Трамп сказаў, што Зяленскі падчас гутаркі праявіў непавагу да ЗША. На пытаньне журналіста тэлеканала, ці варта яму папрасіць прабачэньня ў Трампа, прэзыдэнт Украіны адказаў: «Мы павінныя быць адкрытымі і сумленнымі, я не ўпэўнены, што мы зрабілі што-небудзь дрэннае». У адказ на пытаньне, ці мае рацыю Дональд Трамп, што Зяленскі ніколі не падпіша пагадненьня з Уладзімірам Пуціным, прэзыдэнт Украіны адказаў «не». «Мы гатовыя да міру, але мы павінныя быць у моцнай пазыцыі» — сказаў ён. «Украіне будзе цяжка стрымліваць расейскія войскі без падтрымкі ЗША» — адзначыў ён у інтэрвію.
Наступнымі крокамі, лічыць Зяленскі, павіннае стаць падпісаньне пагадненьня па карысных выкапнях — паміж міністрамі або паміж урадамі. Ён мяркуе, што адна толькі прысутнасьць амэрыканскіх кампаній ня спыніць новую агрэсію Расеі: «Ва Украіне, у тым ліку на часова акупаваных тэрыторыях, працуюць больш за два дзясяткі амэрыканскіх кампаній. Пуціна гэта не спыніла» — заявіў ён.
Як паведамляе CNN са спасылкай на чыноўніка адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, пасьля спрэчкі з Зяленскім Трамп сустрэўся са сваімі ключавымі дарадцамі ў Авальным кабінэце — віцэ-прэзыдэнтам Джэям Д.Вэнсам, дзяржсакратаром Марка Рубіё, міністрам фінансаў Скотам Бесантам і іншымі дарадцамі.
Як паведамляе CNN, менавіта тады Трамп канчаткова вырашыў, што Зяленскі «ня ў тым месцы для перамоваў». Ён даручыў Рубіё і свайму дарадцу ў нацыянальнай бясьпецы Майку Ўолцу перадаць паведамленьне: Зяленскаму час сыходзіць.
Украінская дэлегацыя месьцілася побач у асобным пакоі, што зьяўляецца стандартнай практыкай падчас візыту замежнага лідэра.
Афіцыйны прадстаўнік Белага дома паведаміў CNN, што ўкраінцы пратэставалі і хацелі працягнуць перамовы, але ім было адмоўлена. Неўзабаве Зяленскі пакінуў Белы дом.
Форум