У час турыстычнай выставы ў Доме мастака ў сталіцы Армэніі Ерэване нечакана сустрэліся вядомы блогер Аляксандар Лапшын, якога ўтрымлівалі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, і цяперашні пасол Беларусі ў Армэніі Аляксандар Канюк. Сябры і знаёмыя Лапшына не зразумелі, як ён мог выйсьці на адну сцэну з Канюком — той да 2020 году быў генэральным пракурорам і падпісваў дакумэнт на выдачу Лапшына ў Азэрбайджан.
Лапшын і зьняволеньне ў Беларусі і Азэрбайджане
Аляксандра Лапшына, які мае грамадзянства Расеі і Ізраілю, затрымалі ў сьнежні 2016 году ў Менску на запыт Азэрбайджану. Яго абвясьцілі ў міжнародны вышук за наведваньне Нагорнага Карабаху без дазволу ўладаў Азэрбайджану.
- Супраць выдачы блогера выступалі ўлады Расеі, Ізраілю і Армэніі. Аднак афіцыйны Менск, нягледзячы на ўсе пратэсты, выдаў Лапшына, а адным з тых, хто падпісваў дакумэнты на выдачу, быў тагачасны генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк, які цяпер працуе паслом Беларусі ў Армэніі. Другі подпіс належаў тагачаснаму намесьніку Канюка ў Генпракуратуры — Аляксею Стуку.
- У ліпені 2017 году бакінскі суд у Азербайджане асудзіў блогера на 3 гады пазбаўленьня волі. У верасьні таго ж году кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў памілаваў асуджанага, і таго экстрадавалі ў Ізраіль. У кастрычніку 2017 году блогер паведаміў, што падаў скаргу на Беларусь у Камітэт правоў чалавека ААН.
- У пачатку 2018 году Лапшын падаў скаргу на Азэрбайджан у Эўрапейскі суд у правах чалавека. Ён абвінаваціў азэрбайджанскія ўлады ў замаху на забойства, катаваньнях і незаконным пазбаўленьні волі.
- Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў вінаватым Азэрбайджан у катаваньнях і спробе забіць блогера. Цяпер Азэрбайджан мусіць выплаціць яму кампэнсацыю ў памеры 30 тысяч эўра. Сам Лапшын, зрэшты, ня верыць у тое, што афіцыйны Баку заплаціць гэтую суму.
Адказ блогера адносна сустрэчы з Канюком
Аляксандар Лапшын паведаміў, што плянаваў падрабязьней распавесьці пра абставіны адначасовай прысутнасьці з Канюком на выставе ў Ерэване пасьля яе завяршэньня, аднак імклівая рэакцыя грамадзкасьці змусіла яго зрабіць гэта ўжо цяпер. За апошнія дні яму патэлефанавалі, акрамя знаёмых, «некалькі ахвяр рэжыму Лукашэнкі і лідэр беларускай апазыцыі».
На выставе Лапшын і Канюк былі пачэснымі гасьцямі і нават адначасова выйшлі на сцэну, дзе іх сфатаграфавалі побач з пасламі Індыі і Італіі. Ад калектыўнага фота з Канюком пасьля выступленьняў за мікрафонам Лапшын адмовіўся, як і ад поціскаў рук.
Лапшын патлумачыў, што выдатна памятае, што менавіта Канюк стаяў за яго выдачай Азэрбайджану. Але разам з тым назваў цяперашняга беларускага пасла ў Ерэване адным зь людзей, «які ня мае ні свайго меркаваньня, ні сваёй пазыцыі. Гэта слугі Лукашэнкі, якіх кідаюць з адной пасады на іншую».
На выставе, па словах Лапшына, Канюк падыходзіў да стэнду Нагорнага Карабаху (у Армэніі спрэчны рэгіён называюць Арцахам — РС.), хваліў віно са Сьцепанакерту і казаў, як любіць армянаў. Пасольства Беларусі ў Ерэване на чале з Канюком, на думку блогера, — сакрэтнае прадстаўніцтва Службы дзяржаўнай бясьпекі Азэрбайджану ў Армэніі па зборы інфармацыі.
«Тым больш, з улікам таго, што пасол-пракурор Канюк ў кастрычніку-лістападзе 2020 году падчас вайны ў Нагорным Карабаху знаходзіўся ў складзе беларускай місіі ў Баку. Супадзеньне? Ня веру!» — напісаў Лапшын.
Аляксандар Лапшын у размове са Свабодай прызнаўся, што, на яго думку, Канюк, «адказны за пасадкі ў турмы тысяч беларусаў, павінен быць выгнаны з Армэніі».
«Адправілі яго сюды, каб ціха адседзецца, пакуль жарсьці ня згаснуць», — дадаў блогер.
Аляксандар Лапшын не аднойчы ладзіў акцыі ў падтрымку зьняволеных у Беларусі каля амбасадаў Беларусі ў Вільні і Лёндане і каля будынку Рады Эўропы ў Страсбуры.