Дашкевіча затрымалі 23 красавіка падчас вахты каля рэстарана «Поедем поедим» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
Кожную пятніцу ён прыяжджаў на вахту на знак пратэсту супраць працы рэстарана побач зь месцам пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
26 красавіка суд Менскага раёну ў асобе судзьдзі Антона Колабава прызнаў Дашкевіча вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП) і арыштаваў на 20 сутак.
«Маньякаў у зонах не катуюць так, як арыштантаў па палітычных артыкулах. У жодзінскім ізалятары жалезныя нары (без матрацаў і бялізны. — РС). Нам яшчэ пашанцавала, што падлога драўляная. А ў большасьць камэр яна бэтонная. Сядзець на нарах увесь дзень не дазваляюць. Калі ты ясі і месцаў за сталом не хапае, ты мусіш сядзець на бэтоне ці стоячы. Гэта форма вычварэнства, якая не паддаецца лёгіцы. Усе астатнія, хто сядзіць не па палітычным артыкуле, яны маюць матрацы, кнігі, могуць сядзець на нарах, атрымліваюць перадачы», — расказаў Дашкевіч па вызваленьні.
Паводле яго, перадачы для «палітычных» «абмежавалі да немагчымага»: прымаюць рэдка, перадаюць ня ўсё, прымушаюць хутка зьядаць.
Ён таксама заявіў, што курапацкая варта ў ранейшай форме будзе лягічна завершаная.
Разам з Дашкевічам затрымалі Ганну Шапуцьку, Кірыла Лойку і яшчэ некалькі чалавек. Шапуцька 26 красавіка атрымала паводле аналягічнага артыкула 15 сутак арышту (суд Менскага раёну), Лойка — 5 сутак (тамсама).
Пасьля суду над Дашкевічам яго жонка накіравала ў Генэральную пракуратуру зварот з просьбай правесьці праверку ўмоваў знаходжаньня ў ІЧУ Менскага раёну арыштаваных паводле арт. 24.23 КаАП, паведамляе БелаПАН.
Як паведаміла Наста Дашкевіч, падчас судовага паседжаньня яе муж расказаў, што ў ІЧУ раёну створаныя «асобныя ўмовы для адміністрацыйна арыштаваных паводле артыкула 24.23 КаАП». У прыватнасьці, у іх няма пасьцельнай бялізны і матрацаў, людзі вымушаныя спаць на падлозе, а па начах — у 23.00 і 2.00 — да іх прыходзіць праверка.
«У камэрах для асуджаных паводле артыкула 24.23 КаАП РБ вісяць свае правілы распарадку і інструкцыі, якія адрозьніваюцца ад правілаў іншых вязьняў. Паводле майго мужа, у адміністрацыйна асуджаных па іншых артыкулах КаАП РБ умовы адбыцьця пакараньня адрозьніваюцца ў лепшы бок», — паведаміла Дашкевіч.
Яна просіць Генэральную пракуратуру правесьці тэрміновую праверку ўмоваў знаходжаньня арыштаваных паводле артыкула 24.23 КаАП у ІЧУ Менскага раёну на адпаведнасьць правілам унутранага распарадку і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а таксама правесьці пракурорскую праверку на наяўнасьць у дзеяньнях супрацоўнікаў ІЧУ прыкмет крымінальнага злачынства — распальваньня сацыяльнай варожасьці і перавышэньня службовых паўнамоцтваў.