Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правяраюць заяву Ягора Дуднікава аб зьбіцьці падчас затрыманьня


Ягор Дуднікаў
Ягор Дуднікаў

Па факце паведамленьня пра тое, што да 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава быў прыменены гвалт, праводзіцца праверка.

Пра гэта паведаміў адвакат Антон Гашынскі.

«Гэтая праверка праводзіцца Сьледчым камітэтам у рамках гэтай жа крымінальнай справы, я так разумею, не асобна. Але мы падрыхтавалі скаргі і перадалі іх Ягору для накіраваньня ў інстанцыі, якія будуць праводзіць праверку, то бок старшыні КДБ і міністру ўнутраных спраў. У скарзе адлюстравана ўсё тое, што Ягор паведаміў у сваім звароце», — сказаў адвакат.

Раней «Новая газета» перадала словы Ягора, што яго, «не шкадуючы рук, білі нагамі і рукамі пры затрыманьні». «Наступствамі затрыманьня сталі сінякі і расколаты зуб», — сказаў ён. Перад вобшукам яго «два разы ўдарылі нагой у вобласьць грудзей».

У машыне закінулі на задняе сядзеньне, рукі былі пастаянна ў кайданках. Паводле Ягора, яму сказалі, што паедуць яго закопваць. «Саджаць бульбу» — так пажартаваў адзін зь сілавікоў.

Хлопцу раілі казаць «тое, што ім трэба, на камэру», маўляў, тады яго могуць дэпартаваць дадому. «Мяне білі, бо я віну не прызнаваў. Білі жорстка», — кажа Дуднікаў.

У панядзелак Партызанскі суд Менску ў закрытым пасяджэньні разгледзеў скаргу на затрыманьне Ягора Дуднікава. Суд скаргу не задаволіў. У сераду рашэньне раённага суду абарона абскардзіла ў Менскі гарадзкі суд, які таксама скаргу не задаволіў.

Ягоравай маці Юліі, якая жыве ў расейскім Саратаве, дагэтуль не дазволілі спатканьня з сынам у менскім СІЗА. Яна кажа, што сваякоў у Беларусі няма, таму перадачу зьбіралі супрацоўнікі расейскай амбасады, якія «трымаюць зь ім сувязь».

Грамадзяніна Расеі Ягора Дуднікава затрымалі ў Менску на найманай кватэры 4 траўня. Супраць яго пачалі крымінальную справу аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ) — нібыта за агучваньне фільмаў «для беларускай апазыцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG