Канада адклікала дазвол на экспарт у Турэччыну тэхналёгій, зьвязаных з бесьпілотнікамі, інфармуе «Голас Амэрыкі».
Канадзкі ўрад прыйшоў да высновы, што гэтае абсталяваньне выкарыстоўвалася азэрбайджанскімі сіламі, якія змагаліся з Армэніяй у Нагорным Карабаху.
Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Марк Гарно.
«Такое выкарыстаньне не адпавядала ні замежнай палітыцы Канады, ні гарантыям канчатковага выкарыстаньня, дадзеных Турэччынай», — гаворыцца ў заяве Гарно.
Ён дадаў, што выказваў сваю заклапочанасьць міністру замежных спраў Турэччыны Мэўлюту Чавушаглу.
- Турэцкія дроны, паводле вайсковых экспэртаў, адыгралі вырашальную ролю ў перамозе Азэйрбайджану ў вайне за Нагорны Карабах у 2020 годзе.
- Турэцкія дроны стаяць на ўзбраеньні і ва ўкраінскіх узброеных сілах. Цяпер Украіна вядзе перамовы аб куплі новай партыі дронаў.