Гэта вынікае з штогадовага дакладу экспэртаў Лязанскага ўнівэрсытэту, падрыхтаванага для Рады Эўропы.
Беларусь у гэтым дакладзе ня згадваецца, бо не ўваходзіць у Раду Эўропы. Аднак, паводле парталу World Prison Brief, Беларусь да мінулага году паводле колькасьці зьняволеных займала трэцяе месца на эўрапейскім кантынэнце — 343 вязьні на 100 тысяч чалавек. 5 гадоў таму гэтая лічба складала 306. Сьвежых лічбаў пакуль няма.
Што тычыцца колькасьці вязьняў на 100 тысяч насельніцтва паводле зьвестак на 2019 год — студзень 2020 году, у топе эўрапейскага сьпісу знаходзяцца Турэччына (357 зьняволеных на 100 000 жыхароў) і Расея (356 на 100 000). Гэтыя паказьнікі ў тры з лішнім разы вышэйшыя за сярэдні эўрапейскі (102,5 зьняволенага на 100 000 жыхароў).
Самае малалікае турэмнае насельніцтва ў Ісьляндыі (45 на 100 000), Фінляндыі (50 на 100 000), Нідэрляндах і Нарвэгіі (59 на 100 000).
За што найчасьцей сядзяць у Эўропе
- злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі (17,7%)
- крадзяжы (13%)
- забойствы, у тым ліку спробы (12%)
- гвалт, напады, рабункі, сэксуальныя злачынствы (4%)
Разьлікі Лязанскага ўнівэрсытэту грунтуюцца на афіцыйных зьвестках, атрыманых ад турэмных адміністрацый. Зьвесткі для апублікаванай 8 красавіка справаздачы далі 48 турэмных адміністрацый з 47 краінаў-чальцоў Рады Эўропы.
Унівэрсытэт не зьбіраў зьвестак пра вязьняў спрэчных тэрыторый, непрызнаных і часткова прызнаных дзяржаваў — Крыму, Прыднястроўя, Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі, Нагорнага Карабаху, а таксама залежных і заморскіх тэрыторый — дацкіх Фарэрскіх астравоў, брытанскіх астравоў Джэрсі, Гернсі і Мэн, а таксама Гібралтару.