Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня маем права фінансаваць рэжым». Львоў адмовіўся купляць беларускія аўтобусы


Аўтобусы МАЗ, ілюстрацыйнае фота
Аўтобусы МАЗ, ілюстрацыйнае фота

Мэр Львова Андрэй Садавы заявіў аб намеры правесьці новы тэндэр для вызначэньня іншага пастаўшчыка аўтобусаў, якія гарадзкія ўлады купляюць за грошы Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку.

«Рэвалюцыя і пабудова дэмакратычнага грамадзтва — гэта справа беларускага народу. Але мы ня маем права фінансаваць „рэжым“. Бо ў нас ёсьць украінскія вытворцы, якія маюць патрэбу ў падтрымцы», — заявіў Андрэй Садавы.

Адначасова мэр Львова заклікаў усе рэгіянальныя ўлады Ўкраіны сфакусаваць сваю дзейнасьць на залучэньне нацыянальных вытворцаў у конкурсы на закуп прадукцыі, тавараў і паслуг за бюджэтныя і міжнародныя сродкі. «Давайце аб’яднаемся і створым такія ўмовы, каб усе нашы сродкі заставаліся тут. Каб тут людзі мелі працу, а не выяжджалі за мяжу. Калі мы ня будзем купляць наша, то пра якую падтрымку Ўкраіны можна казаць?», — дадаў мэр Львова.

Андрэй Садавы таксама заклікаў украінскі ўрад увесьці «абаронныя» тарыфы або адмысловае мыта на набыцьцё грамадзкага транспарту за мяжой.

У канцы 2020 году Менскі аўтамабільны завод выйграў конкурс на пастаўку 100 аўтобусаў у Львоў. Беларускае прадпрыемства прапанавала найбольш выгадныя цэны. Праграму па абнаўленьні грамадзкага транспарту Львова фінансуе Эўрапейскі інвэстыцыйны банк.

Раней стала вядома, што Беларусь сарвала дамову на пастаўку тралейбусаў у Жытомір, якую падпісвалі ў прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага ў кастрычніку 2019 году на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Намесьнік мэра Жытоміра Аляксандар Шаўчук паведамляў, што з прычыны зрыву тэрмінаў пастаўкі тралейбусаў горад плянуе прымяніць санкцыі да беларускага прадпрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG