Імша адбылася з нагоды юбілейнага 2025 году, эўхарыстыю ўзначаліў архібіскуп Юзаф Станеўскі, піша Vaticannews.va.
22 кастрычніка 2025 году каля пяцісот вернікаў зь Беларусі, пераважна зь Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, зьдзейсьнілі пілігрымку да галоўнага храму Каталіцкага касьцёла ў Рыме.
Урачыстая эўхарыстыя пачалася ў 15.00 пры алтары катэдры ў ватыканскай базыліцы. Яе ўзначаліў мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Юзаф Станеўскі.
Разам зь ім імшу служылі каля дваццаці сьвятароў, якія суправаджалі групы пілігрымаў з розных парафіяў, у тым ліку зь Менску, Нясьвіжу, Вялейкі. Літургічны сьпеў выконваў хор вялейскай парафіі, вернікі якой таксама дапамаглі ў арганізацыі набажэнства.
Да вернікаў прамовіў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі, які адзначыў, што прысутнасьць беларусаў ля магілы сьвятога Пятра — гэта знак вернасьці і еднасьці з Паўсюдным Касьцёлам.
Ён узгадаў пакутніка сьвятога Язафата Кунцэвіча, рэліквіі якога захоўваюцца ў ватыканскай базыліцы, і пакутнікаў ХХ стагодзьдзя. «Мы прыехалі з краіны, якая таксама вельмі шчодра палітая крывёю пакутнікаў за веру», — падкрэсьліў біскуп.
Архібіскуп Юзаф Станеўскі на заканчэньне імшы падзякаваў усім пілігрымам за ўдзел у гэтай асаблівай малітве ў сэрцы Каталіцкага касьцёла.
Форум