Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю. Што пра яго вядома і ці пісаў ён пра Беларусь


Падчас інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі і Марыё Наўфаля
Падчас інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі і Марыё Наўфаля

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што ў Менск паступае шмат прапановаў аб інтэрвію ад заходніх выданьняў. Цяпер Лукашэнка вырашыў паразмаўляць з блогерам, рэпутацыя якога неадназначная.

Агенцыя БелТА прадставіла Марыё Наўфаля як «амэрыканскага крыптапрадпрымальніка і блогера, аўтара праекту „Круглы стол“ на плятформе X.

Вядома, што ён нарадзіўся ў Лібане, мае аўстралійскае грамадзянства і дазвол на жыхарства ў ААЭ. У шэрагу СМІ яго называюць пратэжэ Ілана Маска, якому даручана фармаваньне так званых новых мэдыя сацыяльных сетак. Маск рэгулярна дзеліцца ў сваім Х пастамі Наўфала.

Праект Наўфаля „Круглы стол“ — відэаінтэрвію з палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі. Вядома, што гасьцямі былі прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца, экс-прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару, былы прэм’ер-міністар Пакістану Імран Хан.

Сябе Наўфал лічыць «максымальна аб’ектыўным чалавекам» і бачыць сваёй місіяй «выбудоўваньне мастоў паміж Захадам і Ўсходам з дапамогай новых мэдыя».

Што Наўфаль пісаў пра Беларусь

Сярод пастоў Наўфаля ў сацыяльнай сетцы Х можна знайсьці і пост пра палітычныя рэпрэсіі Беларусі, у тым ліку супраць журналістаў. 12 сьнежня 2024 году Наўфаль, спасылаючыся на агенцтва АР, напісаў, што «беларускія ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі перад студзеньскімі выбарамі, спрабуючы прымусіць замаўчаць крытычныя галасы».

У пасьце Наўфаля, які мае на Х два мільёны падпісантаў, гаворыцца, што 42 беларускія журналісты цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў, а таксама згадваецца апошняе затрыманьне ў сьнежні ў Баранавічах 7 былых супрацоўнікаў закрытага ўладамі незалежнага выданьня Intex‑press, уключаючы яго заснавальніка Ўладзімера Янукевіча, якіх абвінавацілі ў «падтрымцы экстрэмісцкай дзейнасьці».

«Арышты адлюстроўваюць працяг перасьледу Лукашэнкам іншадумства, пры гэтым 1300 палітычных зьняволеных па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў суровых умовах», — гаворыцца ў пасьце Наўфаля.

24 студзеня 2025 году Наўфаль без камэнтара распаўсюдзіў інфармацыю БелТА і расейскай прапаганды пра тое, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША нібыта выдаліў з сайту заяву з крытыкай прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі аўтарства папярэдняга дзяржсакратара Энтані Блінкена.

Каманда Weekly Top Fake высьветліла, што БелТА апублікавала лжывую інфармацыю. У самым нізе старонкі, на якой была апублікаваная заява, указалі прычыну яе перамяшчэньня, а не выдаленьня:

«Мы ствараем архіў сайту State.gov у канцы кадэнцыі кожнай прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гэта стандартная практыка з заканчэньня працы адміністрацыі Клінтана ў 2001 годзе. Калі патрэбнае вам зьмесьціва адносіцца да папярэдняй адміністрацыі, вы можаце скарыстацца пошукам па нашых архіўных сайтах». Пад гэтым тлумачэньнем ёсьць і спасылка на архіў.

Каманда WTF перайшла ў архіў і па назьве краіны знайшла тэкст з заявай Блінкена пра непрызнаньне выбараў у Беларусі. З прыходам новага дзяржаўнага сакратара — гэтую пасаду 21 студзеня 2025 году заняў Марка Рубіё — на сайце Дзярждэпартамэнту публікуюць навіны толькі пра яго і ягоную каманду. Адпаведна, ніякага выдаленьня, а значыць, і скасаваньня заявы Блінкена як прадстаўніка ЗША, насамрэч не было, яна засталася ў сіле. Але Наўфаль замест праверкі дэзынфармацыі проста пашырыў яе.

Дзе яшчэ знайшлі ў Наўфаля няправільную інфармацыю

26 лютага ў сетцы X Марыё Наўфаль разам зь іншым блогерам Алексам Джонсам распаўсюдзілі лжывую інфармацыю перад мільёнамі сваіх падпісантаў. Яны напісалі аб тым, што ў Румыніі пракуратура арыштавала Кэліна Джарджэску, былога кандыдата ў прэзыдэнты краіны, якога называюць прарасейскім. Але насамрэч ніякага затрыманьня ці арышту Джарджэску не было, ён быў на 5-гадзінным допыце ў пракуратуры і застаўся на волі. Наўфаль нядаўна апублікаваў камплімэнтарнае інтэрвію з Джарджэску.

Акрамя таго, Наўфаль напярэдадні датэрміновых выбараў у Бундэстаг у Нямеччыне актыўна публікаваў допісы ў падтрымку «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (AfD) — ультраправай партыі, якую раней падтрымаў Ілан Маск.

Наўфаль таксама апублікаваў здымкі і відэа масавай маніфэстацыі ў Бэрліне, напісаўшы, што гэта пратэсты бэрлінцаў супраць лагоднай міграцыйнай палітыкі і ў падтрымку AfD. Але насамрэч гэта былі, наадварот, пратэсты супраць ультраправых, якія ішлі ў парлямэнт краіны.

Не зьняпраўдзіўшы раней пададзенай інфармацыі, Наўфаль неўзабаве абвінаваціў улады Нямеччыны ў арганізацыі пратэстаў супраць AfD і фінансаваньні іх удзельнікаў нібыта з кішэні падаткаплатнікаў. Інфармацыя Наўфаля грунтавалася на публікацыі выданьня Bild, але арганізацыя Campact, што фігуравала ў артыкуле, рэзка заявіла, што ніякай грашовай дапамогі на сваю дзейнасьць з фэдэральнага бюджэту не атрымлівае.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG