Былая сьледчая тлумачыць, як прадухіліць катаваньні, хто будзе падлягаць люстрацыі, як пройдзе дэмілітарызацыя, як зьнікнуць абмежаваньні для жанчын у сыстэме МУС, чаму гэта будзе паліцыя, а не міліцыя, і што будзе зроблена, каб ніколі не паўтарыўся гвалт 2020–2021 гадоў.
Прапануем 15 фактаў пра рэформу МУС ад Сьвятланы Хілько
1. Паліцыя, а не міліцыя
— У слове міліцыя ёсьць «military», ваенізаванае фармаваньне. Адпачатку міліцыя — гэта не прафэсійныя праваахоўнікі, а людзі, якія часова сабраліся падчас надзвычайнай сытуацыі, каб забясьпечыць парадак у краіне ці рэгіёне. Паліцыя — людзі, якія пакліканыя абараняць горад. Гэта ад слова «поліс». Калі мы гаворым, што павінны перайсьці да грамадзка-арыентаванай паліцыі, то тэрміналёгія вельмі важная. Само перайменаваньне як часта рэбрэндынгу і пераходу на новыя рэйкі вельмі важнае. У тым ліку і для турыстаў. У новай Беларусі будзе шмат турыстаў, і пры патрэбе яны будуць зьвяртацца не ў міліцыю, а шукаць паліцыю на вуліцах гораду, бо так гэтыя органы называюцца ва ўсім сьвеце.
2. У законе ня будзе такой задачы, як «абарона інтарэсаў дзяржавы»
— Калі мы імкнёмся да сусьветных дэмакратычных стандартаў, нам трэба адыходзіць ад мінулага і пераходзіць на новую, грамадзка-арыентаваную паліцыю, у якой ня будзе паводле закону такой задачы, як абарона інтарэсаў дзяржавы. Цяпер такая задача ў законе стаіць на першым месцы. Што за дзяржава нейкая абстрактная? Атрымліваецца, што міліцыя — часовы орган, які быў створаны для забесьпячэньня функцыянаваньня новага рэжыму, калі прыйшла савецкая ўлада. Гэты орган, які першапачаткова абараняў рэжым, такім і застаўся. Фактычна цяпер мы маем службу аховы прэзыдэнта, і ўся краіна пераўтварылася ў службу аховы прэзыдэнта.
3. Прадухіленьне катаваньняў праз грамадзкі ўдзел і кантроль
— Праз укараненьне мэханізмаў грамадзкага кантролю, у тым ліку і ў дачыненьні да катаваньняў, іх можна прадухіліць, калі ёсьць дастатковая колькасьць праваабарончых арганізацый, якія гатовыя пэрыядычна інспэктаваць месцы зьняволеньня. Будзе дадзены кругласутачны доступ, праверка можа прыйсьці ў любы момант, і самі людзі змогуць кантраляваць абстаноўку за кратамі.
4. Турэмныя дактары ня будуць падпарадкоўвацца МУС
— Адбудзецца навучаньне ўсіх дактароў па Стамбульскім пратаколе (ёсьць добрыя мэтодыкі выяўленьня катаваньняў пры аглядзе людзей). Сыстэма, калі ў турмах дактары носяць пагоны, карумпаваная сама па сабе. Доктар не павінен мець пагоны, ён павінен клапаціцца пра здароўе, у тым ліку і зьняволеных. Ён не павінен падпарадкоўвацца МУС і атрымліваць загады зьверху, у тым ліку пра інфармацыю, якую можа абнародаваць. Сытуацыі, як са зьвесткамі аб праміле, за якую асудзілі доктара, трэба выкараніць. Будзе ўнутраны кантроль і спэцыяльныя трэнінгі.
5. Катаваньні — гэта ўсё, што прыносіць фізычная і маральныя пакуты
— Важна дакладнае вызначэньне катаваньняў. Іх робяць людзі, якія маюць уладу над чалавекам. Калі супрацоўнік пагражае сям’і, выбівае паказаньні пагрозамі, гэта катаваньні. І гэта ня толькі тое, што мы бачылі ў страшных фільмах пра вайну, хоць такія страшныя рэчы адбываліся і адбываюцца ў Беларусі цяпер. Катаваньне — гэта і паставіць у нязручную позу каля плота на вуліцы. Катаваньне — гэта трымаць на холадзе, пакласьці на падлогу ў спартовай залі і гадзінамі не дазваляць выйсьці, гэта не даваць пайсьці ў прыбіральню да моманту, калі чалавек ужо ня зможа стрымаць свае натуральныя патрэбы. Гэта маральнае прыніжэньне. Катаваньне — гэта забіраць бялізну ў зьняволенага, адключаць ваду, не даваць гігіенічныя рэчы. Катаваньні — гэта тое, што робяць службоўцы з пэўнай мэтай — прынізіць, падавіць волю за палітычныя погляды, за размову на беларускай мове.
6. Каго будзе датычыць люстрацыя
— Я б не хацела гаварыць пра люстрацыю ў кантэксьце МУС. Тут лепей гаварыць пра адказнасьць. Адказнасьць за ўчыненыя злачынствы панясуць усе — кіраўнікі, выканаўцы злачынных загадаў, людзі, які заводзілі незаконныя крымінальныя справы. Сутнасьць люстрацыі заключаецца ў тым, што мы не дапускаем да органаў кіраваньня дзяржаўнай улады людзей, якім мы не давяраем. Зь нейкіх прычынаў чалавек не «напрацаваў» на крымінальную справу, але мы кажам, што ёсьць шэраг крытэраў, па якіх ён можа жыць, працаваць, займацца рознай дзейнасьцю, але мы ня хочам, каб ён ствараў палітычныя партыі і вёў людзей за сабой, мы ня хочам, каб удзельнічаў у кіраваньні дзяржавай на пасадах, якія прадугледжваюць прыманьне сурʼёзных рашэньняў. Гэта да міліцыі ня мае ніякага дачыненьня. Выканаўцы, людзі, якія працуюць «на зямлі», не зьбіраюцца заўтра ствараць свае палітычныя партыі. Менавіта ў такім сэнсе люстрацыя ў паліцыі новай Беларусі не прадугледжаная.
7. Каб атрымаць пашпарт, не патрэбны чалавек у пагонах
— Частка кадравага складу выйдзе са структуры МУС. Ёсьць падразьдзяленьні, якія не выконваюць праваахоўную функцыю. У МУС і паліцыі, як частцы МУС, павінны заставацца тыя супрацоўнікі і падразьдзяленьні, якія займаюцца непасрэдна правааховай. Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў павінен існаваць асобна. У нас ёсьць пашпартная служба, якая сумяшчае функцыі кантролю за міграцыяй, і гэтыя функцыі павінны быць падзеленыя. Грамадзяніну, каб атрымаць пашпарт, ня трэба прыходзіць у міліцыю і кантактаваць з чалавекам у пагонах. Гэта можна зрабіць з дапамогай электроннага ўраду ці іншых сыстэмаў.
8. Скарачэньні ці зьмены праз аўдыт
— Наколькі трэба зьменшыць колькасьць супрацоўнікаў МУС? Мы ня ведаем, колькі людзей працуе ў міліцыі сёньня. Гэтая інфармацыя закрытая і засакрэчаная. Называць лічбы скарачэньняў цяпер — дылетанцкі падыход, а мы хочам выкарыстаць навуковы падыход і рабіць гэта дзеля краіны. Для гэтага трэба правесьці аўдыт, пагаварыць зь людзьмі, якія маюць практычны досьвед кіраваньня рознымі падразьдзяленьнямі, асобна правесьці аўдыт спэцпадразьдзяленьняў. Ёсьць спэцпадразьдзяленьне, пакліканае змагацца з тэрарызмам. Давайце правядзем аўдыт яго дзейнасьці за апошнія 10 гадоў і паглядзім, якія функцыі яно выконвала. Я ведаю, што гэтыя падразьдзяленьні вельмі моцныя і прафэсійныя, лічацца аднымі з найлепшых у краінах СНД і Эўропы. Ці застануцца супрацоўнікі ў рамках гэтых падразьдзяленьняў, ці мы прапануем іншую працу ў рамках іх абавязкаў, каб яны былі сапраўды карысныя сваёй краіне. Спэцыялістаў губляць мы ня хочам. Выганяць кагосьці, помсьціць і караць мы ня хочам. Усё будзе зроблена адкрыта і празрыста, і ўсе супрацоўнікі будуць мець права голасу ў гэтым працэсе.
9. Дэмілітарызацыя
— Міліцыя цяпер — моцная ваенізаваная структура, пачынаючы з назвы, у ёй званьні супадаюць з вайсковымі, форма падобная да вайсковай. Людзі, якіх мы бачым на вуліцы, маюць вобраз байца ці воіна, які зь некім ваюе ў сваёй жа дзяржаве. Ад гэтага вобразу трэба адыходзіць. Дэмілітарызацыя будзе заключацца ў зьмене вонкавага аблічча, у зьмене званьняў. Цяпер можна ўзяць чалавека з войска і паставіць яго кіраваць МУС, у іх званьні аднолькавыя, структуры фактычна адзіныя. У Пракуратуры і Сьледчым камітэце людзі ня маюць вайсковых званьняў, гэтаксама павінна быць і ў паліцыі. Дэмілітарызацыя — гэта працэс зьмены тактыкі кантактаў зь людзьмі, паводзінаў паліцыі на масавых мерапрыемствах. Цяпер гэта тактыка падаўленьня і застрашваньня. Яе трэба мяняць на тактыку перамоваў, мяккага суправаджэньня, забесьпячэньня бясьпекі людзей, якія выйшлі на вуліцу, але ніяк не цяперашніх жорсткіх захадаў.
10. Дэцэнтралізацыя
— Мы прапаноўваем максымальна прыбраць падпарадкаваньне вэртыкалі. Сёньня міністэрства — самы галоўны орган, які аддае загады ўсім зьверху ўніз. Мы хочам перавярнуць сыстэму цалкам і зрабіць асноўнай адзінкай тэрытарыяльны орган. Сёньня гэта раённае ўпраўленьне ці раённае аддзяленьне ўнутраных спраў. Яно павінна самастойна прымаць рашэньні і быць незалежным ад вобласьці ці сталіцы. На сваёй тэрыторыі, у сваім горадзе яны самі прымаюць рашэньні, як, напрыклад, арганізоўваць працу на масавых мерапрыемствах. Іх ня маюць права вывозіць у іншыя вобласьці ці завозіць усе сілы ў Менск, каб падаўляць пратэсты. Не, начальнік паліцыі Гомля ці Крычава можа сказаць, што яго людзі туды не паедуць. Гэта могуць быць дамоўныя адносіны, але ня ў форме загаду. Цяпер найвышэйшае кіраўніцтва мае ўсе рычагі ціску — начальніка міліцыі могуць звольніць, пазбавіць пэнсіі, да крымінальнай адказнасьці прыцягнуць. Гэтыя кіраўнікі павінны станавіцца максымальна незалежнымі ў прыняцьці сваіх рашэньняў.
11. Зьмяніць не людзей, а сыстэму
— Мы ўводзім мэханізмы, якія павінны не дапусьціць падзеяў, якія адбыліся ў 2020-2021 годзе. Звольніўшы ўсіх і замяніўшы людзей на новых, мы праблему ня вырашым. Украінскія калегі расказвалі пра стварэньне патрульнай паліцыі, калі з нуля былі набраныя вельмі ідэйныя людзі, якія ўдзельнічалі ў Майдане і сапраўды хацелі нешта зьмяніць у сваёй краіне, але хутка нешта зламалася, бо не была зьмененая сама сыстэма, не былі дапушчаныя праваабаронцы, грамадзянская супольнасьць. Таму мяняць трэба не людзей, а сыстэму.
12. Выбары мясцовых кіраўнікоў паліцыі
— Мы прапанавалі выбіраць кіраўнікоў падразьдзяленьняў паліцыі на абласным узроўні. Атрымалі шмат водгукаў, што гэтая схема патэнцыйна карупцыйная, бо чалавек у вобласьці, маючы сурʼёзныя фінансавыя сродкі, можа зрабіць добрую перадвыбарчую кампанію, абрацца і быць не зусім сумленным. Людзі прапануюць усё ж выбіраць на раённым узроўні, а не на абласным. Там, нават ня маючы матэрыяльных сродкаў, чалавек заўсёды навідавоку. Ён можа сустрэцца з 300, 400, 500 людзьмі, яму не патрэбныя сурʼёзныя эканамічныя ўкладаньні, каб правесьці выбары і абрацца на пасадзе. Мы хочам зрабіць тэставаньне. Ня трэба мяняць адразу ва ўсёй краіне, можам рабіць пілётныя праекты ў некалькіх раёнах. Калі людзі гатовыя выбіраць, дамо такую магчымасьць, калі не гатовыя, будзем прызначаць.
13. Гендэрная роўнасьць у органах унутраных спраў
— Я не прыхільніца, каб мы ставілі плянкі і вырашалі дабраць жанчын, каб было 50 на 50. І я б не вітала і цяперашнюю абмежавальную практыку. Цяпер у многіх падразьдзяленьнях ёсьць ліміт на жанчын. Калі я скончыла магістратуру і зьбіралася паступаць у адʼюнктуру ў Акадэмію МУС, мне было сказана, што на той момант ліміт на жанчын вычарпаны. У цябе, можа, большы ў гэтай сфэры патэнцыял, але мы вымушаныя ўзяць хлопца, магчыма, зь меншым патэнцыялам, таму што ў нас ёсьць ліміт. Гэта зьвязана з тым, што гэта мілітарызаваная структура. Трэба прыбіраць гэтыя перашкоды. Калі ты здольны і гатовы па прафэсійных якасьцях вытрымаць няпростую службу, перад табой павінны быць адчыненыя ўсе дзьверы. Мы ня робім палёгкі, ня ставім перашкодаў, а патрабуем аднолькава ад любога супрацоўніка.
14. Жанчыны-кіраўніцы і дэкрэтны адпачынак
— Трэба прыбраць гендэрныя моманты пры прасоўваньні па службе і пры прызначэньнях. Я ведаю вельмі шмат таленавітых жанчын у міліцыі, у Сьледчым камітэце, якія не становяцца кіраўніцамі і начальніцамі проста таму, што яны жанчыны. Сядзіць «мужчынскі клюб», усе людзі, якія прымаюць рашэньні, — гэта мужчыны, і яны вырашаюць, хто будзе кіраўніком, з кім яны будуць весьці дыялёг у кабінэце, і ім часам бывае складана разгледзець жаночую кандыдатуру. Я перакананая, што гэта можна памяняць ня штучнымі мэтадамі праз плянкі, а натуральным шляхам.
Падчас працы над рэформай адзін з удзельнікаў запытаўся: калі ўсё пойдуць у дэкрэтны адпачынак адразу, як жа мы будзем працаваць? У нас ёсьць дактары, настаўнікі, пераважна жанчыны. І што, такая трагедыя, што ўсе пайшлі ў дэкрэтны адпачынак і не вярнуліся? Ніхто не перашкаджае і мужчыну выходзіць у дэкрэтны адпачынак. Гэта пакуль ня вельмі практыкуецца ў Беларусі, але, жывучы ў ЗША, я бачу, што жанчыны і мужчыны на роўных выходзяць.
15. Палітычнае прызначэньне і цывільная асоба на чале МУС
— У нашай прапанове рэформы міністар унутраных спраў — цывільная асоба. Гэта палітычнае прызначэньне. Міністар дамаўляецца аб міжнароднай супрацы, напрыклад, каб нашы паліцыянты далучыліся да Эўраполу і маглі ўдзельнічаць у сумесных праектах. Гэты чалавек ва ўрадзе прадстаўляе МУС, а само міністэрства займаецца навуковай, аналітычнай дзейнасьцю, працуе зь вялікай базай дадзеных. Гэта не міністар, які будзе ўсім аддаваць загады зьверху ўніз. Гэта складана ўкласьці ў галаве, столькі гадоў пражыўшы ў таталітарнай сыстэме, але роля міністра будзе значна меншая, чым цяпер.
- Сьвятлана Хілько скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў і 10 гадоў працавала ў праваахоўных органах Беларусі. У 2012 годзе яна звольнілася са Сьледчага камітэту ў званьні капітана. Апошнія гады Сьвятлана жыве ў Каліфорніі, працуе ў IT-кампаніі, займаецца тэставаньнем праграмнага забесьпячэньня бесьпілётных аўтамабіляў. Да гэтага працавала ў кампаніях Groupon і Microsoft.