Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна не адна», «Зяленскі зьнішчыў сябе». Рэакцыі на сустрэчу Трампа і Зяленскага


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сусьветныя лідэры адрэагавалі на тое, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паспрачаліся ў жывым этэры падчас сустрэчы ў Белым доме, пасьля чаго далейшая сустрэча была адмененая.

Кіраўніца МЗС Нямеччыны Анналена Бэрбак напісала ў сацсетцы X, што «Украіна не адна. Нямеччына разам з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі выступае разам з #Украіна — і супраць расейскай агрэсіі. Украіна можа абапірацца на нязьменную падтрымку Нямеччыны, Эўропы і ня толькі».

«Дарагі прэзыдэнт Зяленскі, дарагія ўкраінскія сябры, вы не адны», — напісаў у сацсетцы X прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

«Расея — агрэсар, Украіна — краіна, якая зазнала агрэсію. Мы павінны паважаць тых, хто змагаўся з самага пачатку», — заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Гішпанскі прэм'ер-міністар Пэдра Санчас напісаў у X, што Гішпанія з Украінай.

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан адрэагаваў на спрэчку паміж прэзыдэнтамі ЗША і Ўкраіны Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім.

«Моцныя лідэры ствараюць мір. Слабыя ваююць. Сёньня прэзыдэнт Трамп сьмела выступаў за мір. Нават калі многім гэта цяжка прыняць. Дзякуй за гэта», — напісаў Орбан у сацсетцы Х.

Вярхоўная прадстаўніца ЭЗ у міжнародных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас выказала падтрымку Ўкраіне і заявіла аб намеры павялічыць дапамогу ёй.
«Мы будзем павялічваць нашу падтрымку Ўкраіны, каб яна магла працягваць абараняцца ад агрэсара. Сёньня стала ясна, што вольнаму сьвету патрэбны новы лідэр. Гэта мы, эўрапейцы, павінны прыняць гэты выклік», — дадала яна.

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр правёў размову з прэзыдэнтамі Ўкраіны Зяленскім і Францыі Макронам.

Як заявіў прэсавы сакратар кіраўніка брытанскага ўраду, Стармэр зь нецярпеньнем чакае «у нядзелю прыняць міжнародных лідэраў, у тым ліку прэзыдэнта Зяленскага».

«Стармэр захоўвае непахісную падтрымку Ўкраіны і адыгрывае сваю ролю ў пошуку шляху наперад да трывалага міру, заснаванага на сувэрэнітэце і бясьпецы Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара прэм'ера Вялікай Брытаніі, якую цытуе Reuters.

Амэрыканскі сэнатар Ліндсі Грэм заявіў на FOX: «Зяленскі павінен альбо прынцыпова зьмяніцца, альбо сысьці. Зяленскі сёньня маргіналізаваў сябе».

Былы прэм’ер-міністар Швэцыі Карл Більт:

«Я магу зразумець Зяленскага, калі ён супраціўляўся Трампу, крытыкуючы ягоныя размовы з Пуціным пра Ўкраіну. Вельмі магчыма, што пасьля гэтага ЗША цалкам сыдуць са сцэны, але тады Эўропа павінна сур’ёзна заняцца бясьпекай і падтрымкай Украіны».

Былы вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у міжнароднай палітыцы і пытаньнях бясьпекі Жузэп Бурэль напісаў: «Трамп і Вэнс зладзілі ганебнае шоў. Мне сорамна за такія паводзіны. ЗША заслугоўваюць чагосьці лепшага. Вольны сьвет павінен падтрымаць Украіну. Я быў і застаюся зь Зяленскім».

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа: «Украіна, ты ніколі ня будзеш самотнай».

Ілан Маск, кіраўнік агенцтва па эфэктыўнасьці ўраду ЗША, напісаў, што «Зяленскі зьнішчыў сябе ў вачах амэрыканскага народу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG