Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляшчэня: Ад заходняга «крыла» дыпляматыі засталася толькі пара пёркаў


МЗС Беларусі
МЗС Беларусі

Якія наступствы будзе мець патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі скараціць дыпляматычную прысутнасьць Беларусі ў шэрагу краінаў? Якіх менавіта краінаў гэта будзе тычыцца? Ці прыедзе ў Менск амбасадарка ЗША Джулі Фішэр? Ці падпіша Лукашэнка «дарожныя мапы» інтэграцыі з Расеяй?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць былыя дыпляматы Ігар Ляшчэня і Павал Мацукевіч.

У аўторак Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Наш шматгадовы досьвед сьведчыць, што ў шэрагу краін пэрспэктывы беларускай дыпляматычнай прысутнасьці не праглядаюцца. Дык навошта нам захоўваць свае амбасады, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманьне? Да чаго там поўны штат дыпляматаў, якія адказваюць за напрамкі, пастаўленыя на паўзу? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасьці, як нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой».

Лукашэнка лічыць, што «прынцыповыя пытаньні можна абмяркоўваць на пляцоўках ААН ці іншых міжнародных арганізацый у Нью-Ёрку, Жэнэве або Вене. На яго думку, няма неабходнасьці трымаць палітычных дарадцаў у краінах, якія замарозілі кантакты «ў сілу сваіх перадузятасьцяў або вядуць дэструктыўную дзейнасьць».

Ляшчэня

  • Беларусь на постсавецкай прасторы была заканадаўцам моды ў сэнсе зьвязкі працы амбасадараў з эканамічнымі, гандлёвымі паказьнікамі.
  • І ў мінулым часта зьмены ў сыстэме МЗС адбываліся ў рэчышчы патрабаваньняў больш эфэктыўнай працы дыпляматаў у прасоўваньні гандлёвых інтарэсаў. І пэўная рацыя ў гэтым была.
  • Ад заходняга «крыла» беларускай замежнай палітыкі засталося толькі некалькі пёркаў.
  • У цяперашніх указаньнях Лукашэнкі больш палітыкі, але калі будуць скарачэньні на афрыканскім і азіяцкім кірунках, то матывы гэтага будуць непалітычныя.
  • Не хацелася б, каб Славаччыну пакаралі за тое, што там амбасадарам быў я.
  • Новая амбасадарка ЗША сама ня будзе надта імкнуцца пакідаць Вільню.
  • Амэрыканцы намякаюць на тое, што амбасадарка ў Беларусі знаходзіцца побач з палітыкам, якая перамагла на выбарах.
  • Немагчыма выслаць амбасадара, калі ён не прысутнічае на тэрыторыі краіны.
Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня
  • Моц амэрыканскіх санкцыяў — у іх больш шырокім узьдзеяньні, у ланцужку эфэкту санкцыяў другога і наступных узроўняў.
  • Калі я працаваў у Ізраілі, там даволі буйная фірма хацела заключыць угоду зь беларускім партнэрам
  • А ў той ізраільскай фірме — часткова амэрыканскі капітал, і атрымалася, што гэтая ізраільская фірма мусіла выконваць амэрыканскія санкцыі.
  • Я ня думаю, што ў сэнсе інтэграцыі з РФ справа дойдзе да падпісаньня нечага радыкальнага палітычна.
  • Пасьля прапановы Мядзьведзева ў канцы 2018 году аб паглыбленьні інтэграцыі пазыцыя Менску была даволі пасьлядоўнай — мы супраць паглыбленьня палітычнай інтэграцыі, але ў эканамічнай інтэграцыі мы пойдзем да канца.
  • Без расейскіх грошай мы ня можам.
  • Ёсьць асаблівыя адносіны з Расеяй, і любы новы прэзыдэнт будзе ад гэтага танчыць.
  • Дастаткова стаць часткай адзінага гаспадарчага арганізму з Расеяй, і ўсе атрыбуты беларускай незалежнасьці стануць вельмі ўмоўныя.

Мацукевіч

  • Я выключаю, што будзе істотна скарочаная дыпляматычная прысутнасьць у такіх краінах, як Нямеччына і Францыя.
  • Гледзячы па ўсім, размова ідзе пра скарачэньне штатаў палітычных дарадцаў амбасадаў.
  • Іх і так у нас было няшмат, гэта быў від дыпляматаў, які зьнікае.
  • Гэта сыгнал таго, што афіцыйны Менск ня мае патрэбы ні ў якім дыялёгу.
  • Нашая дыпляматычная служба ператвараецца фактычна ў тавараправодную сетку.
  • Я вельмі сумняваюся, што амэрыканскі амбасадар прыедзе ў Беларусь, а беларускі — у ЗША.
  • Малаімаверна, што беларускія ўлады пойдуць на нейкія саступкі і некага вызваляць з-за кратаў.
  • Зыходзячы з асабістых адносінаў мы ў свой час прыйшлі ў Вэнэсуэлу і дагэтуль ня можам вынесьці адтуль ногі.
  • Калі б мапа дыпляматычнай прысутнасьці фармавалася, зыходзячы зь нацыянальных інтарэсаў, яна была б зусім іншай.
  • Ад размарозкі амэрыканскіх санкцыяў вельмі моцна пацярпіць эканоміка Беларусі.
  • Ці будзе брацца пад увагу гэты чыньнік? Я мяркую, што не.
Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч
  • Што Лукашэнка залежны ад падтрымкі Крамля — няма сумневаў, гэтая падтрымка дапамагла яму летась утрымацца ва ўладзе.
  • Але ці ёсьць выбар у Крамля, заходзячы з расейскіх нацыянальных інтарэсаў, ці могуць яны не дапамагаць яму?
  • У жніўні летась ён быў прыціснуты да сьценкі рабочымі МЗКЦ, ён мог перасоўвацца па Менску толькі на гелікоптэры.
  • У лютым ён мог дазволіць сабе знаходзіцца ў Сочы тыдзень.
  • Цяпер ён адчувае сябе дастаткова свабодна.
  • Маніпуляцыі з «дарожнымі мапамі» інтэграцыі для гульні на публіку будуць працягвацца.
  • Але пытаньне іх падпісаньня беларускі бок будзе зацягваць.
  • Лукашэнка ў жніўні плянуе паехаць у Прымор’е не як кіраўнік Паўночна-Заходняга краю, а як кіраўнік сувэрэннай дзяржавы.
  • Час гуляе на Лукашэнку, унутраная сытуацыя ў Расеі мяняецца.
  • У беларускіх уладаў ёсьць разьлік на дэстабілізацыю сытуацыі ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG