анімэ, відэаролікі і гэтак далей.
— Чаму так доўга не даюць сустракацца адвакату з падабаронным?
— Ён быў у СІЗА КДБ, гэта дакладна вядома. Проста спачатку вельмі доўга сьледчы даваў дазвол на спатканьне зь ім, пасьля гэтага ў СІЗА КДБ было ня трапіць, таму што здарылася якраз справа TUT.BY, затрыманьне, справа Пратасевіча, Сапегі. У выніку там утварылася вялікая чарга адвакатаў, а кабінэт для спатканьняў толькі адзін.
— Ці быў Дуднікаў у прынцыпе ў СІЗА КДБ?
— Я гэтага камэнтаваць не магу, таму што я не валодаю дакладнай інфармацыяй, што там адбываецца: як у СІЗА КДБ, так і ў самым КДБ непасрэдна.