Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя не атрымалі ад журналіста Івашына ніводнага ліста


Дзяніс Івашын, архіўнае фота
Дзяніс Івашын, архіўнае фота

Журналіст Дзяніс Івашын амаль месяц сядзіць у СІЗА горадзенскай турмы. Ён расьсьледаваў, як былыя ўкраінскія бэркутаўцы ўладкоўваюцца на працу ў беларускі АМАП.

Як расказала жонка затрыманага журналіста Вольга Івашына, Дзяніс спачатку сядзеў адзін у камэры. Прыкладна 2 тыдні таму яго перавялі ў камэру зь яшчэ двума вязьнямі. Наколькі вядома сваякам, сукамэрнікі не «палітычныя».

«Дзяніс нават павесялеў, што не аднаму цяпер сядзець», — кажа жонка.

Па здароўі ён адчувае сябе нармальна. На ўмовы цяпер ня скардзіцца. Раней у яго была халодная камэра, дзе не зачынялася фортка.

Перадачы Івашыну перадаюць. Акрамя звычайных побытавых рэчаў, ён прасіў прысмакі на Вялікдзень і сала.

«Велікодныя яйкі нават не спрабавалі перадаць, бо іх не бяруць», — тлумачыць Вольга.

Гадзіньнік на руку пакуль не ўдалося перадаць праз турэмныя абмежаваньні.

Вядома, што лісты да палітвязьня даходзяць, і ад сваякоў, і ад сяброў. Але ад яго на волю пакуль нічога не прыйшло.

Сьледчыя дзеяньні з Івашыным вялі толькі на самым пачатку. Ён адмовіўся даваць паказаньні.

Справа Івашына. Галоўнае

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачаньне па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязанае зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время» з нагоды гэтай ягонай працы.

Дзянісу Івашыну 41 год, жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці InformNapalm, якая займаецца дасьледаваньнем уплыву расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, праз што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.

Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG