Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомая гарамадзкая і культурная дзяячка Віцебшчыны Ада Райчонак у 84 гады адужала каранавірус


Ада Райчонак (у цэнтры) у Віцебскім музэі, 2018 год.
Ада Райчонак (у цэнтры) у Віцебскім музэі, 2018 год.

Грамадзкія актывісты Віцебшчыны называюць Аду Райчонак «маці віцебскай дэмакратыі».

Заснавальніца Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, арганізатарка шматлікіх краязнаўчых канфэрэнцыяў і пленэраў, стваральніца двух музэяў, вядомая грамадзкая актывістка зь вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёну 10 красавіка адзначае сваё 84-годзьдзе.

Апошнія тыдні Ада Райчонак лечыцца ад каранавіруснай інфэкцыі ў Наваполацкай лякарні. Хваробу яна перанесла ў цяжкай форме, на мінулым тыдні была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Але адужала вірус і пайшла на папраўку.

Падчас хваробы Ады Райчонак яе напаткала гора: у Германавічах памёр яе старэйшы сын Аляксандар.

Ада Райчонак нарадзілася ў Віцебску, у час вайны загінуў яе бацька. Разам з маці маленькай дзяўчынцы давялося перажыць гады акупацыі, віцебскае гета і канцлягер.

Пасьля вайны сям’я пасялілася ў Полацку. Там у 1957 годзе Ада Райчонак скончыла пэдвучэльню. У 1965 годзе скончыла завочна філялягічны факультэт Пскоўскага пэдінстытуту. У 1971 годзе разам з мужам пераехала ў вёску Германавічы Шаркоўшчынскага раёну, дзе жыве і дагэтуль. Працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры ў мясцовай школе, займалася краязнаўствам. Шмат гадоў аддала зьбіраньню і прапагандзе спадчыны мастака, этнографа і асьветніка Язэпа Драздовіча.

Разам з сынам Міхасём, які пайшоў з жыцьця ў 25 гадоў, стварыла ў сваёй вёсцы два музэі — дзякуючы Адзе Райчонак вёска мае Музэй мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны Літаратурна-мастацкі музэй імя Міхася Райчонка.

У 1996 годзе грамадзкая арганізацыя «Культурна-адукацыйны цэнтар імя Драздовіча» правяла першы Драздовіцкі мастацкі пленэр. Ад таго часу яны праводзяцца рэгулярна.

У чэрвені 2010 году Адзе Райчонак стала ляўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», у 2018 годзе была ўзнагароджаная мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG