Сьвет загаварыў пра рэдказямельныя мэталы, а беларускія навукоўцы з Акадэміі навук цягам дзесяцігодзьдзяў спрабавалі зьвярнуць увагу ўладаў на тое, што ёсьць «жывое золата», якое ляжыць на паверхні і патрабуе мінімальнага ўдзелу геолягаў дзеля яго здабычы і перапрацоўкі. Пра гэта Свабодзе расказаў навуковец, хімік Сяргей Бесараб. На яго думку, у адкідах Гомельскага хімічнага камбінату добрая канцэнтрацыя многіх рэдказямельных элемэнтаў. «Але ўлады не лічылі патрэбным інвэставаць у дасьледаваньні нават мінімальныя сумы».
Сяргей Бесараб патлумачыў, што такое рэдказямельныя мэталы, навошта яны Трампу, колькі такіх карысных выкапняў у Беларусі і ці можна на гэтым зарабіць.
Што такое рэдказямельныя мэталы
— Рэдказямельныя элемэнты — гэта далёка ня самыя рэдкія ў прыродзе элемэнты. Хоць шмат каму можа здацца менавіта так, бо так сусьветныя СМІ прадстаўляюць гэтую сытуацыю зараз. Рэдказёмы — гэта прыкладна паўтара дзясятка так званых лянтаноідаў, блізкіх па хімічных уласьцівасьцях элемэнтаў адной групы. І гэтыя лянтаноіды сустракаюцца вельмі часта на Зямлі.
Больш за тое, калі глядзець на абсалютную іх колькасьць (у геалёгіі гэта вызначаецца т. з. кларкам, то бок колькасьцю грамаў элемэнта на тону зямной кары), то атрымаецца, што, напрыклад, таго ж цэрыю на Зямлі больш, чым медзі. Нэадыму столькі ж, колькі цынку, лянтану больш, чым сьвінцу. А, напрыклад, самарыю больш, чым малібдэну, які калісьці выкарыстоўваўся ў «лямпачках Ільліча».
Рэдкасьць гэтых элемэнтаў палягае ў іх расьсеянасьці і адсутнасьці багатых радовішчаў. У адрозьненьне ад звыклых нам жалеза ці алюмінію, што сканцэнтраваныя ў рудах, рэдказёмы сустракаюцца толькі ў складаных мінэралах і патрабуюць вельмі працаёмкіх працэсаў перапрацоўкі.
Рэдкасьць гэтых элемэнтаў — у іх расьсеянасьці і адсутнасьці багатых радовішчаў
Унікальнасьць рэдказёмаў — ня ў іх наяўнасьці ў зямной кары, а ў наяўнасьці эфэктыўных і эканамічна мэтазгодных спосабаў іх вылучэньня з гэтай кары. Напрыклад, у велізарным СССР прадпрыемства з падобнымі кампэтэнцыямі было толькі адно — так званы «Сілмет». Сіламяэскі завод рэдкіх мэталаў у эстонскім горадзе Сіламяэ быў заснаваны яшчэ ў саракавых гадах мінулага стагодзьдзя для ўзбагачэньня ўранавых рудаў і пазьней пераарыентаваны на рэдказямельныя мэталы. Пасьля распаду СССР ён, дарэчы, стаў прыватным, і сёньня гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў рэдказямельных мэталаў у Эўропе.
Гэтыя мінэралы крытычна важныя. Напрыклад, нэадым, празэадым, дыспрозій выкарыстоўваюцца для магнітаў у электраматорах і дронах. Гэта значыць, усе дроны робяцца з выкарыстаньнем гэтых рэдказёмаў. Жорсткія дыскі кампутарныя, ветрагенэратары — там усе пералічаныя рэдказёмы. Тэрбій выкарыстоўваецца ў сплавах для авіяцыі. Цэрый і лянтан выкарыстоўваюцца для каталізатараў, у тым ліку аўтамабільных. Эрбій і ітэрбій ідуць для валаконнай оптыкі, эўропій — найважнейшы кампанэнт люмінафораў для дысплеяў смартфонаў і тэлевізараў, цэрый і лянтан прымяняюцца для паліроўкі шкла, стварэньня высакаякаснага авіяцыйнага шкла. Той жа, напрыклад, гадаліній, які, думаю, многім вядомы, — гэта незаменнае кантрастнае рэчыва ў МРТ, а гэта таксама рэдказямельны мэтал. І вось гэты пералік можна працягваць бясконца.
Навошта Трампу рэдказямельныя мэталы
— У 2020 годзе, яшчэ да пачатку вайны ва Украіне, геалягічная служба ЗША апублікавала дакумэнт, у якім пералічыла крытычна важныя для нацыянальнай бясьпекі сыравінныя рэсурсы. І вось у гэты сьпіс трапілі амаль усе лянтаноіды. І з пазнакай — 100% імпарт. Гэта значыць, яны на 100% імпартуюцца ў ЗША.
Паводле дадзеных той жа геалягічнай службы ЗША, найбуйнейшы вытворца рэдказёмаў — гэта Кітай. Каля 70% сусьветнай вытворчасьці. А найбуйнейшыя запасы рэдказёмаў — гэта Кітай, Віетнам, Бразылія. Таму ня дзіва, што Трамп вырашыў узяць быка за рогі. І гэтае пытаньне хвалявала яго яшчэ і ў першы тэрмін, то бок да публікацыі гэтага дакумэнту
Так званы «рэдказямельны гештальт» Трампа ня быў закрыты ў ягоны першы тэрмін
У 2017 годзе Трамп ужо заключаў дамову з тагачасным прэзыдэнтам Афганістану Махамадам Гані аб супрацы ў здабычы і распрацоўцы рэдкіх мэталаў. Чым гэта ўсё скончылася для Афганістану і ЗША, мы ведаем. То бок відавочна, што так званы «рэдказямельны гештальт» Трампа ня быў закрыты ў ягоны першы тэрмін. І вось зараз ён спрабуе яго закрыць менавіта Ўкраінай.
Украіна мае некалькі радовішчаў рэдказёмаў. Яны сканцэнтраваныя ў асноўным на ўсходзе і на поўдні Ўкраіны — гэта так званае Азоўскае радовішча ў Запарожжы і Прыазоўе. Ёсьць яшчэ Кіраваград у Цэнтральнай Украіне і Ваўчанскае радовішча нэфэлінавых рудаў. Лічыцца, што запасы ўкраінскіх рэдказёмаў складаюць прыкладна 500 000 тон. Але ўзровень выведкі і асваеньня рэдказёмаў Украіны — надзвычай нізкі.
Напрыклад, запасы ў Расеі ацэньваюцца ў 12–15 млн тон. Запасы Афганістану — прыкладна 2 млн тон, хоць яны там сканцэнтраваныя ў адной правінцыі, Гельмендзе. Для параўнаньня, Кітай — сусьветны лідэр і па запасах, і па экспарце рэдказёмаў — мае іх прыкладна 50 млн тон. Такая цана пытаньня.
А што ў Беларусі
— У Беларусі яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя таксама знайшлі некалькі радовішчаў рэдказямельных элемэнтаў. Гэта дыябазавае радовішча ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці, дзе былі выяўленыя сьляды ітрыю і тэрбію. І так званы Гомельска-Добрускі магматычны вузел, у якім знойдзеныя сьляды тулію. Але ў часы СССР гэтыя запасы былі прызнаныя нязначнымі і ня маючымі камэрцыйнай каштоўнасьці. Хоць зараз у рамках бягучага мэдыйнага і палітычнага парадку дня з паляваньнем на рэдказёмы нават малыя запасы могуць набыць значэньне.
Аднак засяроджвацца на беларускай геалёгіі, на мой погляд, абсалютна ня варта хоць бы таму, што ўтрыманьне рэдказёмаў у адкідах таго ж Гомельскага хімкамбінату перавышае тое, што можна зь вялікімі выдаткамі паспрабаваць здабыць зь нетраў Гомельскай вобласьці. Пры гэтым усё навідавоку — бяры і перапрацоўвай. Па ўтрыманьні рэдказёмаў гэтая сыравіна цалкам параўнальная з апатытафілінавымі рудамі Ваўчанскага радовішча ва Ўкраіне.
Цікавы факт: адпрацаванае ядзернае паліва — таксама выдатная крыніца рэдказямельных мэталаў, калі навучыцца іх вылучаць. Магчыма, менавіта гэта меў на ўвазе Лукашэнка, калі ў верасьні 2022 году заявіў, што адпрацаванае ядзернае паліва — гэта небясьпечны прадукт, але вельмі каштоўная сыравіна.
Адпрацаванае ядзернае паліва — выдатная крыніца рэдказямельных мэталаў
Напомню, што афіцыйна Беларусь па дамоўленасьці з Расеяй павінна перадаваць ёй усё адпрацаванае ядзернае паліва для вылучэньня важных хімічных элемэнтаў, а затым атрымліваць сьмецьце, але ўжо ў выглядзе зусім бескарысных радыяактыўных адкідаў.
Навукоўцы Беларускай акадэміі навук цягам дзесяцігодзьдзяў спрабавалі зьвярнуць увагу ўладаў на тое, што ёсьць «жывое золата», якое ляжыць на паверхні і патрабуе мінімальнага ўдзелу геолягаў дзеля яго здабычы і перапрацоўкі. Гэта адкіды Гомельскага хімічнага камбінату. Там добрая канцэнтрацыя многіх рэдказямельных элемэнтаў. Але ўлады не лічылі патрэбным інвэставаць у дасьледаваньні нават мінімальныя сумы.
Тым часам маглі быць вырашаныя два пытаньні: здабыча рэдказёмаў і экалёгія. Але гэта нікому не было патрэбна. Толькі некалькі чалавек, магчыма, цікавіліся гэтай тэмай у рамках Акадэміі навук яшчэ да пачатку рэпрэсіяў. А цяпер, калі пытаньне паднялі на палітычным узроўні, усе раптам заклапаціліся і пачалі гаварыць пра гэтыя радовішчы, якія выглядаюць сьмешна ў параўнаньні з тымі запасамі, што ёсьць у адкідах Гомельскага хімічнага заводу.
Відавочна, што проста няма спэцыялістаў, здольных прапанаваць і данесьці да Лукашэнкі гэтую ідэю: што Беларусь можа прадаваць свае адкіды, а не спрабаваць капаць нетры.
Форум