Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ заявіў, што працягне працу з Украінай, нягледзячы на ўведзеныя Кіевам абмежаваньні


Прахадная МАЗ
Прахадная МАЗ

22 красавіка Ўкраіна ўвяла абмежаваньні на пастаўку грузавога і пасажырскага транспарту зь Беларусі. Але на менскім прадпрыемстве заявілі, што працягнуць пастаўкі тэхнікі.

Менскі аўтамабільны завод сумесна з афіцыйным дыстрыбутарам «СИИ «Гандлёвы Дом „МАЗ-Украіна“» працягвае сваю працу на рынку Ўкраіны ў звычайным рэжыме, гаворыцца ў паведамленьні на сайце Менскага аўтазаводу.

МАЗ падкрэсьліў у заяве, што рынак Украіны для прадпрыемства — адзін са стратэгічна важных.

«За час супрацоўніцтва наша прадпрыемства вырабіла і паставіла 1,5 тысячы адзінак пасажырскай тэхнікі ва ўсе рэгіёны краіны. Асабліва прадуктыўнымі былі апошнія тры гады, калі аб’ём паставак дасягнуў 250 адзінак у год. У грузавым сэгмэнце колькасьць рэалізаванай за апошнія 6 гадоў аўтатэхнікі дасягнула больш за 8 тысяч адзінак».

Таксама на МАЗе запэўнілі, што пастаўкі тэхнікі ва Ўкраіну працягнуцца пасьля 1 траўня ў поўным аб’ёме і ў названыя тэрміны.

На гэтым тыдні стала вядома, што Ўкраіна ўводзіць мыта на аўтобусы і іншыя транспартныя сродкі беларускай вытворчасьці ў памеры 35% ад мытнай вартасьці пастаўкі. Міжведамасная камісія ў міжнародным гандлі выявіла «факты дыскрымінацыйных і недружалюбных дзеяньняў з боку Рэспублікі Беларусь адносна законных правоў і інтарэсаў суб’ектаў зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Ўкраіны — прадпрыемстваў аўтамабілебудаваньня».

Камісія высьветліла, што беларускі ўрад «стварыў штучныя бар’еры ў дачыненьні імпартуемых з Украіны колавых транспартных сродкаў у выглядзе ўтылізацыйнага збору і няроўных умоў удзелу ў дзяржаўных закупках, у выніку чаго абцяжарваецца доступ прадукцыі ўкраінскіх прадпрыемстваў на рынак Беларусі».

Два іншыя антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні

Адначасова ўкраінская камісія паведаміла аб пачатку яшчэ двух антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў аб пастаўках беларускай прадукцыі ва Ўкраіну.

У прыватнасьці, гаворка пра некаторыя вырабы з асфальту і крухмалу з бульбы. Паводле ўкраінскіх вытворцаў аналягічнай прадукцыі, якія і зьвярнуліся да Міжведамаснай камісіі са скаргамі, беларускія кампаніі пастаўляюць гэтую прадукцыю па дэмпінгавых цэнах і ў вялікіх аб’ёмах.

Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны абвясьціла, што цягам 30 дзён праводзіць рэгістрацыю зацікаўленых бакоў, якія цягам двух месяцаў мусяць накіраваць пісьмовыя камэнтары і інфармацыю аб прадмеце расьсьледаваньня.

Згодна з заканадаўствам Украіны, тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а пры надзвычайных абставінах ён можа быць падоўжаны да 330 дзён.

Якая прадукцыя зь Беларусі знаходзіцца ў цэнтры расьсьледаваньняў

  • У лютым 2021 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абвясьціла аб пачатку антыдэмпінгавага расьсьледаваньня аб пастаўках ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі і Расеі.
  • У чэрвені 2020 году Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны ў інтарэсах пяці нацыянальных вытворцаў пачало антыдэмпінгавае расьсьледаваньне аб пастаўках фанэры зь Беларусі.
  • У лістападзе 2020 году Ўкраіна пачала антыдэмпінгавае расьсьледаваньне паставак цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі і Расеі, якія ў замежнаэканамічнай дзейнасьці кваліфікуюцца кодам ех 6806 10 00 00: шклавата, мінэральная сылікатная вата і аналягічныя віды мінэральнай ваты, за выключэньнем іх сумесяў.

Што ўжо знаходзіцца пад украінскім антыдэмпінгам

  • З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону памерам 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
  • У траўні 2020 году Ўкраіна абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам памерам 21,32%.
  • 1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
  • У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі зь Беларусі цэмэнтнага клінкеру і портляндцэмэнту мытам у памеры 57,03%.
  • Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавага збору, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
  • З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце». Сёлета абмежаваньні могуць перагледзець.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG