Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе па прылёце ў аэрапорт пяцярым пасажырам беларускага рэйсу адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну


Будынак адэскага аэрапорту.
Будынак адэскага аэрапорту.

Украінскія памежнікі пры афармленьні ў адэскім аэрапорце пасажыраў беларускага рэйсу «Менск-Адэса» адмовілі ва ўезьдзе на тэрыторыю Ўкраіны пяцярым грамадзянам Беларусі.

Як стала вядома Свабодзе, сярод іх — мужчына ва ўзросьце да 35 гадоў, пара ва ўзросьце 40–45 гадоў і дзьве жанчыны 32–33 гадоў. Фармальнай прычынай для адмовы ў складзеных пратаколах пазначылі «непацьверджаньне мэты знаходжаньня ва Ўкраіне».

Мужчыну і пару адправілі ў Менск зваротным рэйсам, а дзьве жанчыны мусілі застацца ў аэрапорце, бо ў самалёце ім не хапіла вольных месцаў. Яны будуць чакаць наступнага рэйсу, які адбудзецца ў пятніцу. У іх забралі пашпарты, і яны ня могуць пакінуць тэрыторыю аэрапорту.

Адна з пасажырак, якая вымушана чакаць наступнага рэйсу, паведаміла Свабодзе, што ляцела «з прыватна-турыстычным візытам у Адэсу да сябра».

«Па прылёце ў Адэсу мытнікі, пачуўшы мэту візыту „турызм, у госьці“, адразу адсартавалі мяне і яшчэ групку людзей на размовы. Размовы ішлі пад відэазапіс, распытвалі дэталёва пра мэту, ці сустракае тут хто, яго імя, адрас, кантакты. Бронь кватэры іх не асабліва зацікавіла. Пыталіся пра сфэру дзейнасьці, колькі грошай з сабой і гэтак далей.

Суб’ектыўна: ніякага прэсінгу, больш ветлівае выкананьне працэдуры, няясна было да апошняга моманту, што менавіта ня так. Вэрдыкт мне агучылі без спасылак на афіцыйныя пастановы ў фармулёўцы: „Зараз прыватныя візыты ва Ўкраіну без наяўнасьці сваякоў першага ўзроўню немагчымыя“.

Пазьней неафіцыйна дадавалі, што з прычыны спрыяньня Беларусі Расеі ў канфлікце з Украінай», — расказала Свабодзе Насьця (імя зьмененае, але рэдакцыя мае сапраўднае імя жанчыны).

Паводле яе, беларускі консул ім нічым ня змог дапамагчы. Ён параіў кіравацца ў плянаваньні вандровак інфармацыяй на афіцыйным сайце Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, дзе ёсьць папярэджаньне, што могуць разьвярнуць і без тлумачэньня прычын.

Насьця дадала, што цяпер яна ў залі для вылетаў.

«Прадстаўнік авіякампаніі („Белавія“) прапанаваў прывезьці ежу за наш кошт. На ноч абяцалі вызваліць службовы пакойчык, дзе ёсьць пара ложкаў. Гатэля ўнутры гэтай зоны няма, хоць, як паведаміў прадстаўнік кампаніі, наш выпадак — нават ня соты».

Што кажуць у памежнай службе

Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што, як і раней, памежнікі пры ўхваленьні рашэньня аб перасячэньні мяжы замежнымі грамадзянамі кіруюцца толькі нормамі заканадаўства і карантыннымі абмежаваньнямі, якія дзейнічаюць ва Ўкраіне.

«Забарона на ажыцьцяўленьне турыстычных паездак і наведваньне сваякоў у гэтых дакумэнтах не прадугледжана. Калі іншаземец меў належныя дакумэнты для перасячэньня мяжы, але ня змог пацьвердзіць мэту паездкі, інспэктар можа прыняць рашэньне аб адмове ва ўезьдзе», — сказаў ён Свабодзе.

Андрэй Дземчанка таксама падкрэсьліў, што рэгіянальныя ўлады ня маюць права ўводзіць дадатковыя абмежаваньні для іншаземцаў у сувязі зь пераходам на больш жорсткі карантын.

«Рашэньне аб забароне ўезду ва Ўкраіну грамадзянам замежных краін, як гэта было, напрыклад, летась, можа прыняць толькі ўрад, а не мясцовыя ўлады», — патлумачыў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

На пачатку красавіка ў сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца паведамленьні грамадзян Беларусі пра частыя адмовы ва ўезьдзе ва Ўкраіну. Шмат хто выказваў думку, што гаворка найперш ідзе пра мужчын прызыўнога ўзросту. Але Дзяржаўная памежная служба зьняпраўджвала гэтую інфармацыю

Якімі нормамі кіруюцца ўкраінскія памежнікі

У час эпідэміі, паводле пастановы ўкраінскага ўраду, іншаземцы, у тым ліку і грамадзяне Беларусі, для ўезду ва Ўкраіну павінны мець поліс абавязковага страхаваньня, а таксама адмоўны вынік PCR-тэсту на COVID-19. Тэст павінен быць зроблены ня больш як за 72 гадзіны да ўезду ва Ўкраіну.

Апроч таго, замежныя грамадзяне павінны пацьвердзіць дастатковае фінансавае забесьпячэньне свайго знаходжаньня ва Ўкраіне з разьліку 43 780 грыўняў на месяц (1 даляр = 27,83 грыўні). Пры гэтым у пастанове ўкраінскага ўраду адзначаецца, што памежнікі могуць правяраць фінансавае забесьпячэньне выбарачна.

Украінскія памежнікі таксама могуць праверыць дамову на турыстычнае абслугоўваньне, дакумэнты на браніраваньне гатэлю ці жытла, гарантыйны ліст (запрашэньне) прымаючага боку, а таксама квіток на вяртаньне.

Украіна толькі аднойчы ўводзіла абмежаваньні на ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам-мужчынам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, і тады яно датычылася выключна грамадзян Расеі. Гэта адбылося ў 2018 годзе ў часе ваеннага становішча, абвешчанага пасьля канфлікту ў Керчанскай пратоцы.

За час ваеннага становішча ў 2018 годзе Ўкраіна адмовіла ва ўезьдзе 12 мужчынам-беларусам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў. Афіцыйнай прычынай такога рашэньня тады таксама называлі тое, што яны не змаглі пацьвердзіць мэту сваёй паездкі.

На пачатку красавіка стала вядома, што Ўкраіна разглядае падрыхтоўку Беларусі і Расеі да правядзеньня супольных вайсковых вучэньняў «Захад-2021» і «эскаляцыю расейскага ўплыву на Беларусь» як пагрозу бясьпецы ў рэгіёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG